Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Тады сказаў Білеам Балаку: «Пастаў мне тут сем ахвярнiкаў і прыгатуй мне столькі сама бычкоў і столькі сама бараноў».
2 Балак зрабіў так, як яму сказаў Білеам, i паклалі яны па бычку і барану на кожны ахвярнiк.
3 Тады сказаў Білеам Балаку: «Пастой каля цэласпаленьня твайго, а я пайду, можа, мяне спаткае ГОСПАД, і што мне загадае, скажу табе». Калі ён узыйшоў на лысы ўзгорак,
4 пераняў яго Бог, і сказаў Яму Білеам: «Паставіў я сем ахвярнiкаў, і на кожны ахвярнiк палажылі бычка і барана».
5 Тады ГОСПАД уклаў словы ў вусны Білеама і сказаў яму: «Вярніся да Балака і гэта вось скажы».
6 Дык вярнуўся Білеам і знайшоў Балака, якi стаяў каля цэласпаленьня свайго, i ўсіх князёў Мааўскіх.
7 І сказаў ён прароцтва сваё, кажучы: «З Араму прывёў мяне Балак, з гор усходніх кароль Мааву: “Прыйдзі, кажа, і пракляні мне Якуба! Пасьпяшай і навядзі няшчасьце на Ізраіля!”
8 Як магу я праклінаць таго, каго не праклінае Бог? Як магу хацець каму зла, калі Бог ня хоча?
9 Я бачу яго з вяршыні скалаў і з узгорышчаў гляджу на яго. Вось народ, які жыве асобна, і сярод народаў ня лічыцца.
10 Хто ж можа зьлічыць пыл Якуба, і хто палічыць пясок Ізраіля? Няхай памрэ душа мая сьмерцю справядлівых і няхай будзе канец мой падобны іхняму».
11 І сказаў Балак Білеаму: «Што гэта, што ты робіш? Я цябе паклікаў праклінаць ворагаў маіх, а ты, наадварот, дабраслаўляеш іх!»
12 І адказаў яму Білеам: «Ці магу я што іншае казаць? Хіба ня тое, што загадаў мне ГОСПАД?»
13 І сказаў Балак: «Хадзі са мной на другое месца, адтуль толькі частку Ізраіля ўбачыш, а ўсяго ня будзеш магчы бачыць. Адтуль будзеш яго праклінаць».
14 І завёў ён яго на Поле Старажоў, на вяршыню Пісгі, і паставіў там сем ахвярнiкаў, і паклаў на кожны па цяляці і барану.
15 І сказаў Білеам Балаку: «Пастой тут каля цэласпаленьня твайго, а я адыйдуся далей на спатканьне [з Госпадам]».
16 Калі яго пераняў ГОСПАД, уклаў словы ў вусны ягоныя і сказаў: «Вяртайся да Балака і вось гэта скажаш яму».
17 Вярнуўшыся, знайшоў Балака, якi стаяў каля цэласпаленьня свайго, і князёў Мааву з ім, і зьвярнуўся да яго Балак: «Што гаварыў табе ГОСПАД?»
18 А ён аб’явіў прароцтва сваё, кажучы: «Устань, Балак, і настаў вуха. Слухай, сыне Цыпора!
19 Бог — гэта не чалавек, каб Ён падманваў, і ня сын чалавечы, каб памыляўся. Ці ж Ён скажа і ня зьдзейсьніць?
20 Дабраслаўляць прывёў Ён мяне, і ўстрымацца не магу, каб не дабраслаўляць.
21 Ня бачна няшчасьця у Якуба і ня бачыцца гора ў Ізраіля. ГОСПАД, Бог ягоны, з ім, і гоман ў яго [на славу] валадара ягонага.
22 Бог вывеў яго з Эгіпту. Ён для іх — як рог буйвала.
23 Няма варажбы ў Якуба, ані прадказаньняў у Ізраіля. У свой час будзе сказана Якубу і Ізраілю, што ўчыніць Бог.
24 Вось народ як ільвіца падымаецца ды як леў становіцца; ён ня ляжа, пакуль ня зьесьць здабычы і пакуль не нап’ецца крыві забітых».
25 І сказаў Балак Білеаму: «Калі ты ня можаш праклінаць яго, то, прынамсі, не дабраслаўляй яго!»
26 І сказаў Білеам: «Ці ж я табе не казаў: тое, што мне ГОСПАД загадае, я мушу рабіць?»
27 І сказаў Балак яму: «Хадзі, я завяду цябе на іншае месца. Можа, спадабаецца Богу, што адтуль праклянеш яго?»
28 І завёў яго на вяршыню гары Пэор, што зьвернута ў бок пустыні.
29 І сказаў яму Білеам: «Пастаў мне тут сем ахвярнiкаў і прыгатуй столькі сама цялят і бараноў».
30 І зрабіў Балак, як яму сказаў Білеам, і паклаў бычкоў і бараноў на кожны асобны ахвярнiк.

Кніга Лікі, 23 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.