Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 У першы месяц сыны Ізраіля, уся супольнасьць, прыбылі ў пустыню Сін, і затрымаўся народ у Кадэшы. Там памерла Мірыям, і была пахавана ў тым самым месцы.
2 Калі не хапіла народу вады, выступілі яны супраць Майсея і Аарона.
3 І ўсхваляваліся яны, і казалі: «Лепш, каб мы пагінулі разам з братамі нашымі перад абліччам ГОСПАДА!
4 Навошта вывелі вы царкву ГОСПАДА ў пустыню, каб мы разам з жывёлай нашай пагінулі?
5 Навошта вы нас вывелі з Эгіпту i завялі нас у гэтае месца ліхое, дзе сеяць нельга, дзе дрэва фігавае не расьце, ані вінаград, ані дрэвы гранатавыя, i нават вады няма для піцьця?»
6 Майсей і Аарон адыйшлі ад царквы, і прыйшлі да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і ўпалі вобліч на зямлю. І вось зьявілася слава ГОСПАДА над імі.
7 І сказаў ГОСПАД Майсею:
8 «Вазьмі кій, і ты і Аарон, брат твой, зьбярыце народ i скажыце скале, што перад вамі, і яна дасьць ваду. І як вывядзеш ваду са скалы, напоіш народ і жывёлу ягоную».
9 Дык Майсей па загаду ГОСПАДА ўзяў кій спрад аблічча ГОСПАДА.
10 І Майсей і Аарон, сабраўшы царкву перад скалою, сказалі: «Слухайце, бунтаўнікі! Ці зможам мы з гэтай скалы вывесьці ваду для вас?»
11 Пасьля падняў Майсей руку і ўдарыў кіем два разы ў скалу. І выцякла шмат вады, так што напіўся і народ, і жывёла.
12 І сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону: «За тое, што вы не паверылі Мне, каб выявіць сьвятасьць Маю перад сынамі Ізраіля, не ўвядзіцё вы гэтую царкву ў зямлю, якую Я даў ім».
13 Гэта вось вада Мэрыбы, дзе збунтаваліся сыны Ізраіля супраць ГОСПАДА і дзе Ён выявіў сьвятасьць Сваю перад імі.
14 З Кадэшу паслаў Майсей паслоў да валадара Эдому, каб яны сказалі: «Так кажа брат твой, Ізраіль: Ты ведаеш усе беды, якія ахапілі нас,
15 як перабраліся бацькі нашыя ў Эгіпет і пражылі там шмат часу і як Эгіпцяне крыўдзілі нас і бацькоў нашых,
16 ды як мы клікалі ГОСПАДА, і Ён выслухаў нас, і паслаў Анёла Сьвятога Свайго, Які вывеў нас з Эгіпту. Вось жа мы ў горадзе Кадэшы, на мяжы тваёй.
17 Дык просім, дазволь прайсьці праз зямлю тваю. Ня пойдзем мы праз палі і вінаграднікі і ня будзем піць вады са студняў тваіх. Але пойдзем дарогай валадарскай, не адхіляючыся ані направа, ані налева, пакуль не мінем межаў тваіх».
18 Адказаў ім Эдом: «Не ідзі праз мяне, бо перайму цябе са зброяй».
19 Сказалі тады сыны Ізраіля: «Мы пойдзем бітаю дарогай, а калі будзем піць ваду, мы і жывёла наша, заплацім, што належыцца. Ня будзе цяжкасьці з платай. Мы хутка пройдзем».
20 Але Эдом адказаў: «Ня пройдзеце!» І выйшаў Эдом супраць іх з шматлікім войскам і добра ўзброены.
21 І забараніў Эдом Ізраілю пераходзіць межы свае, дык Ізраіль адыйшоў у бок ад яго.
22 І вырушылі сыны Ізраіля з Кадэшу, і прыбылі пад гару Гор.
23 Сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону там, на гары Гор, якая знаходзіцца на мяжы Эдому:
24 «Аарон будзе далучаны да народу свайго, бо ён ня ўвойдзе ў зямлю, якую Я дам сынам Ізраіля, таму што вы супрацівіліся волі Маёй ля водаў Мэрыбы.
25 Вазьмі Аарона і сына яго Элеазара і завядзі іх на гару Гор.
26 Там здымеш з бацькі адзеньне ягонае, і апранеш у яго Элеазара, сына ягонага. Аарон няхай адыйдзе і там памрэ».
27 Майсей зрабіў, як яму загадаў ГОСПАД. І ўзыйшлі яны на гару Гор у прысутнасьці ўсёй супольнасьці.
28 Аарон скінуў шаты свае, і апрануў у іх Элеазара, сына свайго. І памёр Аарон на вяршыні гары, а Майсей з Элеазарам зыйшлі ўніз.
29 А калі ўся супольнасьць Ізраіля ўбачыла, што памёр Аарон, плакаў увесь дом Ізраіля трыццаць дзён.

Кніга Лікі, 20 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.