Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Вось жа Карах, сын Іцгара, сына Кегата, сына Левія, а таксама Датан і Абірам, сыны Эліява, і Он, сын Пэлета, з сыноў Рубэна,
2 паўсталі супраць Майсея разам з іншымі сынамі Ізраіля, у лічбе двухсот пяцідзесяці чалавек, начальнікі супольнасьці, прадстаўнікі народу, людзі слаўныя.
3 Выступілі яны супраць Майсея і Аарона і сказалі: «Хопіць вам, бо ўся супольнасьць, усе — сьвятыя, і пасярод іх ёсьць ГОСПАД. Дык чаму вы ставіце сябе вышэй царквы ГОСПАДА?»
4 Калі пачуў гэта Майсей, упаў вобліч.
5 І сказаў Караху ды ўсяму сходу: «Заўтра пакажа ГОСПАД, хто да Яго належыць, і хто сьвяты, i сьвятых прытуліць да Сябе; і каго Ён выбярэ, таго Ён наблізіць да Сябе.
6 Дык вось што зрабіце: Няхай Карах і ўсе яго супольнікі возьмуць кадзільніцы свае,
7 і няхай у іх укладуць агонь, і заўтра пакладуць у іх кадзіла перад ГОСПАДАМ, і каго выбярэ ГОСПАД, той сьвяты. Досыць вам, сыны Левія».
8 І сказаў Майсей Караху: «Слухайце, сыны Левія!
9 Ці мала вам, што Бог Ізраіля аддзяліў вас спаміж усёй супольнасьці Ізраіля, і выбраў вас Сабе, каб вы служылі Яму ў Сялібе ГОСПАДА, і каб стаялі перад народам, і паслугавалі за іх?
10 І Ён дапусьціў цябе да Сябе і ўсіх братоў тваіх, сыноў Левія, а вы дамагаецеся яшчэ сьвятарства,
11 i ўсё тваё зборышча выступае супраць ГОСПАДА? Хто такі Аарон, што вы наракаеце супраць яго?»
12 І паслаў Майсей паклікаць Датана і Абірама, сыноў Эліява, але яны сказалі: «Ня пойдзем!
13 Ці мала табе, што ты вывеў нас з зямлі, якая ацякае малаком і мёдам, каб выгубіць нас у пустыні, і яшчэ хочаш панаваць над намі?
14 На самой справе ня ўвёў ты нас у зямлю, якая ацякае малаком і мёдам, і ня даў нам на ўласнасьць палёў і вінаграднікаў! Хочаш вочы людзей засьляпіць? Ня пойдзем!»
15 І надта разгневаўся Майсей, і сказаў ГОСПАДУ: «Не прымай ахвяры іхняе! Ніводнаму з іх ня ўзяў я нават асла і нікога з іх я ня скрыўдзіў».
16 Потым сказаў Майсей Караху: «Заўтра ты і ўсе супольнікі твае станьце перад ГОСПАДАМ, ты і Аарон – асобна.
17 І возьмеце кожны кадзільніцу сваю і пакладзіцё ў іх кадзіла, і прынясіцё перад аблічча ГОСПАДА кожны кадзільніцу сваю, дзьвесьце пяцьдзясят кадзільніцаў; ты і Аарон будзеце трымаць кожны кадзільніцу сваю».
18 І кожны ўзяў кадзільніцу сваю, уклаў у яе агонь, насыпаў кадзіла, і сталі яны каля ўваходу ў Намёт Спатканьня, сталі таксама Майсей і Аарон.
19 І сабраў Карах супраць іх усё зграмаджэньне каля ўваходу ў Намёт Спатканьня. І зьявілася ўсім слава ГОСПАДАВА.
20 І сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону:
21 «Адлучыцеся ад гэтай грамады, Я іх зьнішчу ў момант».
22 Яны тады ўпалі вобліч і малілі: «Божа, Божа, ад Якога залежыць жыцьцё ўсяго жывога, ці Сваім гневам хочаш усіх ахапіць, калі толькі адзін хто саграшыў?»
23 І сказаў ГОСПАД Майсею:
24 «Загадай усяму народу адыйсьці ад жытлаў Караха, Датана і Абірама».
25 Тады ўстаў Майсей і пайшоў да Датана і Абірама, а старшыні Ізраіля пайшлі за ім.
26 І сказаў ён тым, што сабраліся: «Адыйдзіце ад намётаў гэтых бязбожных людзей! І не дакранайцеся нічога, што да іх належыць, каб вы не пагінулі праз грахі іхнія!»
27 І адыйшліся ўсе ад месца пражываньня Караха, Датана і Абірама. Датан жа і Абірам выйшлі і сталі перад уваходам у намёты свае разам з жонкамі сваімі, сынамі і малымі дзецьмі.
28 І сказаў Майсей: «З гэтага даведаецеся, што ГОСПАД паслаў мяне, каб чыніў усё, што бачыце, і што гэта не ад мяне выйшла.
29 Калі гэтыя людзі памруць, як усе людзі паміраюць, ды калі лёс іхні будзе такі, які і ў кожнага чалавека, то ГОСПАД не паслаў мяне.
30 А калі ГОСПАД учыніць штосьці незвычайнае, што зямля разявіць пашчу сваю і праглыне іх і ўсё, што да іх належыць, і жывыя пападуць яны ў адхлань, то ведайце, што яны блявузгалі на ГОСПАДА».
31 І адразу, як перастаў гаварыць, расступілася зямля пад нагамі іхнімі;
32 і, раскрыўшы пашчу сваю, праглынула іх разам з сем’ямі іхнімі, усіх людзей Караха з усёй маёмасьцю іхняй.
33 І так жывыя папалі яны ў адхлань, і зямля накрыла іх, і былі вынішчаны спаміж царквы.
34 Усе ж сыны Ізраіля, якія стаялі навокал, на крык тых, што гінулі, паўцякалі, кажучы: «Каб часам і нас зямля не праглынула».
35 І выйшаў агонь ад ГОСПАДА, і спаліў дзьвесьце пяцьдзясят чалавек, якія ахвяроўвалі кадзіла.

Кніга Лікі, 16 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.