1 І пачаў народ наракаць на ГОСПАДА, як бы стогнучы ад вялікага гора. Калі пачуў гэта ГОСПАД, разгневаўся, і ўзгарэўся на іх, як агонь, гнеў ГОСПАДА, i зьнішчыў крайнюю частку табара.
2 Тады народ стаў клікаць Майсея, і Майсей маліў ГОСПАДА, і агонь спыніўся.
3 І назвалі тое месца Табэра, таму што ўзгарэўся супраць іх агонь ГОСПАДАЎ.
4 Іншапляменныя людзі, якія былі паміж імі, сталі адчуваць нястачу, і разам з імі сыны Ізраіля плакалі і наракалі: «Хто дасьць нам наесьціся мяса?
5 Мы памятаем, як у Эгіпце мы елі дарма рыбу. Памятаем агуркі, дыні, цыбулю і часнык.
6 Горла нашае ссохла, нічога іншага ня бачаць вочы нашыя, апрача манны».
7 Манна ж была падобная да насеньня каляндры i мела выгляд як бдалах.
8 Людзі выходзілі і зьбіралі яе, і малолі ў жорнах або таўклі ў ступе i варылі ў гаршчках, і рабілі з яе аладкі; і смак іх быў падобны да аладак з алеем.
9 Калі ноччу раса ападала на табар, адначасова ападала і манна.
10 Вось жа Майсей чуў, як народ плача і наракае сем’ямі, кожны каля ўваходу ў намёт свой. І вельмі ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА, і гэта невыносным было Майсею.
11 І сказаў Майсей ГОСПАДУ: «Чаму Ты мучыш слугу Твайго? Чаму не магу я знайсьці ласкі ў Цябе? І чаму Ты ўсклаў на мяне ўвесь цяжар народу гэтага?
12 Ці ж з мяне пачаўся ўвесь народ гэты або з мяне нарадзіўся, што Ты кажаш мне: “Насі яго ў сэрцы тваім, як носiць карміцелька дзіцятка, і занясі яго ў зямлю, якую запрысяг Ты бацькам нашым”?
13 Адкуль узяць мне мяса, каб даць усяму народу гэтаму? З плачам наракаюць на мяне, кажучы: “Дай нам мяса, каб маглі наесьціся!”
14 Не магу адзін насіць увесь гэты народ, бо ён зацяжкі для мяне.
15 Калі Ты такім чынам абыходзішся са мною, дык прашу, забі мяне, калі маю ласку ў вачах Тваіх, каб ня бачыў я болей няшчасьця майго!»
16 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Скліч Мне семдзясят чалавек спасярод старшыняў Ізраіля, пра якіх ты ведаеш, што яны людзі разважныя і ўмеюць кіраваць, і прывядзі іх у Намёт Спатканьня. Няхай там яны стаяць разам з табой,
17 а Я зыйду і буду гаварыць з табою. Вазьму тады з духа твайго і перадам ім, каб яны разам з табою насілі цяжар народу, а ня толькі ты быў ім абцяжараны.
18 А народу скажы: “Ачысьцьцеся, заўтра будзеце есьці мяса, бо Я пачуў плач ваш: ‘Хто дасьць нам есьці мяса? Добра было нам у Эгіпце’. Вось жа дасьць вам ГОСПАД мяса, і будзеце есьці,
19 і не адзін дзень, ані два або пяць, або дзесяць, ані дваццаць нават,
20 але ўвесь месяц, аж пакуль вам ня выйдзе праз ноздры вашыя і не абрыдзіць вам, бо адвярнуліся вы ад ГОСПАДА, Які сярод вас, і наракалі на Яго, кажучы: ‘Чаму выходзілі мы з Эгіпту?’”»
21 І сказаў Майсей: «Шэсьцьсот тысячаў пешых у гэтым народзе, а Ты кажаш: “Я дам ім есьці мяса цэлы месяц”?
22 Ці ж усе авечкі і валы будуць забітыя, каб хапіла ім наесьціся? Або ці ўсе рыбы ў моры зьбяруцца ў адно, каб ім хапіла?»
23 Адказаў яму ГОСПАД: «Ці ж рука ГОСПАДА скарацілася? Цяпер убачыш, ці слова Маё спаўняецца на справе, ці не».
24 І выйшаў Майсей, і абвясьціў народу словы ГОСПАДА, і склікаў семдзясят старшыняў народу, і паставіў іх вакол Сялібы.
25 А ГОСПАД зыйшоў у воблаку і гаварыў з ім, і ўзяў з духа, які быў на Майсею, і перадаў сямідзесяці старшыням. І калі дух супачыў на іх, праракавалі яны, а потым перасталі.
26 Два чалавекі засталіся ў табары, адзін зваўся Эльдад, а другі — Мэдад. На іх таксама зыйшоў дух, бо былі яны пакліканыя, толькі не пайшлі ў Намёт. Калі яны праракавалі ў табары,
27 прыбег юнак да Майсея і паведаміў яму: «Эльдад і Мэдад праракуюць у табары».
28 Егошуа, сын Нуна, які ад юнацтва свайго быў на паслузе ў Майсея, сказаў: «Гаспадару мой, Майсей, забарані ім!»
29 Але Майсей адказаў: «Ці не зайздросны ты замест мяне? О, каб увесь народ так праракаваў і каб даў ім ГОСПАД Духа Свайго!»
30 Пасьля Майсей і старшыні Ізраіля вярнуліся ў табар.
31 Раптам падняўся вецер ад ГОСПАДА і прынёс ад мора перапёлак, і кінуў іх на табар з абодвух бакоў на дзень дарогі, і пакрылі яны зямлю на два локці вышыні.
32 І паўстаў народ, і ўвесь той дзень ды ўсю ноч, і ўвесь наступны дзень зьбіралі перапёлак; хто мала сабраў, прынёс ня менш дзесяці гомараў; і разлажылі іх навакол табару.
33 Яшчэ мяса было ў зубах іхніх і не было яшчэ зьедзена, калі зноў узгарэўся гнеў ГОСПАДА супраць народу і ўдарыў яго ГОСПАД плягаю дужа вялікай.
34 Дзеля таго тое месца названа Кіброт-Гатава, бо там пахавалі прагавіты народ.
35 Выйшаўшы з Кіброт-Гатавы, яны прыйшлі ў Гацэрот і там затрымаліся.
Кніга Лікі, 11 глава