Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 І сазаў ГОСПАД Майсею і Аарону:
2 «Вось пастанова Закону, устаноўленая ГОСПАДАМ. Скажы сынам Ізраіля, няхай прывядуць табе рудую карову без заганы, на якую яшчэ не ўскладана ярмо.
3 Аддасьцё яе сьвятару Элеазару, які загадае вывесьці яе за табар, і заб’іцё яе ў прысутнасьці яго.
4 Потым Элеазар памочыць палец у крыві ейнай і пакропіць сем разоў уваход Намёту Спатканьня.
5 І няхай спаляць цела ейнае ў прысутнасьці яго, а таксама скуру, кроў і нячыстасьць ейную спаляць агнём.
6 І няхай возьме сьвятар дровы кедровыя, гізоп разам з ніткамі кармазыновымі i кіне ў агонь, у якім гарыць карова.
7 Тады вось, памыўшы шаты свае i цела сваё, увойдзе ён у табар, але нячысты будзе ён аж да вечара.
8 І той, хто спальваў карову, няхай памые шаты свае і цела сваё, але нячысты будзе ён аж да вечара.
9 Потым чалавек чысты зьбярэ попел каровы і высыпе за табарам у месцы чыстым, каб для супольнасьці Ізраіля быў захаваны для прыгатаваньня вады ачышчэньня. Гэта ахвяра за грэх.
10 Той, хто зьбіраў попел каровы, павінен вымыць адзеньне сваё і будзе нячысты аж да вечара. Гэта пастанова вечная як для Ізраільцянаў, так і для чужынцаў, якія ў іх жывуць.
11 Хто дакранецца нябожчыка, будзе дзеля таго сем дзён нячысты.
12 Павінен ён [вадой з попелу каровы] ачысьціцца ў трэйці і сёмы дзень, і тады будзе чысты. Калі ў трэйці дзень і ў сёмы дзень ня будзе ачышчаны, ня будзе чысты.
13 Кожны, хто дакрануўся мёртвага цела нейкага чалавека памёршага i не ачысьціўся, зьневажае Сялібу ГОСПАДА; будзе вынішчана душа тая з Ізраіля. Ён не акрапіў сябе вадою ачышчэньня, дык нячысты ён будзе, і нячыстасьць ягоная застанецца на ім.
14 Гэткі вось закон адносна чалавека, які памёр у намёце: кожны, хто ўвойдзе ў гэты намёт, і хто ў ім знаходзіцца, будзе нячысты сем дзён.
15 Таксама кожная пасудзіна адкрытая, якая ня мае накрыўкі, прымацаванай на шнурку, будзе нячыстай.
16 Падобна будзе нячыстым сем дзён той, хто на адкрытым полі дакранецца або забітага мячом, або памёршага, або костак людзкіх, або магілы.
17 Для нячыстага няхай возьмуць попелу той спаленай ахвяры за грэх і няхай нальюць на яго жывой вады ў посуд.
18 Няхай чалавек чысты возьме гізоп, памочыць яго ў вадзе і пакропіць намёт, і ўвесь посуд, і людзей, якія знаходзяцца ў ім, наастатак таго, хто дакрануўся костак, або забітага, або памёршага, або магілы.
19 І пакропіць чалавек чысты таго, хто нячысты, у трэйці і сёмы дзень, і так ачысьціць яго ў сёмы дзень. Чалавек [нячысты] памые сябе і адзеньне сваё вадой, i вечарам будзе чысты.
20 Але калі хто ў гэты спосаб ня быў ачышчаны, то будзе зьнішчана душа яго спаміж супольнасьці, бо ён апаганіў Сялібу ГОСПАДА; вадою ачышчэньня ён не абмыты, ён — нячысты.
21 Гэта будзе вам законам у-ва ўсе вякі. Той, хто кропіць вадой ачышчэньня, таксама павінен вымыць адзеньне сваё; кожны, хто дакранецца вады ачышчэньня, нячысты будзе да вечара.
22 Чаго толькі дакранецца нячысты, а таксама асоба, якая яго дакранецца, будуць нячыстымі да вечара».

Кніга Лікі, 19 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.