Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Самуэля | 11 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І сталася праз год, у той час, калі валадары звычайна выходзяць на войны, Давід выправіў Ёава і слугаў сваіх і разам усяго Ізраіля, і яны спустошылі сыноў Амона і аблажылі Раббу. А Давід застаўся ў Ерусаліме.
2 І сталася вечарам, што Давід падняўся з ложку свайго і шпацыраваў на даху дома валадарскага. І ўбачыў ён з даху жанчыну, якая мылася, і яна была вельмі прыхожая.
3 І валадар паслаў выведаць, што гэта за жанчына. І паведамілі яму, што гэта Батшэва, дачка Эліяма, жонка Урыі Хэтыта.
4 І паслаў Давід весьнікаў, і ўзяў яе. І яна пайшла да яго, і ён спаў з ёю. І яна ачысьцілася ад нячыстасьці сваёй, і вярнулася дадому.
5 І зачала тая жанчына, і паслала яна, і паведаміла валадару, кажучы: «Я зачала».
6 І Давід выправіў пасланца да Ёава: «Пашлі да мяне Урыю Хетыта». І паслаў Ёаў Урыю Хетыта да Давіда.
7 І прыйшоў Урыя да Давіда, і Давід спытаўся пра становішча Ёава і народу, і пра падзеі вайны.
8 І сказаў Давід Урыі: «Ідзі ў дом свой, і памый ногі твае». І выйшаў Урыя з дому валадарскага, а за ім панесьлі яму стравы са стала валадарскага.
9 Але Урыя спаў ля брамы дому валадара з іншымі слугамі гаспадара свайго і не пайшоў у дом свой.
10 І паведамілі Давіду: «Урыя не пайшоў у дом свой». І спытаў Давід у Урыі: «Ці ж ты не прыйшоў з дарогі? Чаму ж не заходзіш у дом твой?»
11 Урыя сказаў валадару Давіду: «Каўчэг, Ізраіль і Юда жывуць у намётах, таксама гаспадар мой Ёаў і слугі гаспадара майго ў полі, а я пайшоў бы ў дом свой есьці і піць, і спаць з жонкай сваёю? На жыцьцё ГОСПАДА і на жыцьцё тваё, гэтага я не зраблю».
12 І сказаў Давід Урыі: «Застанься тут сёньня, а заўтра я адпушчу цябе». І так застаўся Урыя ў Ерусаліме на той дзень, і на другі.
13 І паклікаў яго Давід, каб ён еў перад ім і піў, і напаіў яго. І выйшаў ён вечарам, і спаў на посьцілцы сваёй між слугаў гаспадара свайго, а ў дом свой не пайшоў.
14 Раніцаю напісаў Давід ліст да Ёава і паслаў яго праз Урыю.
15 У лісьце ён напісаў: «Пастаўце Урыю там, дзе будзе найцяжэйшы бой, і адыйдзіцеся ад яго, каб быў ён паранены і загінуў».
16 Ёаў абгледзеў горад, і паставіў Урыю ў месцы, пра якое ведаў, што ваявалі там ваяры адважныя.
17 І выйшлі з гораду людзі, і ваявалі супраць Ёава. І былі забітыя ў народзе слугі Давідавы, і быў таксама забіты Урыя Хетыт.
18 І паведаміў Ёаў праз весьнікаў Давіду ўсе падзеі бою гэтага.
19 І загадаў ён весьніку, кажучы: «Калі ты раскажаш валадару пра ўсе падзеі бою гэтага,
20 і ўбачыш, што валадар разгневаўся, і ён скажа табе: “Чаму вы так блізка пад горад падыходзілі ваяваць? Ці вы ня ведалі, што з муроў будуць кідаць у вас?
21 Хто забіў Абімэлеха, сына Еруббаала? Ці ж не жанчына, якая скінула на яго з муру камень млынавы, так што ён памёр у Тэбэце? Чаму вы падыходзілі пад мур?” І ты скажы: “Слуга твой Урыя Хетыт згінуў там”».
22 І пайшоў пасланец, і прыйшоў да Давіда, і расказаў Давіду ўсё, што яму загадаў Ёаў.
23 І сказаў весьнік Давіду: «Яны мелі перавагу над намі, і яны выйшлі супраць нас у поле, але мы перамаглі іх і перасьледавалі іх аж да брамы гораду.
24 І лучнікі пускалі ў слугаў тваіх стрэлы з муру, і загінулі слугі валадара, і слуга твой Урыя Хетыт загінуў таксама».
25 І сказаў Давід весьніку: “Скажы вось гэта Ёаву: “Не перажывай дзеля таго, што сталася, бо меч дасягае раз таго, другі раз іншага. Будзь мужны ў вайне супраць гораду, каб зьнішчыць яго”. Ты падбадзёр яго».
26 А жонка Урыі, пачуўшы, што загінуў муж ейны, Урыя, плакала дзеля яго.
27 Пасьля заканчэньня жалобы паслаў за ёй Давід, і ўвёў яе ў дом свой, і сталася яна жонкай ягонай, і нарадзіла яму сына. Але ГОСПАДУ не падабалася тое, што зрабіў Давід.

Другая кніга Самуэля, 11 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.