1 І Давід устаў, і пайшоў, а Ёнатан вярнуўся ў горад.
2 І накіраваўся Давід у Ноб, да сьвятара Ахімэлеха. А Ахімэлех выйшаў, дрыжучы, што Давід прыйшоў да яго, і спытаўся ў яго: «Чаму ты толькі адзін, і нікога няма з табой?»
3 І сказаў Давід сьвятару Ахімэлеху: «Валадар даручыў мне адну справу і сказаў: “Няхай ніхто ня ведае пра тое, што я цябе пасылаю, і што я табе даручаю”. Таму я пакінуў людзей у вызначаным месцы.
4 І цяпер, калі маеш пад рукой пяць хлябоў, дай мне іх, або яшчэ што знойдзеш».
5 Адказаў Давіду сьвятар: «Звычайнага хлеба пад рукой ня маю, а ёсьць толькі асьвечаны хлеб. Ці чыстыя слугі твае хаця б адносна жанчынаў?»
6 І адказаў Давід сьвятару, і патлумачыў яму: «Што датычыць жанчынаў, не было іх з намі ані ўчора, ані пазаўчора. І калі выбіраліся ў дарогу, целы слугаў былі чыстыя, хоць гэтая выправа звычайная. Тым больш сёньня чыстыя целы іхнія».
7 І даў яму сьвятар асьвечаны хлеб, бо не было больш там іншага хлеба, апрача хлябоў пакладных, якія прымалі спрад аблічча ГОСПАДА толькі тады, калі клалі там сьвежыя.
8 А быў там таксама адзін слуга Саўла, які ў той дзень затрымаўся перад абліччам ГОСПАДА. Ён называўся Даэг, Эдомец, правадыр пастухоў Саўла.
9 І сказаў Давід Ахімэлеху: «Можа, маеш тут пад рукой дзіду або меч? Бо мяча свайго і зброі сваёй я ня ўзяў з сабой, бо справа валадара была пільная».
10 Сьвятар сказаў: «Тут толькі меч Галіята, Філістынца, якога ты забіў у лагчыне Элі. Ён закручаны ў плашч і ляжыць пад эфодам. Калі хочаш яго ўзяць, бяры, бо апрача яго няма тут іншага». І сказаў Давід: «Калі няма іншага такога, дай яго мне».
11 І ўстаў Давід, і ў той дзень уцёк ад Саўла, і прыйшоў да Ахіша, валадара Гату.
12 І сказалі слугі Ахіша яму: «Ці ж гэта не Давід, валадар той зямлі? Ці ж не яму сьпявалі карагоды, кажучы: “Саўл пабіў тысячы, а Давід — дзясяткі тысячаў”?»
13 І Давід занепакоіўся ў сэрцы дзеля словаў гэтых, і дужа баяўся Ахіша, валадара Гату.
14 І пачаў ён прыкідвацца шалёным перад імі, і біў у брамы іхнія, і сьлініўся, і сьліна аж на бараду сьцякала.
15 І Ахіш сказаў слугам сваім: «Ці ж ня бачыце, што ён — вар’ят. Навошта прывялі яго да мяне?
16 Ці ж не хапае нам шалёных, што вы прывялі гэтага, каб ён вар’яцеў перада мною? Ці ж такога трэба ўводзіць у дом мой?»
Першая кніга Самуэля, 21 глава