1 І сказаў ГОСПАД Майсею:
2 «Скажы Аарону і сынам ягоным, каб яны паважалі сьвятыя дары сыноў Ізраіля i не зьнеслаўлялі сьвятое імя Маё ў тым, што яны Мне пасьвячаюць. Я — ГОСПАД.
3 Скажы ім, каб ведалі аб гэтым будучыя пакаленьні: Калі хто з нашчадкаў вашых, будучы ў нячыстасьці, прыступіцца да рэчаў сьвятых, якія сыны Ізраіля пасьвячаюць ГОСПАДУ, такі чалавек будзе вынішчаны перад абліччам Маім. Я — ГОСПАД.
4 Ніводзін нашчадак Аарона, які быў бы пракажоны або цярпеў бы на выцёкі, ня будзе магчы есьці рэчаў сьвятых, пакуль не паздаравее. І хто дакранецца да чаго нячыстага ад памёршага або ў каго здарыцца выцёк насеньня,
5 або хто дакранецца паўзуна, якім занячысьціцца, або чалавека, які зрабіў бы яго нячыстым нячыстасьцю сваёю,
6 дык хто дакранецца такіх рэчаў, будзе нячысты аж да вечара і ня будзе есьці сьвятых рэчаў, пакуль не абмые цела сваё ў вадзе.
7 Па заходзе сонца будзе ён ачышчаны, і тады будзе есьці сьвятыя рэчы, бо яны ёсьць ежай ягонаю.
8 Ня будзе ён есьці падліны ані мяса разьдзёртых жывёлаў, бо праз гэта стаўся б нячысты. Я — ГОСПАД.
9 Няхай выконваюць прыказаньні Мае, каб ня мелі дзеля таго грэху ды каб з гэтай прычыны не памерлі, калі спаганяць іх. Я — ГОСПАД, Які асьвячаю іх.
10 Ніводзін чужынец ня будзе есьці сьвятых рэчаў; ані той, што жыве ў сьвятара, або найміт ня будзе есьці гэтых рэчаў.
11 Калі ж сьвятар купіць нявольніка за грошы, той можа есьці сьвятое, таксама народжаныя ў доме ягоным могуць есьці хлеб ягоны.
12 Калі б дачка сьвятара выйшла замуж за чужога чалавека, то яна не павінна есьці гэтых сьвятых ахвяраваных дароў.
13 Аднак, калі дачка сьвятара аўдавела або была кінута і, ня маючы дзяцей, вярнулася ў дом бацькі свайго, як звычайная дзяўчына, будзе жывіцца стравай бацькі свайго. Ніхто аднак чужы ня мае права есьці яе.
14 Калі ж хто несьвядома зьесьць сьвятое, аднагародзіцца за гэта сьвятару, дадаючы яшчэ пятую частку яго [вартасьці].
15 [Сьвятары] ня будуць паганіць сьвятых дароў, якія сыны Ізраіля складаюць у ахвяру ГОСПАДУ,
16 і не павінны сьцягваць на сябе віну, калі будуць есьці сьвятыя рэчы. Я — ГОСПАД, Які асьвячаю іх».
17 І сказаў ГОСПАД Майсею:
18 «Гавары Аарону, і сынам ягоным, і ўсім сынам Ізраіля ды кажы ім: Калі хто спасярод Ізраіля або спаміж прыбыльцаў, якiя пражываюць у Ізраілі, па шлюбаваньню якім або па добрай волі сваёй складае ахвяру сваю, якую прыносіць ГОСПАДУ на цэласпаленьне,
19 то, каб была прынятаю, мусяць прынесьці цялятаў, бараноў або козаў без заганы мужчынскага роду.
20 Ніякай жывёлы, якая мае загану, не складайце ў ахвяру, бо ня будзе яна для вас спрыяльнай.
21 Калі хто захоча скласьці ГОСПАДУ ахвяру мірную, каб споўніць шлюбаваньне або як дар дабравольны, ці гэта з валоў, ці з авечак, то няхай будзе яна без заганы, каб была прынятай.
22 Не складайце ГОСПАДУ ў ахвяру жывёлін сьляпых, скалечаных, кульгавых, апухлых, паршывых, у балячках. Ня будзеце такіх жывёлін складаць на ахвярнiку ў ахвяру цэласпаленьня ГОСПАДУ.
23 Цяля або барана някшталтнага ці хворага можаш скласьці як ахвяру дабраахвотную, але як шлюбаваная ахвяра ня будзе прынятая.
24 Жывёлу, у якой яечкі сьціснутыя, разьбітыя, вырваныя або выразаныя, не складайце ў ахвяру ГОСПАДУ. І ня будзеце такога рабіць у вашай зямлі,
25 ані з рук чужынцаў ня будзеце складаць такіх жывёлін у дар Богу вашаму, таму што гэты недахоп іхні ёсьць заганаю, і дзеля таго ня будуць яны для вас карыснымі».
26 І сказаў ГОСПАД Майсею:
27 «Калі народзіцца табе цяля, або ягня, або казляня, то будзе яно сем дзён пры матцы. Пачынаючы ад восьмага дня і далей будзе яно прыемнай ахвярай агнявой для ГОСПАДА.
28 Але ані каровы, ані авечкі не забівайце ў адзін дзень разам з іх малым.
29 Калі складаеце ГОСПАДУ ахвяру падзякі, складайце яе так, каб была яна прыемнай;
30 у той самы дзень зьешце яе; няхай не застаецца з яе нічога да раніцы другога дня. Я — ГОСПАД.
31 Захоўвайце прыказаньні Мае і спаўняйце іх. Я — ГОСПАД.
32 Не паганьце імя Маё сьвятое, каб быў Я сьвятым паміж сыноў Ізраіля. Я — ГОСПАД, Які асьвячае вас
33 і Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб быць Богам вашым. Я — ГОСПАД».
Кніга Лявіт, 22 глава