Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Сыны Рубэна і Гада мелі вельмі шмат жывёлы. Калі яны ўбачылі зямлю Язэр і Гілеад, прыдатныя на гадоўлю быдла,
2 прыйшлі яны да Майсея, і Элеазара, і начальнікаў супольнасьці і сказалі ім:
3 «Вось, Атарот, Дыбон, Язэр, Німра, Хешбон, Элеале, Сэбам, Нэбо і Бэон,
4 зямля, якую ГОСПАД даў супольнасьці Ізраіля, край ураджайны, прыдатны для гадоўлі быдла, і вось мы, слугі твае, маем шмат жывёлы».
5 І сказалі: «Калі мы знайшлі ласку у цябе, дай гэтую зямлю слугам тваім на ўласнасьць, не пераводзь нас за Ярдан».
6 Адказаў ім Майсей: «Няўжо калі браты вашыя пойдуць ваяваць, вы тут будзеце сядзець?
7 Чаму вы стрымліваеце сэрца сыноў Ізраіля, каб ня мелі яны адвагі перайсьці ў зямлю, якую ім мае даць ГОСПАД?
8 Ці ня так зрабілі бацькі вашыя, калі паслаў я іх з Кадэш-Барнэа выведаць зямлю?
9 Калі дайшлі яны аж да даліны Эшколь, выведаўшы ўвесь той край, збунтавалі яны сэрцы сыноў Ізраіля, каб не ішлі ў зямлю, якую прызначыў ім ГОСПАД.
10 І ГОСПАД узгарэўся гневам і сказаў:
11 “Ня ўбачаць гэтыя людзі, якія выйшлі з Эгіпту ў дваццаць гадоў і вышэй, тае зямлі, якую ГОСПАД пад прысягай абяцаў Абрагаму, Ісааку і Якубу, бо не захацелі Мяне слухаць,
12 за выняткам Халева, сына Ефунны, Кенезеяніна, і Егошуа, сына Нуна, бо яны слухалі ГОСПАДА!”
13 І гневаўся ГОСПАД на Ізраіля, і вадзіў яго па пустыні сорак гадоў, пакуль ня вымерла ўсё пакаленьне, якое рабіла зло перад абліччам ГОСПАДА.
14 Так і вы, род ліхіх людзей, як і бацькі вашыя, збунтаваліся, каб павялічыць лютасьць гневу ГОСПАДАВАГА на Ізраіля.
15 Калі зноў не захочаце слухаць Яго, зноў будзе Ён вадзіць вас па пустыні вакол, і вы будзеце прычынай гібелі ўсіх».
16 Яны падыйшлі бліжэй да яго і сказалі: «Мы пабудуем загоны для статкаў нашых і гарады для дзяцей нашых,
17 а самі, узброеныя і прыгатаваныя, пойдзем ваяваць перад сынамі Ізраіля, пакуль не ўвядзём іх у месцы іхнія. Дзеці нашыя будуць жыць у гарадах абмураваных дзеля небясьпекі ад жыхароў зямлі гэтай.
18 Ня вернемся мы ў дамы нашыя, пакуль не авалодаюць сыны Ізраіля ўласнасьцю сваёй.
19 Мы ня будзем шукаць уласнасьці за Ярданам або далей, бо ўжо маем спадчыну сваю на ўсходнім беразе Ярдана».
20 Майсей адказаў ім: «Калі ўчыніце так, як вы сказалі, калі будзеце дзеля ГОСПАДА гатовыя да бою,
21 і калі кожны з вас, узброены, пяройдзе Ярдан, аж пакуль ГОСПАД ня выганіць ворагаў Сваіх перад Сабою,
22 і, пасьля авалоданьня ўсёй зямлёй, вернецеся ў гэтую зямлю, тады ня будзеце вінаватыя перад ГОСПАДАМ і перад Ізраілем і возьмеце гэтую зямлю на ўласнасьць перад ГОСПАДАМ.
23 А калі тое, што кажаце, ня споўніце, вы дапусьціцеся грэху перад ГОСПАДАМ, і ведайце, што грэх ваш знойдзе вас.
24 Дык будуйце гарады дзецям вашым і загоны авечкам вашым, але тое, што абяцалі, споўніце».
25 Сыны Гада і Рубэна сказалі Майсею: «Мы, слугі твае, зробім усё, што загадвае гаспадар наш.
26 Нашыя дзеці, жанчыны, жывёлы і стады застануцца у гарадах Гілеадзкіх,
27 а слугі твае, усе ўзброеныя, пойдуць перад абліччам ГОСПАДА на вайну, як загадаў гаспадар наш».
28 І загадаў Майсей сьвятару Элеазару, і Егошуа, сыну Нуна, і начальнікам родаў усіх пакаленьняў Ізраіля,
29 і сказаў ён ім: «Калі сыны Гада і сыны Рубэна разам з вамі пяройдуць раку Ярдан, усе ўзброеныя, каб па волі ГОСПАДА ваяваць, і вы завалодаеце зямлёю, дайце ім Гілеад на ўласнасьць.
30 А калі не захочуць разам з вамі, узброеныя, ісьці ў зямлю Ханаан, атрымаюць пасяленьні паміж вас».
31 І адказалі сыны Гада і сыны Рубэна: «Як загадаў ГОСПАД слугам Сваім, так і зробім.
32 Узброеныя, самі пойдзем перад абліччам ГОСПАДА ў зямлю Ханаан, і возьмем спадчыну нашую за Ярданам».
33 І даў Майсей сынам Гада і Рубэна і палове пакаленьня Манасы, сына Язэпа, валадарства Сыгона, валадара Амарэйцаў, і валадарства Ога, валадара Башану, зямлю з гарадамі і гарады ваколічныя.
34 І збудавалі сыны Гада Дыбон, Атарот, Араэр,
35 Атрот-Шафан, Язэр і Ёгбэгу,
36 і Бэт-Німру і Бэт-Гаран, абмураваныя гарады і загоны для статкаў сваіх.
37 А сыны Рубэна збудавалі Хешбон, Элеале і Кірыятаім,
38 Нэбо, Баал-Мэон, зьмяніўшы іх назвы, Сібму, і далі назвы гарадам, якія адбудавалі.
39 Сыны Махіра, сына Манасы, пайшлі ў Гілеад і занялі яго, выгнаўшы Амарэйцаў, што жылі ў ім.
40 І даў Майсей Гілеад Махіру, сыну Манасы, які абжыўся ў ім.
41 А Яір, сын Манасы, пайшоў і заняў мястэчкі Амарэйцаў, якія назваў Хават-Яір.
42 Нобах таксама вырушыў, і захапіў Кенат з ваколіцамі ягонымі, і назваў яго імем сваім, Нобах.

Кніга Лікі, 32 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.