Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 І сказаў ГОСПАД Майсею па сьмерці двух сыноў Аарона, калі яны прыйшлі перад аблічча ГОСПАДА і былі забітыя,
2 і загадаў яму: «Скажы Аарону, брату твайму, каб ня ў кожны час ён уваходзіў у Месца Найсьвяцейшае за заслону перад накрыўкай, якая на Каўчэгу, каб ён не памёр, калі Я буду аб’яўляцца ў воблаку над накрыўкай.
3 Вось такім спосабам будзе ён уваходзіць у Месца Найсьвяцейше — узяўшы маладое цяля ў ахвяру за грэх і барана ў ахвяру цэласпаленьня.
4 І няхай адзенецца ён у шату сваю льняную, у споднія льняныя, перапаяшацца паясом ільняным, а на галаву ўскладзе льняны кідар — гэта сьвятыя шаты. Няхай абмые цела сваё вадою і апране іх.
5 Ад супольнасьці сыноў Ізраіля возьме двух казлоў: аднаго — у ахвяру за грэх, а другога — у ахвяру цэласпаленьня.
6 Потым Аарон прывядзе цяля ў ахвяру за грэх за сябе і ачысьціць сябе і дом свой.
7 І возьме двух казлоў, і паставіць іх перад ГОСПАДАМ перад уваходам у Намёт Спатканьня.
8 Пасьля кіне Аарон жэрабя на гэтых казлоў: адно жэрабя — для ГОСПАДА, а другое жэрабя — для Азазэля.
9 Потым Аарон прывядзе таго казла, на якога выпала жэрабя для ГОСПАДА, і складзе яго ў ахвяру за грэх,
10 а казла, на якога выпала жэрабя для Азазэля, паставіць жывога перад ГОСПАДАМ, каб выканаць ачышчэньне і каб выгнаць яго для Азазэля ў пустыню.
11 Потым Аарон прывядзе цяля ў ахвяру за грэх за сябе і на перамаленьне за сябе і за свой дом, і заб’е цяля ў ахвяру за грэх за сябе.
12 Пасьля возьме поўную кадзільніцу напаленых вуглёў з ахвярнiка, які перад ГОСПАДАМ, і поўныя жмені пахкага тоўчанага кадзіла і занясе за заслону;
13 і кіне кадзіла на агонь перад ГОСПАДАМ. Воблака кадзіла закрые накрыўку, якая над Каўчэгам Сьведчаньня, і так не памрэ.
14 Далей возьме крыві цяляці і пакрапіць пальцам сваім перад накрыўкай з усходу. Сем разоў пакрапіць перад накрыўкай пальцам, змочаным у крыві.
15 Потым заб’е казла за грэх народу, і ўнясе кроў яго за заслону, і зробіць з крывёй яго тое самае, што зрабіў з крывёй цяляці, і пакрапіць ёю накрыўку зьверху і сьпераду,
16 і ачысьціць Месца Сьвятое ад нячыстасьці сыноў Ізраіля i ад злачынстваў іх паводле ўсіх грахоў іхніх. Гэтак сама зробіць ён з Намётам Спатканьня, які знаходзіцца ў іх сярод нячыстасьці іхняй.
17 Ніводзін чалавек не павінен быць у Намёце Спатканьня ад хвіліны, калі Аарон увойдзе, каб выканаць ачышчэньне ў Месцы Найсьвяцейшым, аж пакуль ён ня выйдзе. Вось так ачысьціць ён сябе, дом свой і ўсю царкву Ізраіля.
18 Потым выйдзе да ахвярнiка, які перад ГОСПАДАМ, і ачысьціць яго. Возьме крыві бычка і крыві казла і памажа ёю рагі ахвярнiка з усіх бакоў,
19 і пакрапіць сем разоў яго пальцам, умочаным у крыві. Такім чынам ачысьціць яго ад нячыстасьці сыноў Ізраіля і асьвяціць яго.
20 Калі ўжо скончыць ачышчэньне Месца Сьвятога, Намёту Спатканьня і ахвярнiка, тады прывядзе жывога казла.
21 І ўскладзе Аарон абедзьве рукі на галаву жывога казла, і выкажа над ім усе правіны сыноў Ізраіля, усе злачынствы іхнія ды ўсе грахі іхнія, узложыць іх на галаву казла і выганіць яго праз прызначанага чалавека ў пустыню.
22 Такім спосабам казёл забярэ з сабой усе правіны іхнія ў зямлю бязьлюдную, і выганіць ён казла ў пустыню.
23 Тады Аарон увойдзе ў Намёт Спатканьня, здыме шаты льняныя, якія надзеў, уваходзячы ў Месца Сьвятое, ды пакладзе іх там.
24 І абмые цела вадою ў сьвятым месцы, ускладзе шаты, і выйдзе, і складзе ахвяру цэласпаленьня за сябе і за народ, і ачысьціць сябе і народ.
25 Таксама тлушч ахвяры за грэх спаліць на ахвярнiку.
26 А чалавек, які выгнаў казла для Азазэля, памые адзеньне, абмые цела вадою, а потым вернецца ў табар.
27 А бычка за грэх і казла за грэх, кроў якіх унесена была для ачышчэньня Месца Сьвятога, вынясуць за табар і спаляць разам са скураю, мясам і нячыстасьцю іхняй.
28 Той, хто спаліць іх, вымые адзеньне сваё і абмые цела сваё вадою, а пасьля вернецца ў табар.
29 Гэта будзе вам вечнай пастановай: у сёмы месяц, у дзясяты дзень месяца, прыгнятайце душы вашыя пакутаю, не выконвайце ніякай працы ані тутэйшы, ані прыбылец, які паселіцца паміж вамі.
30 У той дзень будзе перамаленьне вашае дзеля ачышчэньня ад усіх грахоў вашых, каб былі вы чыстымі перад абліччам ГОСПАДА.
31 Гэта для вас субота супачынку, прыгнятайце душы вашыя пакутаю. Гэта пастанова вечная.
32 Ачышчаць будзе сьвятар, які быў памазаны і пасьвячаны на сьвятарства на месца бацькі свайго. І ўскладзе ён на сябе льняныя шаты, адзеньне сьвятое,
33 і ачысьціць Месца Найсьвяцейшае і Намёт Спатканьня, ахвярнiк, а таксама сьвятароў і ўвесь народ царквы.
34 Гэта будзе для вас пастанова вечная, каб раз у год ачышчаць сыноў Ізраіля ад усіх грахоў іхніх». І зрабіў ён, як загадаў ГОСПАД Майсею.

Кніга Лявіт, 16 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.