Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Потым сыны Ізраіля пайшлі далей і расклаліся табарам на раўнінах Мааву на другім баку Ярдану, насупраць Ерыхону.
2 Балак, сын Цыпора, бачыў усё, што зрабіў Ізраіль Амарэйцам.
3 Дык Мааў дужа баяўся гэтага народу, бо ён быў шматлікі, і баяўся Мааў сыноў Ізраіля.
4 І сказаў Мааў старшыням спаміж Мадыянцаў: «Цяпер гэтая супольнасьць паесьць усё кругом, як вол саскубае траву на полі». Тады валадаром Мааву быў Балак, сын Цыпора.
5 І паслаў ён пасланцоў да Білеама, сына Бэора, у Пэтор над ракой Эўфрат у зямлі Амавітаў, каб паклікаць яго і сказаць яму: «Вось, выйшаў народ з Эгіпту і пакрыў аблічча зямлі, i пасяліўся насупраць мяне.
6 Дык прыйдзі, прашу, і пракляні мне народ гэты, бо ён дужэйшы за мяне. Можа, я здолею перамагчы яго і выгнаць з зямлі, бо ведаю, што каго ты дабраславіш, будзе дабраслаўлёны, а каго ты праклянеш, будзе пракляты».
7 І вось выбраліся старшыні Мааўлянаў са старшынямі Мадыянцаў у дарогу, заагледжаныя ў падарункі для вяшчуна, і прыйшлі да Білеама, і перадалі яму словы Балака.
8 Ён жа ім адказаў: «Пераначуйце тут ноч, і я адкажу вам тады, як скажа мне ГОСПАД». І асталіся старшыні Мааўлянаў у Білеама.
9 І прыйшоў Бог да Білеама, і сказаў: «Што гэта за людзі ў цябе?»
10 Білеам адказаў Богу: «Балак, сын Цыпора, валадар Мааўлянаў, прыслаў да мяне
11 сказаць: “Гэты вось народ, які выйшаў з Эгіпту, пакрыў аблічча зямлі. Прыйдзі і пракляні мне яго, каб мог я з ім ваяваць і выгнаць яго”».
12 На тое сказаў Бог Білеаму: «Ня можаш ты ісьці з імі, нельга табе праклінаць народ, бо ён дабраслаўлёны».
13 На раніцы ўстаў ён і сказаў князям Балака: «Варочайцеся ў зямлю сваю, бо ГОСПАД не дазволіў мне ісьці з вамі».
14 Усталі тады князі Мааву, і прыйшлі да Балака, і сказалі яму: «Білеам на захацеў ісьці з намі».
15 І Балак паслаў яшчэ больш князёў, і болей дастойных, чым тыя.
16 Як толькі прыйшлі яны да Білеама, сказалі яму: «Так кажа Балак, сын Цыпора: “Не адмаўляйся прыйсьці да мяне.
17 Я гатовы табе выказаць вялікую пашану, і, што захочаш, дам табе. Прыйдзі і пракляні мне народ гэты”».
18 Білеам адказаў: «Калі б даваў мне Балак поўны дом свой срэбра і золата, то не магу пераступіць волі ГОСПАДА, Бога майго, як у малых рэчах, так і ў вялікіх.
19 Прашу, застаньцеся таксама ў гэтую ноч, а я даведаюся, што скажа мне зноў ГОСПАД».
20 І прыйшоў вось Бог да Білеама ноччу, і кажа яму: «Калі прыйшлі гэтыя людзі паклікаць цябе, то ўстань і ідзі з імі, але зробіш толькі тое, што Я табе скажу».
21 І ўстаў Білеам, асядлаў асьліцу сваю і вырушыў разам з імі.
22 І ўзгарэўся гнеў Бога, што ён паехаў. І стаў анёл ГОСПАДАЎ на дарозе супраць яго, каб затрымаць яго. Ён жа ў таварыстве двух слугаў сваіх ехаў на асьліцы сваёй.
23 Калі асьліца заўважыла анёла ГОСПАДАВАГА, якi стаяў на дарозе з выцягнутым мячом, зыйшла з дарогі і пайшла ў поле. Білеам ударыў яе, хочучы завярнуць яе на дарогу.
24 Тады анёл ГОСПАДАЎ стаў на цеснай дарозе паміж вінаграднікамі, і мур быў з тога і з гэтага боку.
25 Калі асьліца ўбачыла анёла ГОСПАДАВАГА, дык прыціснулася да муру. Ён жа пачаў яе біць нанова.
26 Анёл ГОСПАДАЎ перайшоў у месца так цеснае, што ані з правага, ані з левага боку ніяк ня можна было абмінуць яго, і закрыў дарогу.
27 Калі асьліца ўбачыла анёла ГОСПАДАВАГА зноў, лягла пад ногі Білеама. Ён, узлаваны, яшчэ мацней біў яе палкаю.
28 Тады адкрыў ГОСПАД вусны асьліцы, і яна сказала Білеаму: «Што я табе зрабіла? Чаму б’еш мяне трэйці раз?»
29 Білеам сказаў: «Бо ты працівілася мне. Каб меў я меч у руцэ, забіў бы цябе!»
30 Асьліца сказала: «Ці ж я не твая асьліца, на якой езьдзіш ад пачатку да сёньняшняга дня? Ці ж я мела звычку так чыніць з табой?» А ён кажа: «Ніколі».
31 Раптам адкрыў ГОСПАД вочы Білеама, і ён угледзеў анёла ГОСПАДАВА, што стаяў на дарозе з выцягнутым мячом. Пакланіўся ён тады анёлу да зямлі.
32 І сказаў яму анёл ГОСПАДАЎ: «Навошта трэйці раз біў ты асьліцу сваю? Я прыбыў і заступіў табе дарогу, бо нядобрая дарога твая.
33 Бачачы мяне, асьліца тры разы ўхілялася ад мяне, і каб не ўхілялася, я забіў бы цябе, а яе пакінуў бы жывую».
34 Білеам сказаў: «Саграшыў я, бо ня ведаў, што ты заступіў мне дарогу; а цяпер вось, калі табе не падабаецца, вярнуся назад».
35 Але анёл ГОСПАДАЎ сказаў Білеаму: «Ідзі з тымі людзьмі, але сьцеражыся, не гавары чаго іншага, толькі тое, што я табе загадаю». І пайшоў Білеам з князямі Балака.
36 Калі пачуў Балак, што Білеам ідзе, выйшаў яму на спатканьне аж да Ір-Мааву, гораду, які на мяжы пры Арноне.
37 Ён сказаў Білеаму: «Ці ж не пасылаў я да цябе пасланцоў, каб паклікалі цябе? Чаму не адразу прыбыў ты да мяне? Няўжо я не магу ўшанаваць цябе?»
38 Білеам яму адказаў: «Вось, я прыйшоў да цябе. Ці ж магу што другое гаварыць, апрача таго, што мне ў вусны Бог улажыў?»
39 І пайшлі Балак разам з Білеамам, і прыйшлі ў Кірыят-Хуцот.
40 Балак пазабіваў валоў і авечак і паслаў Білеаму і князям, якія з ім былі.
41 З настаньнем раніцы Балак завёў Білеама на высоты Баала, каб адтуль убачыў ён частку народу Ізраіля.

Кніга Лікі, 22 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.