Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Самуэля | 12 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І паслаў ГОСПАД Натана да Давіда, і ён, прыйшоўшы да яго, сказаў: «У адным горадзе жыло двое людзей, адзін быў багаты, а другі — бедны.
2 Багаты меў вельмі шмат авечак і валоў.
3 А бедны ня меў нічога, апрача аднае малой авечачкі, якую купіў. Ён карміў яе, і яна расла пры ім разам з дзецьмі ягонымі, разам ела хлеб ягоны і піла з кубка ягонага, спала каля яго і была яму быццам дачка.
4 Аднойчы прыйшоў госьць да багатага, але яму было шкада браць з авечак сваіх і валоў, каб прыгатаваць ежу падарожніку, які прыйшоў да яго. І ўзяў ён авечку беднага чалавека, і прыгатаваў страву чалавеку, які прыйшоў да яго».
5 І Давід запалаў гневам на чалавека таго і сказаў Натану: «На жыцьцё ГОСПАДА, варты сьмерці той чалавек, які так зрабіў.
6 А за авечку няхай аднагародзіцца ў чатыры разы за тое, што так зрабіў і што не пашкадаваў яго».
7 І сказаў Натан Давіду: «Ты — той чалавек! Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я памазаў цябе на валадара над Ізраілем і выратаваў цябе з рукі Саўла,
8 і даў табе дом гаспадара твайго і жонкі гаспадара твайго на ўлоньне тваё, і аддаў табе дом Ізраіля і Юды, а калі яшчэ гэтага табе замала, дадаў бы табе яшчэ болей.
9 Дык чаму ты ўзгардзіў словам ГОСПАДА і дапусьціўся гэтага злачынства перад Ім? Урыю Хетыта ты забіў мячом, а жонку ягоную ўзяў сабе за жонку. Мужа ейнага забіў мячом сыноў Амона.
10 Таму вось меч не адступіць ад дому твайго на вякі за тое, што ты ўзгардзіў Мною і ўзяў жонку Урыі Хетыта, каб была жонкай тваёй”.
11 Таму вось што кажа ГОСПАД: “Вось, Я навяду на цябе бяду, якая выйдзе з дому твайго, і вазьму жонкі твае на вачах тваіх, і перадам іх бліжняму твайму, і будзе ён спаць з жонкамі тваімі пад гэтым сонцам.
12 Ты зрабіў гэта патаемна, а Я зраблю гэта перад абліччам усяго Ізраіля і перад абліччам сонца».
13 І сказаў Давід Натану: «Саграшыў я перад ГОСПАДАМ!» І сказаў Натан Давіду: «ГОСПАД зьняў з цябе грэх, ты ня будзеш пакараны сьмерцю.
14 Але, як ты даў праз гэта магчымасьць блявузгаць ворагам ГОСПАДА, дык сын, які народзцца ў цябе, памрэ».
15 І Натан вярнуўся ў дом свой, а ГОСПАД паразіў дзіця, якое нарадзіла жонка Урыі Давіду, і яно цяжка захварэла.
16 І прасіў Давід ГОСПАДА за дзіця, і посьціў, і ўваходзіў у дом, і начаваў, лежачы на зямлі.
17 І прыйшлі старэйшыя дому ягонага да яго, каб падняць яго з зямлі, але ён не хацеў, і ня еў хлеб з імі.
18 Ў сёмы дзень памерла дзіцятка, і слугі Давіда баяліся паведаміць яму, што дзіця памерла, бо гаварылі яны: «Калі яшчэ дзіця жыло, гаварылі мы да яго, але ён не хацеў слухаць голасу нашага. А цяпер як можам сказаць: “Дзіця памерла”. Можа зрабіць ён [сабе] што благое».
19 Калі Давід спасьцярог, што слугі гавораць між сабою паціху, зразумеў, што дзіця памерла. І спытаўся ён слугаў сваіх: «Ці памерла дзіця?» Тыя адказалі: «Памерла».
20 І падняўся Давід з зямлі, памыўся, намасьціўся, зьмяніў адзеньне, і ўвайшоў у дом ГОСПАДА, і пакланіўся. Пасьля вярнуўся у дом свой і запатрабаваў, каб далі яму хлеб, і еў.
21 І сказалі яму слугі ягоныя: «Як гэта робіш? Пакуль яшчэ дзіця жыло, дзеля дзіцяці посьціў ты і плакаў, а калі дзіця памерла, ты ўстаў і еў хлеб?»
22 Валадар адказаў: «Пакуль дзіця жыло, я дзеля дзіцяці посьціў і плакаў, бо я казаў сабе: “Хто ведае, можа, ГОСПАД зьлітуецца нада мной, і дзіця будзе жыць?”
23 А цяпер, калі дзіця памерла, навошта маю посьціць? Ці ж я змагу яго вярнуць? Я пайду да яго, але яно да мяне ня вернецца».
24 І спаўчуваў Давід жонцы сваёй Батшэве, і ўвайшоў да яе, і спаў з ёю. І яна нарадзіла яму сына, і ён даў яму імя Салямон. І ГОСПАД палюбіў яго,
25 і паслаў да яго, і праз прарока Натана даў яму імя Едыдыя па загаду ГОСПАДА.
26 А Ёаў працягваў ваяваць супраць Раббы сыноў Амона, і здабыў горад сталічны.
27 І паслаў Ёаў весьнікаў да Давіда, паведамляючы: «Я ваяваў супраць Раббы і здабыў Горад водаў.
28 І ты цяпер зьбяры рэшту народу, і стань аблогаю вакол гораду, і вазьмі яго, бо калі я здабуду горад, ці ж не імем маім будзе ён названы?»
29 І Давід сабраў увесь народ, і пайшоў на Раббу, і ваяваў супраць яе, і здабыў яе.
30 І зьняў ён з галавы Мільхома дыядэму вагой у талент золата, якая мела вельмі каштоўны камень, і аздобіла яна галаву Давіда. Таксама вынес ён з гораду вельмі вялікую здабычу.
31 А народ, які ў ім быў, ён вывеў і паклаў пад пілы, ламы і жалезныя сякеры, а таксама загнаў іх у печы цагельныя. Так учыніў ён з усімі гарадамі Аманіцкімі. І вярнуўся Давід з усім войскам у Ерусалім.

Другая кніга Самуэля, 12 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.