Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Самуэля | 2 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Пасьля тых падзеяў раіўся Давід з ГОСПАДАМ: «Ці маю пайсьці ў адзін з гарадоў Юдэйскіх?» І ГОСПАД яму сказаў: «Ідзі». Давід спытаўся: «Куды маю ісьці?» І ГОСПАД адказаў яму: «У Хебўрон».
2 І пайшоў туды Давід разам з дзьвюма жонкамі сваімі, Ахінаамай з Езрээлю і Абігайль, колішняй жонкай Наваля з Кармэлю.
3 Павёў ён разам людзей сваіх, якія з ім былі, кожнага з сям’ёй сваёй, і абжыліся яны ў гарадах Хеўрону.
4 І прыйшлі людзі Юды, і памазалі там Давіда, каб ён валадарыў над домам Юды. І павядомлена было Давіду, што жыхары Ябэшу ў Гілеадзе пахавалі Саўла.
5 І паслаў Давід весьнікаў да жыхароў Ябэшу, каб сказалі яны ім: «Будзьце дабраслаўлеёныя ГОСПАДАМ, бо вы зьявілі міласэрнасьць гаспадару вашаму, Саўлу, бо вы пахавалі яго.
6 Няхай за гэта ГОСПАД зьявіць вам міласэрнасьць і праўду, але і я аднагараджуся вам за тое, што вы так учынілі.
7 Няхай цяпер будуць дужымі рукі вашыя, і вы будзьце адважнымі, бо памёр гаспадар ваш Саўл, а мяне дом Юды памазаў на валадара сабе».
8 А Абнэр, сын Нэра, начальнік войска Саўла, узяў Ішбаала, сына Саўла, і прывёў яго ў Маханаім,
9 і паставіў яго валадаром над Гілеадам, і над Ашэрам, і над Езрээлем, і над Эфраімам, і над Бэн’ямінам, і над усім Ізраілем.
10 Ішбаал, сын Саўла, меў сорак гадоў, калі пачаў валадарыць над Ізраілем, і валадарыў ён два гады. Толькі дом Юды прызнаваў [за валадара] Давіда.
11 Сем з паловай гадоў валадарыў Давід над домам Юды, і жыў ён у Хеўроне.
12 Абнэр, сын Нэра, і слугі Ішбаала, сына Саўла, з Маханаіму выйшлі ў Гібэон.
13 Таксама Ёаў, сын Цэруі, і слугі Давіда выйшлі і спаткаліся з імі каля сажалкі Гібэонскай. І калі сустрэліся, адны сталі на адным баку сажалкі, а другія — на другім баку сажалкі.
14 І сказаў Абнэр Ёаву: «Няхай юнакі ўстануць і няхай пагуляюць перад намі». Ёаў сказаў: «Няхай устануць».
15 І ўсталі, і пайшлі дванаццаць Бэн’ямінцаў з боку Ішбаала, сына Саўла, і дванаццаць юнакоў з боку Давіда.
16 І схапіў кожны свайго супраціўніка за галаву, і ўсадзіў меч у бок ягоны, і паваліліся разам. І названае было месца тое Хелкат-Гаццурым, што ў Гібэоне.
17 І пачалася ў той дзень вельмі страшная бойка, у якой Абнэр і людзі Ізраіля былі пераможаныя ваярамі Давіда.
18 Былі там таксама тры сыны Цэруі: Ёаў, Абішай і Асаэль. І Асаэль быў вельмі хуткім у нагах, як сарна ў полі.
19 І пагнаўся Асаэль за Абнэрам, і не зварочваў ані направа, ані налева, перасьледуючы яго.
20 І аглянуўся Абнэр назад, і спытаўся: «Ці гэта ты, Асаэль!?» Ён адказаў: «Я».
21 І сказаў яму Абнэр: «Павярніся направа ці налева і схапі аднаго з юнакоў, і вазьмі сабе здабычу з яго». Але Асаэль не хацеў адступіцца ад яго.
22 І зноў сказаў Асаэлю Абнэр: «Адступіся, бо буду змушаны прыбіць цябе да зямлі, і тады не змагу падняць аблічча майго перад Ёавам, братам тваім».
23 Але той не хацеў слухаць яго і спыніцца. І Абнэр, павярнуўшы дзіду, ударыў яго ў жывот; і дзіда прайшла яго наскрозь, і ён памёр там. І ўсе, хто праходзіў праз тое месца, дзе ўпаў Асаэль і памёр, затрымоўваліся.
24 І перасьледавалі Ёаў і Абішай Абнэра. Сонца ўжо зайшло, калі яны прыйшлі да ўзгорышча Амма, якое побач Гіяху, пры дарозе ў пустыню Гібэонскую.
25 І сабраліся Бэн’ямінцы вакол Абнэра, творачы адну дружыну, і затрымаліся на вяршыні ўзгорка.
26 Адтуль закрычаў Абнэр да Ёава і сказаў: «Ці аж да вынішчэньня будзе выцягнуты меч твой? Ці ты ня ведаеш, што вынікі будуць горкімі? Чаму ты не загадаеш народу, каб ён перастаў перасьледаваць братоў сваіх?»
27 Ёаў адказаў: «На жыцьцё Бога, каб ты не казаў інакш, то яшчэ зранку перасталі б людзі перасьледаваць братоў сваіх».
28 І Ёаў затрубіў у трубу, і спынілася ўсё войска, і не перасьледавалі болей Ізраіля, і больш ужо не ваявалі.
29 А Абнэр і ваяры ягоныя ішлі ўсю ноч праз Арабу, перайшлі Ярдан, і прайшоўшы ўвесь Бітрон, прыйшлі ў Маханаім.
30 І вярнуўся Ёаў з пагоні за Абнэрам, і сабраў увесь народ, і сярод слугаў Давіда не хапала дзевятнаццаці чалавек, акрамя Асаэля.
31 А ваяры Давіда забілі трыста шэсьцьдзесят Бэн’ямінцаў і людзей, што былі з Абнэрам, якія памерлі.
32 І ўзялі яны Асаэля, і пахавалі яго ў магіле бацькі ягонага, што ў Бэтлееме. Потым Ёаў і ваяры ягоныя ішлі ўсю ноч і на самым сьвітаньні дайшлі да Хеўрону.

Другая кніга Самуэля, 2 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.