Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Валадар Араду, Хананеец, які жыў ў Нэгеве, даведаўся, што Ізраільцяне надыходзяць дарогай ад Атарыму, і напаў ён на Ізраіля, і ўзяў палоньнікаў.
2 Тады Ізраіль шлюбаваў ГОСПАДУ ў гэтыя словы: «Калі Ты выдасі народ гэты ў рукі нашыя, мы збурым гарады ягоныя».
3 І выслухаў ГОСПАД малітву Ізраіля, і даў яму Хананейцаў, якіх яны выбілі, і збурылі гарады іхнія, і назвалі месца тое Харма.
4 З гары Гор ішлі яны ў напрамку Мора Чырвонага, каб абыйсьці зямлю Эдом. І ў час дарогі народ страціў цярплівасьць.
5 І пачалі яны наракаць на Бога і Майсея, і казалі: «Навошта вы вывелі нас з Эгіпту, каб мы памерлі ў пустыні? Няма хлеба, няма вады. Абрыдла ўжо нам гэтая марная ежа».
6 І паслаў ГОСПАД на народ ядавітых зьмеяў, якія кусалі народ, і памерла шмат народу з Ізраіля.
7 І прыйшоў народ да Майсея, і жаліўся: «Саграшылі мы, бо блявузгалі супраць ГОСПАДА і супраць цябе. Маліся да ГОСПАДА, каб забраў Ён ад нас гэтых зьмеяў». І маліўся Майсей за народ.
8 І сказаў ГОСПАД яму: «Зрабі мядзянага зьмея і падымі яго на жэрдцы. Калі хто ўкушаны гляне на яго, будзе жыць».
9 І зрабіў Майсей мядзянага зьмея, і памясьціў яго на жэрдцы, і хто быў укушаны зьмеямі, глянуўшы на мядзянага зьмея, здаравеў.
10 Адтуль выйшлі сыны Ізраіля і расклаліся табарам у Абоце.
11 З Аботу накіраваліся далей і расклаліся табарам пад Іе-Гаабарымам у пустыні на ўсход ад Мааву.
12 Адтуль пайшлі далей і затрымаліся ў лагчыне ручая Зарэд.
13 Пакінуўшы яго, расклаліся табарам за ракою Арнон, якая цячэ праз пустыню, пачынаючыся з зямлі Амарэйцаў, бо Арнон творыць мяжу між Мааўлянамі і Амарэйцамі.
14 Таму вось сказана ў Кнізе войнаў ГОСПАДА: «Вагэб каля Суфа і ручаёў Арнону.
15 Схіл ручаёў сягае аж да мясцовасьці Ар і прылягае аж да межаў Мааву».
16 Адгэтуль рушылі у Бээр. Гэта тая студня, пра якую сказаў ГОСПАД Майсею: «Зьбяры народ, і Я дам ім вады».
17 Тады засьпявалі Ізраільцяне гэтую песьню: «Напаўняйся, студня, сьпявайце аб ёй!
18 Студня, якую выкапалі князі ды начальнікі народу, выразалі скіпетрам і кіямі сваімі». З пустыні яны вырушылі ў Матану,
19 з Матаны ў Нааліэль, з Нааліэля ў Бамот,
20 з Бамоту ў лагчыну, якая ў зямлі Мааў, каля вяршыні гары Пісга, што ўзвышаецца над пустыняй.
21 І паслаў Ізраіль паслоў да Сыгона, валадара Амарэйцаў, каб яму сказаць:
22 «Прашу, дазволь мне прайсьці праз зямлю тваю; ня збочым мы на палі і на вінаграднікі, ня будзем піць са студняў, пакуль ня пройдзем межы твае».
23 Але Сыгон не дазволіў Ізраілю прайсьці праз межы свае. Ён сабраў усё войска сваё і пераняў іх у пустыні, прыйшоў у Ягцу і напаў на Ізраіля.
24 Паканаў аднак яго Ізраіль мячом і заняў зямлю ягоную ад Арнону аж да Ябоку, аж да [зямлі] сыноў Амона, бо моцнай абаронай былі заагледжаны межы сыноў Амона.
25 І авалодаў Ізраіль усімі тымі гарадамі, i абжыўся ў гарадах Амарэйцаў, у Хешбоне і ў-ва ўсіх ваколіцах.
26 Хешбон быў сталіцай Сыгона, валадара Амарэйцаў, які ваяваў з папярэднім валадаром Мааву і заваяваў у яго ўсю зямлю аж да Арнону.
27 Таму гаворыцца ў прыказцы: «Ідзіце ў Хешбон! Няхай будзе адбудаваны і ўмацаваны горад Сыгона!
28 Вось, агонь шугануў з Хешбону, полымя з гораду Сыгона, і спаліў Ар-Мааў і праглынуў узгорышчы Арнона.
29 Гора табе, Мааў; прапаў ты, народ Хамоша! Змусіў ён сыноў тваіх да ўцёкаў, а дачок тваіх [даў] у палон Сыгону, валадару Амарэйцаў.
30 Пусьцілі мы стрэлы ў іх, загінуў Хешбон аж да Дыбону. Зьнішчылі мы ўсё аж да Нофы ды аж да Мэдэвы».
31 Так абжыўся Ізраіль у зямлі Амарэйцаў.
32 Пасьля паслаў Майсей выведчыкаў, каб агледзелі Язэр. І яны здабылі яго разам з вакалічнымі мясцовасьцямі, а Амарэйцаў, якія былі там, выгналі.
33 Далей павярнуліся і пайшлі ў бок Башану. Пераняў іх Ог, валадар Башану, з усім народам сваім у Эдрэі, каб ваяваць з імі.
34 І ГОСПАД сказаў Майсею: «Ня бойся яго, бо Я аддаў яго ў рукі твае, яго і ўвесь народ, і зямлю ягоную, і ты зробіш з ім так, як зрабіў з Сыгонам, валадаром Амарэйцаў, які сядзеў у Хешбоне».
35 І яны пабілі яго і сыноў ягоных, і ўвесь народ ягоны, аж нікога не засталося з іх, і завалодалі зямлёй ягонай.

Кніга Лікі, 21 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.