Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэля | 13 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Сын многіх гадоў быў Саўл, калі пачаў валадарыць, і два гады валадарыў над Ізраілем.
2 І вось Саўл выбраў сабе тры тысячы Ізраільцянаў, і з іх дзьве тысячы былі з Саўлам у Міхмашы і на гары Бэтэль, а тысяча — з Ёнатанам у Гіве Бэн’яміна, а рэшту войска ён адпусьціў у намёты іхнія.
3 І вось Ёнатан пабіў дружыну Філістынцаў, якая была ў Гіве. І пачулі пра гэта Філістынцы, а Саўл абвясьціў пра гэта гукам трубы ў-ва ўсёй зямлі, гаворачы: «Няхай пачуюць Гебраі!»
4 І ўвесь Ізраіль пачуў вестку гэтую: «Пабіў Саўл дружыну Філістынцаў. Ізраіль стаўся ненавісным для Філістынцаў». І сабраўся народ да Саўла ў Гільгал.
5 Таксама Філістынцы сабраліся, каб ваяваваць супраць Ізраіля: тры тысячы калясьніцаў і тры тысячы коньнікаў, і астатняга народу мноства, як пяску на беразе мора. І расклаліся яны табарам у Міхмашы на ўсход ад Бэт-Авэну.
6 Калі заўважылі ваяры Ізраільскія, што яны расклаліся блізка, а народ быў вымучаны, дык пахаваліся ў пячорах, шчылінах, скалах, ямах і ярах.
7 А некаторыя Гебраі пераправіліся праз Ярдан у зямлю Гада і ў Гілеад. А Саўл быў яшчэ ў Гільгале, і ўвесь народ, які быў пры ім, быў надта напалоханы.
8 Сем дзён чакаў [Саўл] часу, вызначанага Самуэлем, аднак Самуэль не прыходзіў у Гільгал, і народ стаў адыходзіць ад яго.
9 І сказаў Саўл: «Прынясіце мне ахвяру цэласпаленьня і ахвяру мірную». І склаў ён ахвяру цэласпаленьня.
10 Заледзь скончыў складаць ахвяру цэласпаленьня, прыйшоў Самуэль. І выйшаў Саўл яму на спатканьне, каб яго прывітаць.
11 А Самуэль сказаў яму: «Што ты зрабіў?» Саўл адказаў: «Я бачыў, што народ адыходзіць ад мяне, і ты не прыйшоў у вызначаны час. А Філістынцы сабраліся ў Міхмашы.
12 І я сказаў сабе: “Філістынцы нападуць на мяне ў Гільгале, а я не здабыў ласкі ў ГОСПАДА”. І змушаны акалічнасьцямі, я склаў ахвяру цэласпаленьня».
13 І сказаў Самуэль Саўлу: «Неразумна ты зрабіў. Ты не паслухаў прыказаньне ГОСПАДА, Бога твайго, якое Ён даў табе. Напэўна цяпер замацаваў бы ГОСПАД валадараньне тваё над Ізраілем на вякі.
14 Але цяпер валадараньне тваё доўга не патрывае. ГОСПАД знайшоў сабе чалавека паводле сэрца Свайго і паставіў яго ГОСПАД правадыром народу Свайго, бо ты ня выканаў таго, што загадаў табе ГОСПАД».
15 І ўстаў Самуэль, і пайшоў з Гільгалу ў Гіву Бэн’яміна. А Саўл палічыў народ, што прыйшоў з ім, і налічыў каля шасьцісот чалавек.
16 Саўл і Ёнатан, сын ягоны, і народ, які пры ім знаходзіўся, сядзелі ў Гіве Бэн’яміна, а Філістынцы стаялі табарам ў Міхмашы.
17 З табару Філістынцаў выйшлі тры аддзелы для пусташэньня зямлі; адзін аддзел накіраваўся на шлях ў Офру ў зямлю Шуал,
18 другі аддзел накіраваўся на шлях у Бэтхарон, а трэйці пайшоў дарогаю да мяжы, што ідзе ад даліны Цэвоім да пустыні.
19 У-ва ўсёй зямлі Ізраільскай не было тады аніводнага каваля, бо Філістынцы баяліся, каб Гебраі не зрабілі часам мяча або дзіды.
20 І зыходзіліся ўсе Ізраільцяне да Філістынцаў, каб вастрыць плуг свой, сякеру, матыку або серп.
21 І за вастрэньне плуга і сякеры плацілі дзьве трэці сыкля, і трэйцюю частку сыкля за матыку або серп.
22 І сталася, што ў час вайны ніхто з людзей, якія былі з Саўлам і Ёнатанам, ня меў ані мяча, ані дзіды; мелі іх толькі Саўл і Ёнатан, сын ягоны.
23 І пайшла варта Філістынская да пераходу каля Міхмашу.

Першая кніга Самуэля, 13 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.