Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Гавары сьвятарам, сынам Аарона, і кажы ім: Хай не занечышчаецца сьвятар, дакранаючыся памёршага з народу свайго.
2 Хіба толькі да блізкіх сваякоў, да бацькі і маці, сына і дачкі, а таксама брата свайго
3 і сястры сваёй, дзяўчыны, што жыве пры ім незамужняя, можна яму дакранацца і не занячысьціць сябе.
4 І няхай не занячысьціць сябе сьвятар з прычыны сваякоў жонкі сваёй, бо было б гэта зьнявагаю.
5 Не павінны яны стрыгчы галавы і скраяў барады, i на целе сваім ня будуць рабіць нарэзаў.
6 Сьвятымі будуць яны перад Богам сваім і ня будуць паганіць імя Ягонае, бо яны складаюць ахвяры цэласпаленьня ГОСПАДУ і ахвяры хлебныя, таму мусяць яны быць сьвятымі.
7 Ня возьмуць яны за жонку распусьніцы або зьняслаўленай; ня возьмуць жанчыны, выгнанай мужам, бо сьвятар пасьвечаны Богу.
8 Будзеш уважаць яго за сьвятара, бо ён складае хлеб Богу твайму. Дык няхай будзе ён сьвяты для цябе, бо сьвяты Я, ГОСПАД, Які асьвячае вас.
9 Калі дачка сьвятара паганіць сябе распустаю і няславіць імя бацькі свайго, будзе яна спалена ў агні.
10 Найвышэйшы сьвятар паміж братоў сваіх, галава якога была памазана алеем, рукі якога пасьвечаныя ў сьвятарства ды які адзеты ў шаты сьвятыя, ня будзе распускаць валасоў сваіх і разьдзіраць шатаў,
11 і ня будзе ён набліжацца да ніводнага памёршага, ня можа занячысьціцца нават з прычыны бацькі свайго і маці.
12 Ня будзе ён выходзіць са сьвятыні і не апаганіць сьвятога месца ГОСПАДАВАГА, бо ён памазаны алеем памазаньня для Бога свайго. Я — ГОСПАД.
13 За жонку возьме ён толькі дзяўчыну.
14 Ня возьме за жонку ані ўдавы, ані разьведзенай, ані зьняслаўленай, ані распусьніцы, ніводнай з такіх ня возьме, але возьме дзяўчыну спасярод сваякоў сваіх.
15 І не зьняславіць ён насеньня свайго сярод сваякоў сваіх, бо Я — ГОСПАД, Які асьвячаю яго».
16 І сказаў ГОСПАД Майсею:
17 «Скажы Аарону: Ніхто з патомства твайго ў-ва ўсе пакаленьні іх, у якога на целе будзе загана, не павінен прыступаць, каб складаць ахвяру Бога свайго.
18 Ніхто, у каго на целе недахоп, не павінен прыступаць, ані сьляпы, ані кульгавы, ані той, хто мае скалечаны твар,
19 ані хто мае зламаную нагу або зламаную руку,
20 ані гарбаты, ані кволы, ані той, хто мае бяльмо на воку, ані каросьлівы, ані паршывы, ані той, хто мае пашкоджаныя яечкі.
21 Ніводзін чалавек з нашчадкаў Аарона сьвятара, у якога на целе загана, не павінен прыступаць, каб складаць ахвяру агнявую ГОСПАДУ, Богу свайму; ён мае загану, не павінен ён прыступаць, каб складаць ахвяру Бога свайго.
22 Але можа ён есьці хлеб Бога свайго як з [дароў] сьвятых, так і з найсьвяцейшых.
23 Толькі ня будзе ён падыходзіць да заслоны і ня будзе падыходзіць да ахвярнiка, бо мае загану. Ня будзе ён паганіць сьвятыню Маю, бо Я — ГОСПАД, Які асьвячаю іх».
24 Майсей сказаў гэта Аарону, сынам яго i ўсім сынам Ізраэіля.

Кніга Лявіт, 21 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.