Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэля | 27 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І сказаў Давід у сэрцы сваім: «У нейкі дзень траплю я ў рукі Саўла. Ці ня лепш мне ўцячы і ратавацца ў зямлі Філістынцаў, каб перастаў Саўл у-ва ўсіх межах Ізраіля цікаваць на мяне, і я ўхілюся ад рук ягоных».
2 І сабраўся Давід, і пайшоў сам і шэсьцьсот чалавек разам з ім да Ахіша, сына Маоха, валадара Гату.
3 І абжыўся Давід з Ахішам у Гаце, сам і ваяры ягоныя кожны з сям’ёй сваёй, Давід з дзьвюма жонкамі сваімі, Ахінаамай з Езрээлю і Абігайль, жонкай Наваля з Кармэлю.
4 І паведамілі Саўлу, што Давід уцёк у Гат, і ён перастаў шукаць яго.
5 І сказаў Давід Ахішу: «Калі маю ласку ў вачах тваіх, дай мне месца ў адным з гарадоў зямлі гэтай, каб я мог абжыцца там. Навошта слуга твой мае жыць з табою ў горадзе валадара?»
6 І даў яму Ахіш у той дзень Цыкляг, і таму Цыкляг стаўся горадам валадароў Юдэйскіх аж да гэтага дня.
7 І жыў Давід у зямлі Філістынцаў год і чатыры месяцы.
8 І выходзіў Давід з людзьмі сваімі, і нападаў на Гешурцаў, на Гірзеяў і на Амалека. Гэтыя вось народы жылі на зямлі ад веку пры дарозе на Шур і аж да зямлі Эгіпту.
9 І пустошыў Давід тую зямлю, не пакідаючы жывымі ані мужчыны, ані жанчыны, і забіраў авечак і валоў, аслоў, вярблюдаў і адзеньне, і вяртаўся, і прыходзіў да Ахіша.
10 І пытаўся ў яго Ахіш: «На каго нападалі вы сёньня?» Давід адказваў: «На Нэгеў у Юдэі і на Нэгеў Ерхамээля, і на Нэгеў Кенейскі».
11 Ані мужчыны, ані жанчыны не ашчаджаў Давід, каб прыводзіць іх у Гат, бо казаў ён: «Каб часам не сказалі на нас: “Гэта зрабіў Давід”». І гэткія былі ўчынкі ягоныя ў-ва ўсе дні, калі ён жыў у краіне Філістынцаў.
12 І давяраў Ахіш Давіду, кажучы: «Стаўся ён ненавісным народу свайму, Ізраілю, таму будзе ён мне слугою вечна».

Першая кніга Самуэля, 27 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.