Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 11 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Дык любі ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўвай прыказаньні Ягоныя, і законы, і загады ўвесь час.
2 І вы ведаеце сёньня тое, чаго ня ведаюць дзеці вашыя, якія ня бачылі караньня ГОСПАДА, Бога вашага, вялікіх чынаў Ягоных, і дужай рукі, і ўзьнятага пляча,
3 знакаў і даконаў Ягоных, якія ўчыніў Ён ў Эгіпце над фараонам і ўсёй зямлёй ягонай,
4 і ўсім войскам Эгіпецкім, конямі і калясьніцамі; калі нахлынулі на іх воды Мора Чырвонага, калі яны гналіся за вамі, і зьнішчыў іх ГОСПАД, і так ёсьць да сёньняшняга дня,
5 і што Ён зрабіў для вас на пустыні, пакуль вы не прыйшлі на месца гэтае,
6 і што Ён зрабіў Датану і Абіраму, сынам Эліява, які быў сынам Рубэна, якіх праглынула зямля, адкрыўшы пашчу сваю, дамы іхнія і намёты, і ўсю маёмасьць іхнюю, якую мелі сярод Ізраіля.
7 Вочы вашыя бачылі ўсе вялікія чыны ГОСПАДА, якія Ён учыніў,
8 каб вы выконвалі ўсе загады, якія сёньня я загадваю вам, каб набраліся вы сілы і ўвайшлі, і ўзялі зямлю, у якую ўваходзіце,
9 і каб доўга жылі вы ў той зямлі, якую з прысягай абяцаў ГОСПАД бацькам вашым і нашчадкам іхнім, у зямлі, якая ацякае малаком і мёдам.
10 Бо зямля, якую ты ідзеш заняць, ня ёсьць такою, як зямля Эгіпецкая, з якой ты выйшаў, якую, укінуўшы зерне, ты паліваў працаю ног сваіх, як у агародзе.
11 Зямля тая, якую ідзеш заняць, — гарыстая і лагчынная, яна патрабуе дажджу,
12 гэта зямля, якою ГОСПАД, Бог твой, апякуецца, і вочы Ягоныя зьвернуты на яе ад пачатку году аж да канца.
13 “Дык калі ты будзеш слухаць загадаў Маіх, якія сёньня Я даю вам, каб любілі ГОСПАДА, Бога вашага, і служылі Яму ўсім сэрцам вашым ды ўсёю душой вашай,
14 Я дам зямлі вашай дождж раньні і позьні ў свой час, каб мог ты сабраць збожжа, і віно, і аліву.
15 І дам Я траву з палёў на кармленьне жывёлы тваёй, каб ты сам еў і наеўся”.
16 Сьцеражыцеся, каб не ашукалася сэрца вашае, каб не адыйшлі вы ад ГОСПАДА і не служылі чужым багам ды не пакланяліся ім,
17 бо разгневаецца ГОСПАД на вас, і зачыніць Ён неба, і ня будзе дажджу, і зямля ня ўродзіць, і пагінеце вы хутка на добрай зямлі, якую дасьць вам ГОСПАД.
18 Дык захавайце гэтыя словы мае ў сэрцы вашым і ў душы вашай. Прывяжыце іх на знак на руках вашых і зрабіце іх павязкаю над вачыма вашымі.
19 Навучыце ім дзяцей вашых, паўтараючы іх ім, калі сядзіцё дома, калі ідзіцё дарогаю, калі кладзіцёся і ўстаецё.
20 І напішы іх над дзьвярыма дому свайго і над брамамі сваімі,
21 каб дні твае і дзяцей тваіх на зямлі, якую прысягнуў ГОСПАД бацькам тваім, памножыліся на столькі, колькі дзён неба будзе над зямлёй.
22 Калі вось будзеце захоўваць усе загады гэтыя, якія я загадваю вам, i будзеце спаўняць іх, і будзеце любіць ГОСПАДА, Бога вашага, i будзеце хадзіць ўсімі шляхамі Ягонымі, і будзеце туліцца да Яго,
23 то ГОСПАД прагоніць перад вамі ўсе гэтыя народы, і вы запануеце над імі, хоць яны большыя і дужэйшыя за вас.
24 Кожнае месца, на якое стане нага вашая, будзе вашым: ад пустыні і да Лібана, ад вялікай ракі Эўфрат аж да заходняга мора будуць межы вашыя.
25 Ніхто не ўстаіць супраць вас, бо ГОСПАД, Бог ваш, навядзе страх перад вамі на ўсякую зямлю, на якую вы ступіце, як Ён вам казаў.
26 Дык вось прапаную вам сягоньня дабраславенства і праклён:
27 дабраславенства, калі паслухаеце загадаў ГОСПАДА, Бога вашага, якія я вам сёньня абвяшчаю,
28 і праклён, калі не паслухаеце загадаў ГОСПАДА, Бога вашага, але зыйдзеце са шляху, які я вам сёньня паказваю, і пойдзеце за багамі чужымі, якіх ня ведаеце.
29 Калі ўвядзе цябе ГОСПАД, Бог твой, у зямлю, якую ты ідзеш атрымаць, тады абвясьці дабраславенства на гары Гарызім, а праклён — на гары Эбаль.
30 Горы гэтыя за Ярданам, за заходняй дарогай у зямлі Хананейцаў, якiя жывуць у Арабе, насупраць Гільгалу, каля дубоў Марэ.
31 Бо вы пяройдзеце праз Ярдан, каб завалодаць зямлёю, якую ГОСПАД, Бог ваш, дасьць вам, і будзеце жыць на ёй.
32 Дык глядзіце, каб спаўнялі ўсе прыказаньні і законы, якія я даю вам сёньня.

Кніга Другазаконьне, 11 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.