Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэля | 15 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Аднойчы сказаў Самуэль Саўлу: «ГОСПАД паслаў мяне памазаць цябе валадаром для народу Ягонага, Ізраіля. І цяпер паслухай голас ГОСПАДА.
2 Вось што кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Узважыў Я, што зрабіў Амалек Ізраілю, як перашкаджаў яму ў дарозе, калі ён вандраваў з Эгіпту.
3 І цяпер ідзі, і пабі Амалека, і палажы клятву на ўсё, што ён мае. Не шкадуй яго, але забівай ад мужчыны аж да жанчыны, ад малога аж да немаўляці, таксама валоў і авечак, вярблюдаў і аслоў».
4 І склікаў Саўл народ, і палічыў яго ў Тэлеме, дзьвесьце тысячаў пяхоты і дзесяць тысячаў ваяроў Юды.
5 І пайшоў ён да гораду Амалека, і зрабіў засаду ў лагчыне рэчкі.
6 І паведаміў ён Кенэйцам: «Адыйдзіцеся, аддзяліцеся і выйдзіце спаміж Амалека, каб часам разам з імі я не загубіў і вас. Бо вы зьявілі міласэрнасьць усім сынам Ізраіля, калі ішлі яны з Эгіпту». І выйшлі Кенэйцы спаміж Амалека.
7 І пабіў Саўл Амалека ад Хавілі аж да Шуру, што перад Эгіптам.
8 І захапіў ён Агага, валадара Амалекскага, жывога, а ўвесь народ пабіў вострывам мяча, палажыўшы клятву.
9 І пашкадавалі Саўл і народ Агага і статкі найлепшых авечак і валоў, і адкормленай жывёлы, бараноў і ўсяго адборнага, і не хацелі нішчыць іх. І пазабівалі яны ўсё, што марным было і хворым, на яго палажылі клятву.
10 І ГОСПАД прамовіў да Самуэля, кажучы:
11 «Шкадую, што Я паставіў Саўла валадаром, бо адступіўся ён ад Мяне і не выконвае словы Мае». І засмуціўся Самуэль, і ўсю ноч маліўся да ГОСПАДА.
12 Калі ўстаў Самуэль раніцай, каб наведаць Саўла, паведамілі Самуэлю, што Саўл пайшоў у Кармэль, і там паставіў сабе памятку [перамогі], і, варочаючыся адтуль, зыйшоў у Гільгал.
13 Калі Самуэль прыбыў да Саўла, сказаў яму Саўл: «Няхай дабраславіць цябе ГОСПАД. Я выканаў слова ГОСПАДА».
14 Спытаўся ў яго Самуэль: «Што гэта за бэканьне авечак я чую, і што гэта за валы рыкаюць?»
15 І Саўл сказаў: «Гэта мы прывялі іх ад Амалека. Бо пашкадаваў народ лепшых авечак і жывёлаў, каб пасьля скласьці іх у ахвяру ГОСПАДУ, Богу твайму, а астатніх мы зьнішчылі».
16 І сказаў Самуэль Саўлу: «Досыць! Я табе скажу, што мне сказаў ГОСПАД у гэтую ноч». Сказаў яму Саўл: «Гавары!»
17 І сказаў Самуэль: «Ці не малым ты быў у вачах сваіх, а стаўся ты галавой пакаленьняў Ізраіля. Памазаў цябе ГОСПАД на валадара для Ізраіля,
18 і выслаў цябе ГОСПАД у дарогу, і сказаў: “Ідзі, і палажы клятву на Амалека, і ваюй з ім аж да поўнага вынішчэньня яго”.
19 Дык чаму ты не паслухаў голас ГОСПАДА, чаму кінуўся на здабычу і дапусьціўся зла перад абліччам ГОСПАДА?»
20 І сказаў Саўл Самуэлю: «Я паслухаў голас ГОСПАДА, і хадзіў дарогаю, якой паслаў мяне ГОСПАД. І я прывёў Агага, валадара Амалекскага, і Амалека вынішчыў.
21 А народ узяў са здабычы авечак і валыоў, як пяршыны іхнія, каб скласьці іх у ахвяру цэласпаленьня ГОСПАДУ, Богу твайму, у Гільгале».
22 І сказаў яму Самуэль: «Ці ж ГОСПАД хоча цэласпаленьняў і ахвяраў крывавых больш, чым паслухмянасьці голасу ГОСПАДА? Лепш паслухмянасьць, чым ахвяры крывавыя, і пакорнасьць лепш, чым ахвяра з тлушчу бараноў.
23 Бо непакорнасьць — такі самы грэх, як варажба, а сваволя — як пакланеньне ідалам. За тое, што ты пагардзіў словам ГОСПАДА, Ён адкінуў цябе, каб ты ня быў валадаром».
24 І сказаў Саўл Самуэлю: «Саграшыў я, бо парушыў прыказаньне ГОСПАДА і словы твае з баязьні перад народам і слухаючы голасу іхняга.
25 Ты ж цяпер здымі з мяне грэх мой і вярніся са мной, каб я пакланіўся ГОСПАДУ».
26 Але Самуэль адказаў Саўлу: «Не вярнуся з табой, бо ты пагардзіў словам ГОСПАДА, і ГОСПАД адкінуў цябе, каб ты ня быў валадаром для Ізраіля».
27 І павярнуўся Самуэль, каб ісьці, але Саўл схапіў за крысо плашча ягонага, і разьдзёр яго.
28 І сказаў яму Самуэль: «Аддзярэ ГОСПАД валадарства Ізраіля ад цябе сёньня і перадасьць яго бліжняму твайму, лепшаму за цябе.
29 Хвала Ізраіля ня хлусіць і ня каецца, бо гэта не чалавек, каб каяўся».
30 Саўл адказаў: «Саграшыў я. Але ўшануй мяне перад старшынямі народу майго і перад Ізраілем. Вярніся са мной, каб пакланіўся я ГОСПАДУ, Богу твайму».
31 І вярнуўся Самуэль, і пайшоў з Саўлам, і Саўл пакланіўся ГОСПАДУ.
32 І сказаў Самуэль: «Прывядзіце да мяне Агага, валадара Амалекскага». І падыйшоў да яго Агаг, дрыжучы, і сказаў: «Сапраўды, адступіла ад мяне горыч сьмерці».
33 А Самуэль сказаў: «Як меч твой пазбавіў матак дзяцей іхніх, так між жанчынамі матка твая застанецца таксама без дзяцей». І загадаў Самуэль забіць Агага перад ГОСПАДАМ у Гільгале.
34 І накіраваўся Самуэль у Раму, а Саўл вярнуўся ў сядзібу сваю ў Гіве Саўлавай.
35 Ад гэтага часу Самуэль не бачыўся з Саўлам аж да дня сьмерці сваёй. І сумаваў Самуэль дзеля Саўла, бо ГОСПАД шкадаваў, што паставіў Саўла валадаром над Ізраілем.

Першая кніга Самуэля, 15 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.