1 І засьпяваў Давід словы гэтае песьні ГОСПАДУ ў дзень, калі вызваліў яго ГОСПАД з рук усіх ворагаў ягоных і з рукі Саўла.
2 І ён сказаў: «ГОСПАД – скала мая і замчышча маё, Ён — Збаўца мой.
3 Бог мой, скала мая, у якой хаваюся, шчыт мой, рог збаўленьня майго! Ты — прыстанішча маё і Абаронца мой, Збаўца мой, ад гвалту Ты вызваліў мяне.
4 Паклічу я ГОСПАДА, Які годны хвалы, і буду вызвалены ад ворагаў маіх.
5 Ахапілі мяне хвалі сьмерці, віры небяспечныя стрывожылі мяне,
6 путы пякельныя аплялі мяне, і петлі сьмяротныя душаць мяне.
7 У горы маім клікаў я ГОСПАДА і галасіў да Бога майго. І пачуў Ён кліч мой са сьвятыні Сваёй, і голас мой дайшоў да вушэй Ягоных.
8 І дрыжучы, задрыжэла зямля, і падваліны нябесныя зварухнуліся і захісталіся, бо ўгнявіўся Ён.
9 Узьняўся дым ад гневу Ягонага і агонь палючы — з вуснаў Ягоных; вуглі распаленыя сыпаліся ад Яго.
10 Нахіліў Ён нябёсы, і зыйшоў, і імгла пад нагамі Ягонымі.
11 Ён сеў на херувіма, і паляцеў, і ўзьнёсся на крылах ветру.
12 І ахінуўся ў цемру, як заслону, цёмнымі водамі і густымі хмарамі ахутаў Сябе.
13 Ад бляску перад Ім загарэлася вугольле агністае.
14 І загрымеў у небе ГОСПАД, Найвышэйшы даў пачуць голас Свой.
15 Ён пусьціў стрэлы Свае і разагнаў іх, мноствам маланак напалохаў іх.
16 І адкрыліся глыбіні мора, і выявіліся падваліны сусьвету ад гневу Твайго, ГОСПАДЗЕ, ад подыху духу гневу Твайго.
17 Выцягнуў Ён [руку] з вышыні і схапіў мяне, і выцягнуў мяне з глыбіняў водных,
18 і выратаваў Ён мяне ад ворага магутнага, і ад тых, што ненавідзяць мяне, бо яны дужэйшыя за мяне.
19 Яны нахлынулі на мяне ў дзень няшчасьця майго, але ГОСПАД стаўся для мяне абаронаю.
20 І вывеў Ён мяне на прасторнае месца, уратаваў Ён мяне, бо любіць мяне.
21 І аднагародзіў мне ГОСПАД за праведнасьць маю, за чыстасьць рук маіх аддзячыў Ён мне,
22 бо трымаўся я шляхоў ГОСПАДА, і не дапускаўся грэху перад Богам маім.
23 Бо ўсе прыказаньні Ягоныя я меў перад вачыма і наказаў Ягоных не адпіхнуў ад сябе,
24 Але быў перад Ім беззаганны, і беззаконьня высьцерагаўся.
25 І аднагародзіў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, і паводле чыстасьці рук маіх перад вачыма Ягонымі.
26 Для справядлівага і Ты справядлівы, і для беззаганнага Ты беззаганны,
27 для чыстага сэрцам і Ты чысты сэрцам, а для крывадушнага і Ты падступны,
28 бо людзей прыгнечаных Ты ратуеш, а вочы пыхлівыя паніжаеш.
29 Ты, ГОСПАДЗЕ, — сьветач мой, Бог мой асьвятляе цемру маю.
30 Бо з Табою я атакую войска варожае, і з Богам маім узыйду на муры.
31 Бог, беззаганны шлях Ягоны, слова ГОСПАДА агнём ачышчана, Ён — шчыт для ўсіх, хто на Яго спадзяецца.
32 Хто Бог, апрача ГОСПАДА? Хто абарона, апрача Бога нашага?
33 Бог, Які падперазаў мяне сілаю і робіць шлях мой беззаганным.
34 Ён робіць ногі мае, як у аленя, і на высачыні ставіць мяне.
35 Ён навучае рукі мае для бітвы, а рамёны мае напінаюць мядзяны лук.
36 Ты даў мне шчыт збаўленьня Твайго, і ласка Твая ўзьвялічвае мяне.
37 Ты пашырыў крокі мае, і не хістаюцца ногі мае.
38 Я перасьледаваў ворагаў маіх, і даганяў іх, і не вяртаўся, пакуль ня зьнішчыў іх.
39 Я зьнішчыў іх так, што не маглі падняцца, і падалі пад ногі мае.
40 Ты падперазаў сілай для бітвы, і тых, што паўсталі супраць мяне, кінуў пад ногі мае.
41 Ты прымушаў уцякаць ворагаў маіх, і ненавісьнікаў маіх разагнаў.
42 І крычалі яны, але ніхто іх ня збавіў. І клікалі ГОСПАДА, але Ён не адказаў ім.
43 Я расьцярушыў іх як пыл зямлі, як балота на вуліцы таптаў я іх.
44 Ты выратаваў мяне ад звадак людзей, і паставіў мяне за галаву плямёнам. Людзі, якіх я ня ведаў, будуць служыць мне.
45 На вестку пра мяне яны паслухмяныя мне, і сыны чужынцаў падпарадкаваліся мне.
46 Чужынцы млеюць і дрыжаць у агароджах сваіх.
47 Жыве ГОСПАД, дабраслаўленая скала мая. Няхай узвысіцца Бог збаўленьня майго.
48 Бог, Які адпомсьціў за мяне і Які падпарадкаваў народы мне,
49 Які вызваліў мяне ад ворагаў маіх, і ўзьнёс мяне па-над тымі, што паўсталі супраць мяне, ад чалавека злачыннага вызваліў мяне.
50 Дзеля гэтага буду славіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сярод народаў, і псальмы сьпяваць на славу імя Твайго,
51 бо Ты даў вялікія перамогі валадару Твайму і зьявіў міласэрнасьць памазанцу Твайму, Давіду і насеньню ягонаму на вякі».
Другая кніга Самуэля, 22 глава