Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 33 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Вось гэта дабраславенства, якім дабраславіў Майсей, чалавек Божы, сыноў Ізраіля перад сьмерцю сваёй.
2 Ён сказаў: «ГОСПАД прыйшоў з Сынаю і з Сэіру зьявіўся ім; зьявіўся з гары Паран і прыходзіць з Мэрыбы пад Кадэш, з Яго правіцы агонь палае.
3 Сапраўды Ён любіць народы, усе сьвятыя Ягоныя ў руцэ Ягонай, і тыя, якія туляцца да ног Тваіх, слухаюць мудрасьць з навукі Тваёй.
4 Закон даў нам Майсей, спадчыну супольнасьці Якуба.
5 І быў выбраны ў Ешуруна валадар на сходзе князёў народу разам з пакаленьнямі Ізраіля.
6 Няхай жыве Рубэн і няхай не памірае, хоць ён невялікі лікам.
7 Гэткае дабраславенства Юды: “Выслухай, ГОСПАДЗЕ, голас Юды і прывядзі яго да народу Свайго. Рука ягоная ваяваць будзе за яго, а Ты ўспаможаш яго супраць ворагаў ягоных”.
8 Да Левія таксама сказаў: “Твае тумім і ўрым дай чалавеку сьвятому Твайму, якога выставіў Ты на выпрабаваньне ў Масе і з якім спрачаўся ля водаў Мэрыбы.
9 Ён пра бацьку свайго і маці сваю сказаў: "Ня ведаю вас". І ня ведае братоў сваіх і дзяцей сваіх. Так берагуць яны словы Твае і запавет Твой захоўваюць.
10 Вучаць яны пастановам Тваім Якуба і Закону Твайму — Ізраіля; і паляць кадзіла перад Табою, і цэласпаленьні — на ахвярнiку Тваім.
11 Дабраславі, ГОСПАДЗЕ, моц ягоную i прымі творы рук ягоных. Стаўчы сьцёгны непрыяцелям ягоным, і тыя, што зьненавідзелі яго, няхай не падымуцца”.
12 Пра Бэн’яміна сказаў: “Умілаваны ГОСПАДАМ будзе жыць упэўнена з Ім, Найвышэйшы будзе апекавацца ім увесь дзень, і супачыне ён на руках Ягоных”.
13 Пра Язэпа таксама сказаў: “Дабраслаўлёна ГОСПАДАМ зямля ягоная дарамі неба, расою, а таксама крыніцамі бездані падземнай,
14 дарамі сонца і пладамі месяцаў,
15 багацьцем гор адвечных і дарамі ўзгоркаў векавых,
16 пладамі зямлі і багацьцем ейным. Дабраславенствы Таго, Хто аб’явіўся ў кусьце, сплывуць на галаву Язэпа і на галаву пасьвячонага пасярод братоў сваіх.
17 Прыгажосьць ягоная — як першароднага быка, і рогі ягоныя — як рогі буйвала, імі збадае народы аж да канца зямлі. Такая шматлікасьць Эфраіма, і такія тысячы Манасы”.
18 Пра Завулёна сказаў: “Цешся, Завулён, у выхадзе тваім, а ты, Ісахар, у намётах тваіх!
19 Паклічуць народы на гару, там будуць складаць ахвяры справядлівасьці. Яны будуць карыстацца шчодрасьцю мора і багацьцямі, схаванымі у пяску”.
20 Пра Гада вось што сказаў: “Дабраслаўлёны той, хто пашырае Гада! Як леў будзе ён адпачываць, разарве ён плячо і галаву.
21 І ён убачыць найлепшае для сябе, бо там памешчана частка правадыра, і быў ён з князямі народу, і рабіў справядлівае перад ГОСПАДАМ і прысуды Ягоныя адносна Ізраіля”.
22 Пра Дана гэтак сказаў: “Дан — ільвянятка, якое выскоквае часта з Башану”.
23 Пра Нэфталі сказаў: “Нэфталі перапоўнены спагаднасьцю і поўны будзе дабраславенства ГОСПАДАВАГА; завалодае морам і поўднем”.
24 Пра Асэра вось што сказаў: “Дабраслаўлёны Асэр між сынамі! Ён будзе падабацца братам сваім і будзе мачыць у алеі нагу сваю.
25 З жалеза і медзі засаўкі твае, як дні твае, трывае сіла твая”.
26 Няма другога такога, як Бог Ешуруна, Які ідзе па небе на дапамогу табе ды ў славе Сваёй па воблаках.
27 Прыбежышча тваё — Бог адвечны, абарона твая — рукі вечныя. Ён выганіць перад табою ворага і скажа: “Зьнішчы”.
28 Ізраіль будзе жыць бясьпечна, вочы Якуба бачаць перад сабою зямлю, багатую хлебам і віном, і нябёсы яго сыплюць расу.
29 Шчасьлівы ты, Ізраіль, хто падобны да цябе? Народ, якога захоўвае ГОСПАД, Ён — шчыт абароны тваёй і меч славы тваёй. Ворагі твае скараюцца перад табой, і ты будзеш таптаць каркі іхнія».

Кніга Другазаконьне, 33 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.