Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 3 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І мы зьвярнулі, і пайшлі дарогай на Башан; і выступіў Ог, валадар Башану, супраць нас з усім народам сваім ваяваць у Эрдэі.
2 І ГОСПАД сказаў мне: “Ня бойся яго, Я выдаў яго ў рукі твае з усім народам ягоным і зямлёй ягонай; зробіш ты яму тое, што зрабіў Сыгону, валадару Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне”.
3 І аддаў ГОСПАД, Бог наш, у рукі нашыя Ога, валадара Башану, і ўвесь народ ягоны, і вынішчылі мы яго так, што ніхто не ацалеў.
4 У той час здабылі мы ўсе гарады ягоныя, і не засталося гораду незанятага: шэсьцьдзесят гарадоў ды ўвесь абшар Аргоб, валадарства Ога ў Башане.
5 Усе гэтыя гарады былі ўмацаваныя высокімі мурамі, і брамамі, і заваламі, ня лічачы многіх гарадоў адкрытых.
6 І палажылі мы клятву на іх, як зрабілі Сыгону, валадару Хешбону, зьнішчаючы кожны горад, мужчынаў, і жанчынаў, і дзяцей,
7 а жывёлу і здабычу з гарадоў пакідалі сабе.
8 У той час узялі мы зямлю з рук двух валадароў Амарэйскіх, якія жылі за Ярданам, ад рэчкі Арнон аж да гары Гермон.
9 Сідонцы называюць Гермон Сырыёнам, а Амарэйцы — Сэнірам.
10 Усе гарады на раўніне, увесь Гілеад і Башан аж да Сальхі і Эдрэі, гарадоў валадарства Ога ў Башане,
11 бо Ог, валадар Башану, быў апошні з Рэфаімаў. Яго жалезная дамавіна знаходзіцца ў Раббе, у сыноў Амона: дзевяць локцяў даўжыня яе, і чатыры локці шырыня яе меркаю локця чалавечага.
12 І ўзялі мы на ўласнасьць тады ўсю гэтую зямлю. Ад Араэру над рэчкаю Арнон і палову гары Гілеад з гарадамі іхнімі аддаў я людзям з пакаленьня Рубэна і Гада.
13 Рэшту Гілеаду і ўвесь Башан, валадарства Ога, даў я палове пакаленьня Манасы, увесь абшар Аргоб; увесь гэты прастор Башану называўся зямлёю Рэфаімаў.
14 Яір, сын Манасы, здабыў увесь прастор Аргоб аж да мяжы Гешура і Мааха, і назваў яго сваім імем. І да сёньня называюць гэтую частку Башану Паселішча Яіра.
15 Махіру я даў Гілеад,
16 а пакаленьнямі Рубэна і Гада даў частку зямлі Гілеад аж да рэчкі Арнон і да рэчкі Ябок, якая ёсьць мяжою сыноў Амона,
17 і яшчэ Арабу з Ярданам як мяжою ад Кінэрэту да мора Арабы, Мора Салёнага ля падножжа гары Пісга на ўсход.
18 У гэты час даў я вам гэткі загад: “ГОСПАД, Бог ваш, даў вам гэтую зямлю ў спадчыну; дык вы ўсе, здатныя да бою, пойдзеце ўзброеныя наперадзе братоў вашых, сыноў Ізраіля.
19 Толькі жонкі вашыя, дзеці і статкі, бо ведаю, што маеце вялікія статкі, застануцца ў гарадах вашых, якія я даў вам,
20 аж пакуль ГОСПАД дасьць супачынак братам вашым, як даў вам, каб і яны займелі зямлю, якую ГОСПАД, Бог ваш, мае даць за Ярданам; тады кожны вернецца да ўласнасьці сваёй, якую я даў вам”.
21 У той час я сказаў да Егошуа, кажучы: “Вочы твае бачылі ўсё, што зрабіў ГОСПАД, Бог ваш, двум гэтым валадарам; так зробіць ГОСПАД усім валадарствам, да якіх ты прыйдзеш.
22 Ня бойся іх, бо ГОСПАД, Бог ваш, будзе ваяваць за вас”.
23 І маліў я ў той час ГОСПАДА ў гэтыя словы:
24 “Госпадзе ГОСПАДЗЕ, Ты пачаў слузе Твайму аб’яўляць веліч Тваю і руку Тваю магутную. Які ж бог на небе або на зямлі даканаў такіх справаў і чыноў магутных, як Ты?
25 Дык дазволь мне перайсьці і ўбачыць тую добрую зямлю за Ярданам, тыя прыгожыя горы і Лібан”.
26 Але разгневаўся ГОСПАД на мяне з-за вас і ня выслухаў мяне. Ён сказаў мне: “Досыць, больш ніколі не гавары Мне пра гэта.
27 Узыйдзі на вяршыню Пісга і паглядзі вачыма сваімі на захад і на поўнач, на поўдзень і на ўсход, і агледзь усё, бо гэтага вось Ярдану ты не пяройдзеш.
28 Загадай Егошуа і падбадзёр яго, і падтрымай, бо ён пойдзе наперадзе гэтага народу і дасьць Ізраілю ў валоданьне тую зямлю, якую ты ўбачыш”.
29 Так былі мы ў даліне насупраць Бэт-Пэору.

Кніга Другазаконьне, 3 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.