Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 І сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону:
2 «Калі ў якога чалавека на скуры цела зьявіцца пухліна, або лішай, або белая пляма, што ёсьць прыкметай праказы, то няхай прывядуць яго да Аарона, сьвятара, або да аднаго з сыноў яго, сьвятароў.
3 Сьвятар агледзіць пляму на скуры, і калі валасы на пляме зьменяцца на белыя ды пляма паглыбіцца на скуры цела, гэта хвароба праказы. Сьвятар праверыць яго і прызнае яго нячыстым.
4 Калі, аднак, пляма на скуры цела яго белая, але ня ўглыбіўшыся ў цела, і валасы не пабялелыя, то сьвятар адасобніць яго на сем дзён.
5 У сёмы дзень сьвятар агледзіць яго. Калі сьвятар сьцьвердзіць, што пляма не павялічылася і не пашырылася на скуры, то адасобніць яго яшчэ на сем дзён.
6 Пасьля сямі дзён сьвятар зноў яго агледзіць. Калі пляма пацямнела і не пашырылася на скуры, то сьвятар прызнае яго чыстым; гэта лішай, дык няхай ён вымые адзеньне сваё і будзе чысты
7 Калі, аднак, лішай пашырыўся па скуры пасьля таго, як ён стаў перад сьвятаром для праверкі, то ён другі раз павінен стаць перад сьвятаром.
8 Сьвятар агледзіць яго, і калі сьцьвердзіць, што лішай пашырыўся на скуры, прызнае яго тады нячыстым; гэта праказа.
9 Калі на якім чалавеку выявіцца праказа, няхай прывядуць яго да сьвятара.
10 Калі сьвятар агледзіць яго і сьцьвердзіць, што на скуры ягонай ёсьць белая пухліна, паросшая белымі валасамі, і на пухліне жывое мяса,
11 гэта значыць, што на скуры цела яго застарэлая праказа. Сьвятар прызнае яго нячыстым і адасобніць яго, бо ён нячысты.
12 Калі ж праказа расьцьвіце на скуры і пакрые ўсю скуру хворага ад галавы да ног, на колькі могуць бачыць вочы сьвятара,
13 i ўбачыць сьвятар, што праказа пакрыла ўсё цела ягонае, то ён аб’явіць хворага чыстым, таму што ўсё (цела) перамянілася ў белае; ён чысты.
14 Калі выявіцца на ім жывое мяса, то ён нячысты.
15 Сьвятар, убачыўшы жывое мяса, прызнае яго нячыстым; бо жывое мяса нячыстае; гэта праказа.
16 Калі ж жывое мяса станецца зноў белым, няхай ён прыйдзе да сьвятара.
17 Сьвятар яго агледзіць і сьцьвердзіць, што плямы сталіся белымі і прызнае яго чыстым; ён чысты.
18 Калі ў каго на скуры цела была скула і зажыла,
19 але на месцы скулы будзе белая пухліна, або белая пляма, або чырвоная, то ён павінен паказацца сьвятару.
20 Сьвятар агледзіць яго і сьцьвердзіць, што тая пляма паглыблена адносна скуры і што валасы на ёй пабялеўшыя, і прызнае тады яго нячыстым. Гэта хвароба праказы, якая зацьвіла на скуле.
21 Калі, аднак, сьвятар сьцьвердзіць, што там няма белых валасоў, і што пляма не паглыблена адносна скуры, і што яна пацямнеўшы, то сьвятар адасобніць яго на сем дзён.
22 Калі ж яна пашырыцца на скуры, то сьвятар прызнае яго нячыстым. Бо гэта хвароба праказы.
23 Калі, аднак, пляма застанецца бяз зьмены і не пашырыцца, то гэта шнар на скуле, і сьвятар прызнае яго чыстым.
24 Калі хто мае на сваёй скуры апёк, і калі на той скуры зьявіцца чырвоная або белая пляма,
25 дык сьвятар агледзіць яго. Калі сьцьвердзіць, што валасы на пляме пабялеўшы, і калі выглядае, што пляма паглыблена адносна акружаючай скуры, значыць, гэта праказа, каторая зацьвіла на апёку. Сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта хвароба праказы.
26 Калі, аднак, сьвятар сьцьвердзіць, што на пляме няма белых валасоў і што яна не паглыблена адносна акружаючай скуры, ды што яна пацямнеўшы, дык сьвятар адасобніць яго на сем дзён.
27 У сёмы дзень сьвятар зноў яго агледзіць. Калі пляма пашырылася на скуры, то сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта хвароба праказы.
28 Калі, аднак, пляма не пашырыцца на скуры, але пацямнее, значыць, гэта шнар ад апёку. Сьвятар прызнае яго чыстым, бо гэта ёсьць шнар ад апёку.
29 Калі ў мужчыны або жанчыны на галаве або барадзе зьявіцца пляма,
30 няхай агледзіць яе сьвятар, і калі сьцьвердзіць, што яна паглыблена адносна акружаючай скуры, і што валасы на ёй сталіся жоўтыя і тонкія, дык сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта паршывасьць, праказа галавы або барады.
31 Калі ж сьвятар агледзіць пляму, і яна не паглыблена адносна скуры, і валасы на ёй ня чорныя, дык адасобніць яго (чалавека) на сем дзён.
32 У сёмы дзень сьвятар агледзіць пляму, і калі сьцьвердзіць, што пляма не пашырылася, і што на ёй няма жоўтых валасоў, і калі пляма не паглыбілася адносна скуры,
33 то чалавек паголіцца, але не абголіць месца плямы, і сьвятар зноў адасобніць яго на сем дзён.
34 У сёмы дзень, калі сьвятар убачыць, што пляма трымаецца свайго месца і не паглыбілася адносна скуры, то сьвятар прызнае яго чыстым. Памыўшы адзеньне, будзе ён чыстым.
35 А калі пасьля ачышчэньня зноў зьявіцца пляма на скуры,
36 дык сьвятар агледзіць яго. Калі сьцьвердзіць, што пляма пашырылася на скуры яго, то ўжо не патрабуе шукаць жоўтых валасоў, бо ясна, што ён нячысты.
37 Калі ж пляма застаецца ў сваім выглядзе, ды бачна на ёй чорны волас, то няхай ведае, што чалавек здаровы, і няхай сьвятар сьмела заяўляе, што ён чысты.
38 Калі ў мужчыны або жанчыны паявіцца на скуры цела іхняга шмат плямаў белых,
39 няхай агледзіць іх сьвятар. Калі сьцьвердзіць, што на іх скуры сьветлыя белыя плямы, дык гэта толькі крапіўка, якая закрасавала на скуры. Ён чысты.
40 Калі з чыёй галавы выпадуць валасы, то ён лысы, і ён чысты.
41 Калі ў каго лоб палысее, ён лысы, і ён чысты.
42 Але калі на лысіне або лысеючым чале паявіцца пляма белая або чырвоная, значыць, гэта праказа, якая закрасавала на лысіне або палыселым чале.
43 Дык калі сьвятар сьцьвердзіць, што ў яго пухліна белая або чырвоная на лысеючым чале, падобная да праказы на скуры цела,
44 гэта значыць чалавек пракажоны, нячысты. У яго на галаве праказа.
45 Пракажоны, крануты гэтай хваробай, будзе мець разадранае адзеньне, нячэсаныя валасы на галаве і бараду заслоненую і будзе крычаць: “Нячысты, нячысты!”
46 Увесь час сваёй хваробы ён будзе нячыстым. Будзе жыць асобна па-за табарам.
47 Калі на якімсьці адзеньні зьявіцца праказа, ці на адзеньні ваўняным, ці на ільняным,
48 ці на аснове, ці на ўтоку льняным, ці ваўняным, ці на скуры, ці на якім вырабе скураным,
49 і калі зьявіцца пляма зелянявая або чырванявая на адзеньні або на скуры, на ўтоку або аснове, або на якім другім вырабе скураным, гэта хвароба праказы. Трэба паказаць гэта сьвятару.
50 Сьвятар агледзіць заражанае і замкне (заражанае) на сем дзён.
51 У сёмы дзень агледзіць зноў пляму, і калі яна пашырылася на адзеньні, або на аснове, або на ўтоку, або на скуры, або на якім іншым вырабе, зробленым са скуры, то гэта праказа ліхая; усё, на чым яна знойдзена, — нячыстае.
52 І ён павінен спаліць гэтае адзеньне, ці аснову, ці ўток ільняны, ці ваўняны, ці выраб скураны, на якіх будзе гэтая зараза, бо гэта злаякасная праказа, яна павінна быць спалена агнём.
53 Калі, аднак, сьвятар сьцьвердзіць, што пляма не пашырылася на адзеньні, або на аснове, або на ўтоку, або на якім скураным вырабе,
54 то ў такім выпадку сьвятар загадае вымыць рэч, заражаную язвай, і замкне яе яшчэ на сем дзён.
55 Калі па вымыцьці сьвятар сьцьвердзіць, што пляма не зьмяніла свайго віду, то, значыць, гэта нячыстае, хоць пляма не пашырылася. Спаліш тое незалежна ад таго, ці рэч заражаная з аднога, ці з другога боку.
56 А калі сьвятар сьцьвердзіць па вымыцьці, што пляма сталася сьвятлейшай, то ён адарве гэтае месца ад адзеньня або скуры, або асновы, або ўтоку.
57 А калі пляма зноў зьявіцца на адзеньні, або на аснове, або на ўтоку, або на якім-колечы вырабе скураным, гэта красаваньне праказы; спаліш у агні тое, на чым ёсьць зараза.
58 Аднак тое адзеньне, або аснова, або ўток, або які іншы выраб скураны, які ты вымыў i з якога зьнікла пляма, няхай будзе вымыты паўторна, і будзе ён чысты.
59 Гэта вось закон адносна праказы на адзеньні ваўняным ці льняным, на аснове, або на ўтоку, або на якім скураным вырабе, каб прызнаць іх чыстымі ці нячыстымі».

Кніга Лявіт, 13 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.