Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэля | 23 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І паведамілі Давіду: «Ці ведаеш, што Філістынцы напалі на Кейлю і рабуюць гумны».
2 І пытаўся Давід у ГОСПАДА: «Ці ісьці і перамагчы Філістынцаў гэтых?» І сказаў ГОСПАД Давіду: «Ідзі і нападзі на Філістынцаў гэтых, і вызвалі Кейлю».
3 Сказалі тады ваяры, што былі з Давідам: «Мы тут у Юдэі жывем у страху, і мы пойдзем у Кейлю на дружыны Філістынскія?»
4 І Давід зноў пытаўся ў ГОСПАДА, і ГОСПАД адказаў яму: «Уставай і ідзі на Кейлю, бо Я аддам Філістынцаў у рукі твае».
5 І пайшоў Давід і ваяры ягоныя на Кейлю, і ваявалі супраць Філістынцаў, і забралі жывёлу іхнюю, і ўчынілі ім вялікую паразу, і вызвалілі жыхароў Кейлі.
6 А калі Абіятар, сын Ахімэлеха, уцёк да Давіда, і калі разам з Давідам выбраўся ў Кейлю, ён прынёс з сабою эфод.
7 І паведамілі Саўлу, што Давід прыйшоў у Кейлю, і сказаў Саўл: «Аддаў яго Бог у рукі мае, бо ўваходзячы ў горад, які мае брамы і запоры, ён сам замкнуў сябе».
8 І склікаў Саўл увесь народ на вайну, каб ісьці ў Кейлю і аблягаць Давіда і ваяроў ягоных.
9 Калі даведаўся Давід, што Саўл патаемна рыхтуе яму зло, сказаў Абіятару сьвятару: «Прынясі сюды эфод».
10 І сказаў Давід: «ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, слуга твой чуў вестку, што Саўл мае намер прыйсьці ў Кейлю, каб зруйнаваць горад з маёй прычыны.
11 Дык ці аддадуць мяне жыхары Кейлі ў рукі ягоныя? Ці прыйдзе Саўл, як чуў слуга твой? ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, адкажы слузе твайму». І сказаў ГОСПАД: «Прыйдзе».
12 І спытаўся Давід: «Ці выдадуць мяне і ваяроў маіх жыхары Кейлі ў рукі Саўла?» ГОСПАД сказаў: «Выдадуць».
13 І ўстаў Давід і людзі яго лікам каля шасьцісот, і выйшлі з Кейлі, і хадзілі, дзе маглі. І паведамілі Саўлу, што Давід уцёк з Кейлі, і ён адклікаў выправу.
14 І быў Давід у пустыні ў недасягальных месцах, а потым затрымаўся ў гарах і ў пустыні Зіф. А Саўл шукаў яго ўвесь час, але Бог ня выдаў Давіда ў рукі ягоныя.
15 І даведаўся Давід, што Саўл вырушыў і цікуе на жыцьцё ягонае, а ён тым часам быў у пустыні Зіф у Харэшы.
16 І ўстаў Ёнатан, сын Саўла, і прыйшоў да Давіда ў Харэш, і ўмацаваў яго ў Богу,
17 кажучы яму: «Ня бойся, ня знойдзе цябе рука Саўла, бацькі майго, і ты будзеш валадарыць над народам Ізраіля, а я буду другім пасьля цябе. І вось Саўл, бацька мой, ведае гэта».
18 І абодва яны зьвязвалі сябе запаветам перад ГОСПАДАМ. І Давід застаўся ў Харэшы, а Ёнатан вярнуўся ў дом свой.
19 І пайшлі жыхары Зіфу да Саўла ў Гіву, і сказалі: «Давід хаваецца каля нас ў недасягальных мясьцінах у Харэшы, на ўзгорышчы Гахіля, на паўднёвым баку пустыні.
20 І цяпер, валадару, калі душа твая пажадае, прыходзь, а справай нашай будзе выдаць яго ў рукі валадара».
21 Адказаў Саўл: «Няхай дабраславіць вас ГОСПАД, бо вы спачуваеце мне.
22 Ідзіце і праверце ўсё яшчэ раз, і спраўней прыгатуйцеся, і агледзьце месца, дзе ён ходзіць і хто яго там бачыў. Бо казалі мне, што ён надта хітры.
23 Ідзіце і выведайце ўсе хованкі ягоныя, у якіх ён хаваецца, і вярніцеся да мяне, ведаючы месца, і я пайду тады з вамі. І калі ён будзе ў зямлі гэтай, я буду шукаць яго ў-ва ўсіх мясцовасьцях Юды».
24 Яны падняліся і пайшлі ў Зіф, папераджаючы Саўла. А Давід і людзі ягоныя былі ў пустыні Маон, у Арабе на поўдні пустыні.
25 І вось Саўл з людзьмі сваімі пайшоў шукаць Давіда. І паведамілі Давіду пра гэта, і ён накіраваўся да скалы ў пустыні Маон. А Саўл пачуў пра гэта і гнаўся за Давідам у пустыні Маон
26 І так ішоў Саўл па адным баку гары, а Давід з людзьмі сваімі былі на другім баку гары. І Давід пасьпешна ўцякаў перад Саўлам, а Саўл з людзьмі сваімі намагаўся атачыць Давіда і людзей ягоных, каб злавіць іх.
27 І прыйшоў весьнік да Саўла, і сказаў: «Сьпяшайся вярнуцца, бо Філістынцы напалі на зямлю».
28 І Саўл вярнуўся, і перастаў перасьледаваць Давіда, а выйшаў супраць Філістынцаў. Дзеля таго назвалі месца тое: “Сэля-Гаммахлекот”.

Першая кніга Самуэля, 23 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.