1 Калі Білеам пераканаўся, што ГОСПАДУ падабаецца, каб ён дабраслаўляў Ізраіля, дык не пайшоў, як раней хадзіў, каб варажыць, але павярнуў ён аблічча сваё на пустыню.
2 Калі падняў ён вочы свае і ўбачыў Ізраіля, што стаяў табарам па пакаленьнях сваіх, агарнуў яго Дух Божы,
3 і абвясьціў ён прароцтва сваё, кажучы: «Кажа Білеам, сын Бэора, кажа чалавек, у якога адкрытыя вочы,
4 кажа той, хто чуе слова Божае, той, хто бачыць відзежы Ўсемагутнага, той, хто падае, але вочы адкрытыя ў яго.
5 О як прыгожыя намёты твае, Якубе, і паселішчы твае, Ізраілю!
6 Раскінуліся яны як даліны рэкаў, як сады на беразе ручая, як дрэвы алёэ, якія ГОСПАД пасадзіў, як кедры між водамі.
7 Цячэ вада з нетраў ягоных, і зерне ягонае мае ўдосталь вільгаці. Валадар ягоны мацнейшы, чым Агаг, і ўзвышаецца валадарства ягонае.
8 Бог вывеў яго з Эгіпту. Ён для яго — як рог буйвала. Праглыне ён народы, ворагаў сваіх, косьці іхнія паломіць і струшчыць стрэламі сваімі.
9 Ён прыхіліўся, лёг як леў ды як ільвіца, хто адважыцца падняць яго? Хто дабраслаўляе цябе, сам будзе дабраслаўлёны; хто праклінае цябе, сам будзе пракляты!»
10 І разгневаўся на Білеама Балак, і, пляснуўшы рукамі, сказаў: «На праклён ворагаў маіх я паклікаў цябе. А іх ты ўжо трэці раз дабраслаўляеш!
11 Уцякай хутчэй у дом свой! Хацеў я цябе багата аднагародзіць, але ГОСПАД пазбавіў цябе прыгатаванай нагароды».
12 Білеам адказаў Балаку: «Ці ж ужо пасланцам тваім, пасланым табою да мяне, не казаў я:
13 “Хоць бы Балак даваў мне поўны дом свой срэбра або золата, не магу працівіцца слову ГОСПАДА. Ці што добрае, ці што ліхое ня выкажу з сэрца майго, але толькі тое, што ГОСПАД скажа, тое і я скажу”.
14 Дык вось, я вярнуся да народу майго, але падыйдзі, я скажу табе, што зробіць народ гэты з народам тваім у апошнія часы».
15 І выказаў ён прароцтва, кажучы: «Кажа Білеам, сын Бэора, кажа чалавек, які мае адкрытыя вочы,
16 кажа той, хто чуе словы Божыя, які ведае думку Ўзвышняга і бачыць відзежы Ўсемагутнага, які, падаючы, мае адкрытыя вочы.
17 Бачу яго, але яшчэ не цяпер, аглядаю яго, але ня зблізка. Узыходзіць зорка з Якуба, паўстае скіпетр з Ізраіля; і ён струшчыць скроні Мааву і чарапы ўсіх сыноў Сэта.
18 Эдом станецца ўласнасьцю ягонай, і Сэір стане спадчынай ворагаў. Ізраіль будзе рабіць вялікія справы.
19 Ад Якуба будзе валадар, і зьнішчыць ён рэшткі гораду».
20 Калі ўбачыў ён Амалека, абвясьціў прароцтва сваё і сказаў: «Амалек — першы з народаў, але да рэшты ён будзе зьнішчаны».
21 Угледзеў таксама Кенэяў, і абвясьціў прароцтва сваё, і сказаў: «Моцнае жытло тваё, і на скале пабудаванае гняздо тваё;
22 але і яно прызначанае на зьнішчэньне, калі Асур зьняволіць цябе».
23 І абвясьціў ён прароцтва сваё, і зноў сказаў ён: «Хто будзе жыць, калі Бог зробіць гэта?
24 Прыплывуць караблі з Кітыму, і перамогуць Асура, і паканаюць Эбэра, але ўрэшце і самі загінуць».
25 І ўстаў Білеам, і вярнуўся ў месца сваё, а Балак таксама пайшоў дарогай сваёй.
Кніга Лікі, 24 глава