1 У тыя дні сабралі Філістынцы дружыны свае, каб прыгатаваць іх на вайну супраць Ізраіля. І Ахіш сказаў Давіду: «Ведай, што ты пойдзеш са мною ў табар, ты і людзі твае».
2 І сказаў Давід Ахішу: «Цяпер і ты даведаешся, што будзе рабіць слуга твой». А Ахіш адказаў Давіду: «Стаўлю цябе ахоўнікам галавы маёй на ўсе часы».
3 Самуэль памёр, і плакаў па ім увесь Ізраіль, і пахавалі яго ў горадзе ягоным, у Раме. А Саўл прагнаў варажбітоў і чараўнікоў з краіны.
4 Тым часам Філістынцы, сабраўшыся, прыйшлі і разлажыліся табарам у Шунэме. А Саўл сабраў ўсяго Ізраіля і разлажыўся табарам у Гільбоа.
5 І паглядзеў Саўл на табар Філістынцаў, і спалохаўся, і задрыжала ў ім сэрца.
6 І пытаўся ён ГОСПАДА, але Ён яму не адказаў, ані праз сон, ані праз урым, ані праз прарокаў.
7 І сказаў Саўл слугам сваім: «Пашукайце мне жанчыну, якая выклікае духі. Я пайду да яе і запытаюся праз яе». І паведамілі яму слугі ягоныя: «Ёсьць жанчына, якая выклікае духі, у Эндоры».
8 І зьмяніў Саўл адзеньне сваё, і апрануўся ў іншае адзеньне, і пайшоў сам, а разам з ім два мужчыны. І прыйшлі яны да тае жанчыны ноччу, і сказаў ёй Саўл: «Паваражы мне і выкліч мне таго, каго я табе скажу».
9 Жанчына сказала яму: «Ведаеш хіба, што зрабіў Саўл? Ён выгнаў варажбітоў і чараўнікоў з краіны. Чаму цікуеш ты на жыцьцё маё, хочучы выставіць мяне на сьмерць».
10 І Саўл прысягнуў на ГОСПАДА, кажучы: «На жыцьцё ГОСПАДА! Ня будзе табе нічога благога ў гэтай справе».
11 І спыталася ў яго жанчына: «Каго выклікаць табе?» Ён сказаў: «Выкліч мне Самуэля».
12 Калі жанчына ўбачыла Самуэля, усклікнула моцным голасам і сказала Саўлу: «Чаму ты мяне падмануў? Ты ж Саўл!»
13 І сказаў ёй валадар: «Ня бойся. Што ты бачыш?» А тая жанчына сказала Саўлу: «Бачу чалавека Божага, што выходзіць з зямлі».
14 І спытаўся ён: «Як выглядае?» Адказала яна: «Стары чалавек выходзіць, апрануты ў доўгую шату». І пазнаў Саўл, што гэта Самуэль, і ўпаў перад ім тварам да зямлі, і пакланіўся.
15 І сказаў Самуэль Саўлу: «Чаму ты не даеш мне супакою і выклікаеш мяне?» Саўл адказаў: «Я знаходжуся ў вялікім горы, бо Філістынцы ваююць супраць мяне, а Бог адступіўся ад мяне і не адказвае мне ані праз прарокаў, ані праз сон. Дык я паклікаў цябе, каб ты навучыў мяне, што я маю рабіць?»
16 І сказаў яму Самуэль: «Навошта ты пытаешся ў мяне, калі ГОСПАД адступіўся ад цябе, і стаўся ворагам тваім?
17 Зрабіў ГОСПАД так, як казаў праз мяне; Ён забраў валадарства з рукі тваёй і аддаў яго бліжняму твайму Давіду,
18 бо ты ня слухаў голас ГОСПАДА, і ня споўніў яраснага гневу Ягонага на Амалека. Дзеля таго, вось гэта ўчыніў табе ГОСПАД сёньня.
19 І аддасьць ГОСПАД Ізраіля разам з табою у рукі Філістынцаў. Заўтра ты і сыны твае будзеце са мною, таксама табар Ізраіля аддасьць ГОСПАД у рукі Філістынцаў».
20 І Саўл упаў усім целам на зямлю, і ахапіў яго жах на словы Самуэля, і пакінулі яго сілы, і ня еў ён хлеба увесь дзень той і ўсю тую ноч.
21 І падыйшла тая жанчына да Саўла, і спасьцярогшы, што ён быў надта перапалоханы, сказала яму: «Вось служка твая паслухала цябе, і аддала жыцьцё сваё ў рукі твае, бо я паслухалася загаду твайго, які ты мне даў.
22 Дык цяпер і ты паслухай голасу служкі сваёй. Я дам табе лусту хлеба, а ты зьеш, і паздаравееш, і зможаш выбрацца ў дарогу».
23 Але ён адмовіўся, кажучы: «Ня буду есьці». А слугі ягоныя і жанчына тая ўпрошвалі яго, і ён, паслухаўшы іх, падняўся з зямлі і сеў на ложку.
24 Жанчына тая мела кормнае цяля ў доме сваім, і яна пасьпешна зарэзала яго, і ўзяўшы муку і рашчыніўшы яе, напякла праснакоў.
25 І палажыла ўсё гэта перад Саўлам і перад слугамі ягонымі, і яны, пад’еўшы, сабраліся і адыйшлі ў тую самую ноч.
Першая кніга Самуэля, 28 глава