Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 І сказаў ГОСПАД Майсею на раўнінах Мааву каля Ярдану насупраць Ерыхону:
2 «Загадай сынам Ізраіля, каб далі лявітам у спадчыну гарады, у якіх яны б жылі, і палі кругом гарадоў.
3 У гарадах будуць жыць, а ваколіцы будуць пашай для жывёлы і для ўсяго быдла іхняга.
4 Ад муроў гарадзкіх яны маюць цягнуцца на тысячу локцяў ушыркі.
5 Адмерайце за горадам дзьве тысячы локцяў з боку ўсходняга, дзьве тысячы локцяў з боку паўднёвага, дзьве тысячы локцяў з боку заходняга і дзьве тысячы локцяў з боку паўночнага, каб сам горад быў пасярэдзіне; гэта будуць палі вакол тых гарадоў.
6 Гарады, якія аддасьцё лявітам, будуць шэсьць гарадоў прыбежышча, каб забойца мог у іх схавацца, і апрача іх яшчэ сорак два гарады.
7 Лічба гарадоў, якія разам з палямі будуць належаць лявітам, будзе сорак восем.
8 Пры выбары гарадоў, якія аддасьцё са спадчыны сыноў Ізраіля, так будзеце вырашаць: ад большага пакаленьня — большую іх лічбу, ад меншага — меншую. Кожнае пакаленьне павінна аддаць лявітам паводле вялікасьці атрыманае спадчыны адпаведную лічбу гарадоў».
9 І сказаў ГОСПАД Майсею:
10 «Аб’яві сынам Ізраіля і скажы ім: “Калі пяройдзеце праз Ярдан у зямлю Ханаан,
11 выбярыце сабе гарады, якія маюць быць прыбежышчам уцекачам, што, ня хочучы, пралілі кроў.
12 Гэтыя гарады будуць вам гарадамі-прыбежышчамі ад мсьціўцаў, і забойца захавае жыцьцё, дакуль ня стане перад судом супольнасьці.
13 Што да гарадоў, якія маеце зрабіць гарадамі прыбежышча, павінна быць іх шэсьць.
14 Тры будуць за Ярданам, а тры — у зямлі Ханаан як гарады прыбежышча.
15 Іх будзе шэсьць, каб маглі да іх уцякаць тыя, што ненаўмысна пралілі кроў: як сыны Ізраіля, так і прыбыльцы або падарожнікі.
16 Калі хто ўдарыць каго жалезам, што той памрэ, дык той, хто ўдарыў, — забойца, ён павінен памерці.
17 Калі хто каго каменем ударыў, якім можна забіць, і забіў, падобна будзе пакараны.
18 Калі хто каго паленам так ударыў, што той памёр, — ён забойца. І будзе ён пакараны сьмерцю.
19 Мсьціўца за кроў заб’е забойцу; дзе толькі зловіць яго, можа яго забіць.
20 Калі хто з нянавісьці напаў на чалавека, або кінуў у яго штосьці з намерам забіць, так, што той памёр,
21 або калі хто ў злосьці ўдарыў кулаком, што той памёр, тады той, хто ўдарыў, мусіць быць пакараны сьмерцю, бо ён — забойца; і мсьціўца за кроў можа яго забіць, калі сустрэне.
22 Калі ж хто прыпадкам і без нянавісьці ўдарыў каго або кінуў у яго чым-колечы ненаўмысна,
23 або, ня бачачы яго, пусьціў у яго каменем, які можа забіць, і ударыў яго так, што той памёр, але ён ня быў яго ворагам ды не хацеў яму зла,
24 то грамада павінна судзіць паміж забойцам і мсьціўцам за кроў на гэтай аснове.
25 Грамада павінна выратаваць забойцу ад рукі мсьціўца за кроў i павінна вярнуць яго ў горад прыбежышча яго, куды ён уцёк, каб ён там жыў да сьмерці першасьвятара, які памазаны сьвятым алеем.
26 Калі ж забойца выйдзе за межы гораду-прыбежышча, у які схаваўся,
27 і калі мсьціўца за кроў сустрэне яго па-за межамі гораду-прыбежышча, тады мсьціўца за кроў не вінаваты, калі заб’е забойцу.
28 Бо да сьмерці першасьвятара павінен забойца быць у горадзе прыбежышча свайго. Пасьля сьмерці першасьвятара можа ён вярнуцца да спадчыны сваёй.
29 Няхай гэта будзе вам законам у-ва ўсе пакаленьні вашыя і ў-ва ўсіх месцах пражываньня вашага.
30 Забойцу на падставе словаў сьведкаў караюць сьмерцю. На падставе аднаго сьведкі ніхто на сьмерць не асуджаецца.
31 Нельга прымаць выкупу за душу забойцы, які варты сьмерці; павінен ён быць пакараны сьмерцю.
32 Не бярыце выкупу і за ўцёкшага ў горад прыбежышча, каб яму дазволіць жыць у зямлі сваёй перад сьмерцю першасьвятара.
33 Не паганьце зямлі пражываньня вашага, бо кроў пляміць зямлю, і ніяк яна ня можа быць ачышчаная, як толькі праз кроў таго, хто праліў яе.
34 Не паганьце зямлі, на якой будзеце жыць, бо Я буду жыць з вамі. Бо Я — ГОСПАД, Які жыву пасярод сыноў Ізраіля”».

Кніга Лікі, 35 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.