Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 І загадаў ГОСПАД Майсею і Аарону:
2 «Аддзялі спаміж сыноў Левія сыноў Кегата, усю іх лічбу па родах іхніх і сем’ях іхніх,
3 ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб выконвалі работу ў Намёце Спатканьня.
4 Гэткая вось служба сыноў Кегата ў Намёце Спатканьня — [насіць] рэчы найсьвяцейшыя.
5 Калі табар будуць рыхтаваць у паход, тады Аарон і сыны ягоныя ўвойдуць і здымуць заслону, што вiсiць перад уваходам, і накрыюць ёю Каўчэг Сьведчаньня.
6 Потым пакладуць накрыцьцё са скуры тахаш, і над ім расьцягнуць тканіну, усю з фіялетавага пурпуру, а потым укладуць насілы.
7 Таксама стол хлябоў пакладных накрыюць тканінаю з фіялетавага пурпуру і паставяць на ім посуд, талеркі, чашы і кубкі на ахвяры вадкія; і хлябы будуць на ім заўсёды.
8 І пакладуць на іх тканіну кармазыновую, а потым накрыцьцё са скураў тахаш, а пасьля укладуць насілы.
9 Потым возьмуць тканіну з фіялетавага пурпуру і накрыюць ёй падставу сьвечніка разам з лямпамі, нажніцамі, пасудзінамі на кнаты ды ўсімі пасудзінамі для алею, ужыванымі пры ім для запальваньня.
10 І ўсё гэтае накрыюць накрыцьцём са скуры тахаш, і пакладуць на насілы.
11 І на залаты ахвярнiк пакладуць тканіну з фіялетавага пурпуру, і накрыюць яго накрыцьцём са скуры тахаш, і ўкладуць насілы.
12 Потым возьмуць усе прыналежнасьці, патрэбныя да службы ў сьвятыні, і накрыюць іх тканінай з фіялетавага пурпуру і накрыцьцём са скуры тахаш, і пакладуць на насілы.
13 І ачысьцяць ахвярнiк ад попелу, і накрыюць яго чырвоным пурпурам.
14 І пакладуць на ім увесь посуд, ужываны для службы пры ахвярнiку: папяльніцы, вілкі, лапаткі, крапільнікі — усе гэтыя прыналежнасьці ахвярнiка накрыюць скурай тахаш і ўкладуць насілы.
15 Пры выхадзе ў дарогу, калі Аарон і сыны ягоныя скончаць накрываць усе сьвятыя рэчы і ўсе прыналежнасьці іхнія, падыйдуць сыны Кегата, каб іх несьці. Нельга ім аднак дакранацца Каўчэга Сьведчаньня, каб не памерлі. Такія вось абавязкі сыноў Кегата ў Намёце Спатканьня.
16 Элеазар, сын Аарона сьвятара, будзе рупіцца пра алей на асьвятленьне, пра пахкія кадзілы, пра заўсёдную ахвяру хлебную, і пра алей памазаньня, і што толькі патрэбнае для служэньня ў Сялібе, і пра ўсе прыналежнасьці Сялібы».
17 Зноў гаварыў ГОСПАД да Майсея:
18 «Не дазвольце зьнікнуць сям’і Кегата сярод лявітаў,
19 але старайцеся, каб жылі і не паміралі, калі будуць прыступацца да найсьвяцейшых рэчаў. Аарон і сыны ягоныя няхай прыйдуць і вызначаць кожнаму свой занятак і што хто мае несьці.
20 Але няхай самі не ўваходзяць у сьвятыню хоць на хвіліну, каб паглядзець, бо будуць пакараныя сьмерцю».
21 І далей гаварыў ГОСПАД да Майсея:
22 «Палічы сыноў Гершона па родах іхніх і сем’ях іхніх.
23 Палічы ўсіх ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб выконвалі работу ў Намёце Спатканьня.
24 Вось такі абавязак сыноў Гершона, што яны будуць рабіць:
25 яны будуць насіць заслоны Сялібы і сам Намёт Спатканьня з накрыцьцём ягоным, таксама накрыцьці са скураў тахаш, заслону, што вісіць каля ўваходу ў Намёт Спатканьня,
26 заслоны панадворку і заслону ля ўваходу ў панадворак, які знаходзіцца вакол Сялібы і ахвярнiка, ды вяроўкі і ўсе прыналежнасьці, патрэбныя для служэньня.
27 На загад Аарона і сыноў ягоных павінны праходзіць ўсе службы сыноў Гершона пры пераносцы цяжараў і пры ўсякай рабоце іхняй. Даручы ім ўсё, што носяць яны.
28 Такі абавязак сыноў Гершона ў Намёце Спатканьня. Будуць яны пад наглядам Ітамара, сына Аарона сьвятара.
29 Палічы таксама сыноў Мэрары па сем’ях іхніх і родах іхніх,
30 ад трыццаці да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб працаваць у Намёце Спатканьня.
31 Такія вось іхнія абавязкі: насіць дошкі Сялібы і яе папярочкі, слупкі яе і іх падставы,
32 далей слупкі панадворку з усіх бакоў і іхнія падставы, калкі намёту і вяроўкі, ды ўсе рэчы пры іх, і ўсе прыналежнасьці іхнія, і запішыце ўсе рэчы, якія яны павінны насіць.
33 Такі абавязак сыноў Мэрары і службаў іх у Намёце Спатканьня. Будуць яны пад наглядам Ітамара, сына Аарона сьвятара».
34 Дык Майсей, і Аарон, і князі супольнасьці палічылі сыноў Кегата па сем’ях іхніх і родах іхніх,
35 ад трыццаці гадоў і аж да пяцідзесяці гадоў, усіх здатных да спаўненьня службы і працы ў Намёце Спатканьня.
36 Было налічана іх па сем’ях дзьве тысячы семсот пяцьдзясят.
37 Такая вось лічба сыноў Кегата, якія паслугуюць у Намёце Спатканьня і якіх палічыў Майсей і Аарон па загаду ГОСПАДА, дадзенага праз Майсея.
38 Палічаны таксама сыны Гершона па сем’ях іхніх і родах іхніх,
39 ад трыццаці гадоў і аж да пяцідзесяці гадоў, здатных да спаўненьня службы і да працаў у Намёце Спатканьня.
40 Налічана іх па сем’ях і родах дзьве тысячы шэсьцьсот трыццаць.
41 Гэта лічба сыноў Гершона, усіх, якія спаўняюць службу ў Намёце Спатканьня, якіх палічыў Майсей і Аарон па загаду ГОСПАДА.
42 Палічана таксама сыноў Мэрары па сем’ях іхніх і родах іхніх,
43 ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усіх, здатных да службы ў Намёце Спатканьня.
44 І налічана іх па сем’ях тры тысячы дзьвесьце.
45 Гэта лічба сыноў Мэрары, якіх палічыў Майсей і Аарон па загаду ГОСПАДА, дадзенаму праз Майсея.
46 Так былі сьпісаны ўсе лявіты, якіх палічылі Майсей, і Аарон, і князі Ізраіля па сем’ях іхніх і родах іхніх,
47 ад трыццаці гадоў і аж да пяцідзесяці, здатных да спаўненьня службы ў Сялібе і да працаў у Намёце Спатканьня.
48 І было налічана іх восем тысячаў пяцьсот восемдзесят.
49 Па загаду ГОСПАДА, дадзенага Майсею, прызначаны яны кожны да сваёй работы і сваіх працаў. І былі яны палічаны, як загадаў ГОСПАД Майсею.

Кніга Лікі, 4 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.