1 Юнак Самуэль служыў ГОСПАДУ пад наглядамі Гэлія. І слова ГОСПАДА было рэдкім у тых днях, і відзежаў не было.
2 І сталася, што аднаго дня Гэлій спаў на месцы сваім, а вочы ягоныя слабелі і ня мог бачыць.
3 А лямпа Божая не была яшче згасшы. Самуэль жа спаў у сьвятыні ГОСПАДА, дзе быў Каўчэг Запавету.
4 І паклікаў ГОСПАД Самуэля: «Самуэль, Самуэль». Ён у адказ сказаў: «Вось я».
5 І падбег да Гэлія, і сказаў: «Вось я, бо ты клікаў мяне». Ён сказаў: «Ня клікаў я цябе. Вяртайся і сьпi». І ён пайшоў, і лёг спаць.
6 Затым ГОСПАД зноў паклікаў: «Самуэль, Самуэль». Самуэль устаў і пабег да Гэлія другі раз, і сказаў: «Вось я, бо клікаў ты мяне». Ён адказаў: «Я ня клікаў цябе, сын мой. Вяртайся і кладзіся спаць».
7 Бо Самуэль не пазнаў яшчэ ГОСПАДА і не было яшчэ яму аб’яўлена слова ГОСПАДА.
8 Але ГОСПАД зноў паклікаў Самуэля трэйці раз. Ён падняўся і пабег да Гэлія, і сказаў: «Вось я, бо ты клікаў мяне». І зразумеў Гэлій, што ГОСПАД кліча юнака.
9 І ён сказаў Самуэлю: «Ідзі і кладзіся спаць, а калі зноў пакліча цябе хто, скажы: “Гавары, ГОСПАДЗЕ, бо слухае слуга Твой”». І вярнуўся Самуэль, і лёг спаць на месцы сваім.
10 І прыйшоў ГОСПАД, і стаў, і паклікаў як раней: «Самуэль, Самуэль!» А Самуэль адказаў: «Гавары, ГОСПАДЗЕ, бо слухае слуга Твой».
11 І сказаў ГОСПАД Самуэлю: «Вось, Я зраблю ў Ізраілі такое, што хто пра гэта пачуе, зазьвініць яму ў абодвух вушах.
12 У дзень той Я споўню над Гэліем ўсё, што прадказаў адносна дому ягонага, ад пачатку і да канца.
13 Я прадказаў яму, што буду судзіць дом ягоны на вякі дзеля грэху, бо ён ведаў, што сыны ягоныя зьневажаюць Бога, і не караў іх.
14 Дзеля таго Я прысягнуў дому Гэлія, што ня будзе ачышчана правіна дому ягонага ані крывавымі ахвярамі, ані ахвярамі хлебнымі, навечна».
15 І ляжаў Самуэль аж да раніцы, а потым адчыніў браму дому ГОСПАДА. І баяўся Самуэль сказаць Гэлію аб гэтым відзежы.
16 Але Гэлій паклікаў Самуэля і сказаў: «Самуэль, сын мой». Ён адказаў: «Вось я».
17 І запытаўся ў яго: «Што за слова, якое было сказана табе? Прашу, не ўтойвай ад мяне. Няхай гэта зробіць табе Бог і тое дадасьць, калі будзеш хаваць ад мяне нешта з таго, што сказана было табе».
18 І выявіў яму Самуэль усё сказанае, і ня ўтойваў ад яго. І Гэлій сказаў: «Ён — ГОСПАД! Няхай робіць, што добрае ў вачах Ягоных».
19 І рос Самуэль, і ГОСПАД быў з ім; з усіх словаў ягоных ніводнае ня ўпала на зямлю.
20 Так даведаўся ўвесь Ізраіль, ад Дану аж да Бээр-Шэбы, што Самуэль ёсьць сапраўдным прарокам ГОСПАДАВЫМ.
21 І працягваў ГОСПАД аб’яўляцца ў Шыло пасьля таго, як аб’явіў Сябе Самуэлю ў Шыло ў слове ГОСПАДА.
Першая кніга Самуэля, 3 глава