Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэля | 22 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І пайшоў Давід адтуль, і ўцёк у пячору Адулям. Калі пра гэта даведаліся браты ягоныя і ўвесь дом бацькі ягонага, усе пайшлі за ім туды.
2 І сабраліся да яго ўсе пакрыўджаныя, і тыя, што мелі даўгі, і засмучаныя ў духу, і ён стаўся іх правадыром. І было з ім каля чатырох сотняў чалавек.
3 Адсюль накіраваўся Давід у Міцпу, якая ў Мааве, і сказаў валадару Мааву: «Ці маглі б жыць у вас бацька мой і маці мая, пакуль выявіцца, што хоча Бог зрабіць са мною?»
4 І ён пакінуў іх у валадара Мааву, і яны заставаліся ў яго ўвесь час, калі Давід хаваўся ў недасяжным месцы.
5 А прарок Гад раіў Давіду: «Не заставайся ў сховішчы, але зьбярыся і ідзі ў зямлю Юды». І вырушыў Давід, і прыйшоў у лес Хэрэт.
6 І пачуў Саўл, што выяўлены Давід і людзі, якія з ім. А Саўл сядзеў тады ў Гіве пад дубам на гары, і дзіда была ў руцэ ягонай, а ўсе слугі ягоныя атачалі яго.
7 І сказаў ён слугам сваім, што былі з ім: «Слухайце, сыны Бэн’яміна! Ці ж сын Есэя дасьць вам усім палі і вінаграднікі? Ці ж вас усіх ён зробіць тысячнікамі і сотнікамі,
8 што вы запрысягліся супраць мяне. Ніхто не перасьцярог мяне, што сын мой заключыў запавет з сынам Есэя. Ніхто з вас не спачуваў мне і не паведаміў мне, калі сын мой узбудзіў слугу майго супраць мяне, каб ён зрабіў засаду на мяне як гэта дзеецца сёньня».
9 На гэта адказаў Даэг Эдомец, які стаяў між слугамі Саўла: «Я бачыў сына Есэя ў Нобе ў Ахімэлеха, сына Ахітува,
10 які раіўся ў ГОСПАДА дзеля яго, і даў яму ежу, і даў яму меч Галіята Філістынца».
11 Тады Саўл паслаў паклікаць сьвятара Ахімэлеха, сына Ахітува, і ўвесь дом бацькі ягонага, сьвятароў, якія былі ў Нобе. І ўсе яны прыйшлі да валадара.
12 І сказаў Саўл: «Слухай, сыне Ахітува!» Ён адказаў: «Вось я, гаспадару мой».
13 І сказаў яму Саўл: «Чаму запрысягліся вы супраць мяне, ты і сын Есэя, і даў ты яму хлябы і меч, і раіўся дзеля яго перад ГОСПАДАМ, каб ён паўстаў супраць мяне, як гэта дзеецца сёньня?»
14 У адказ валадару сказаў Ахімэлех: «Хто спасярод слугаў тваіх ёсьць так верны як Давід, зяць валадара? Ён стаіць на чале варты тваёй і шанаваны ў доме тваім.
15 Ці ж толькі сёньня раіўся я дзеля яго ў Бога? Ніякім чынам, няхай валадар не закідвае ў гэтай справе слузе твайму і ўсёй сям’і бацькі майго, бо слуга твой нічога ня ведае ў гэтай справе, ані малога, ані вялікага».
16 Але валадар сказаў: «Ты мусіш памерці, Ахімэлех, ты і ўвесь дом бацькі твайго».
17 І загадаў валадар слугам, якія атачалі яго: «Ідзіце і забіце сьвятароў ГОСПАДА, бо яны дапамагалі Давіду, ведаючы, што ён — уцякач, і не паведамілі мне». Але слугі валадара не хацелі падняць рукі сваёй на сьвятароў ГОСПАДА.
18 І сказаў валадар Даэгу: «Ты ідзі і ўдар сьвятароў». Тады Даэг Эдомец падыйшоў да сьвятароў і вымардаваў у той дзень восемдзясят пяць чалавек, апранутых у ільняны эфод.
19 І напаў Саўл на сьвятарскі горад Ноб, і вострывам мяча пазабіваў мужчынаў і жанчынаў, дзяцей і немаўлят, валоў, аслоў і авечкі.
20 Уратаваўся толькі адзін сын Ахімэлеха, сына Ахітува, на імя Абіятар, які ўцёк да Давіда.
21 І Абіятар паведаміў Давіду, што Саўл замардаваў сьвятароў ГОСПАДА.
22 А Давід сказаў Абіятару: «Я ведаў ужо тады, калі быў там Даэг Эдомец, што ён напэўна паведаміць пра гэта Саўлу. Я вінаваты ў-ва ўсіх душах дому бацькі твайго.
23 Заставайся са мною, ня бойся! Хто шукае жыцьця майго, той шукае і жыцьця твайго, але са мною ты будзеш ухаваны».

Першая кніга Самуэля, 22 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.