Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 І сказаў ГОСПАД Майсею:
2 «Загадай сынам Ізраіля, каб прынесьлі табе для сьвечніка найчысьцейшага алею, выціснутага з алівак, празрыстага, для пастаяннага гарэньня сьвечак сьвечніка.
3 Прыгатуе яго Аарон за заслонай сьведчаньня ў Намёце Спатканьня, каб заўсёды ад вечара аж да раніцы гарэў перад ГОСПАДАМ. Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых.
4 Прыгатуе ён тыя сьвечкі на чыстым сьвечніку, каб гарэлі заўсёды перад ГОСПАДАМ.
5 Вазьмі таксама мукі і сьпячы з яе дванаццаць хлябоў; у кожным хлебе павінна быць дзьве дзясятых эфы.
6 Пасьля пакладзеш іх у два шэрагі, па шэсьць у кожным шэрагу, на чыстым стале перад ГОСПАДАМ,
7 i пакладзеш на кожны шэраг найчысьцейшага кадзіла; гэта будзе памятная частка хлеба, ахвяра, паленая для ГОСПАДА.
8 У кожную суботу пастаянна будуць класьцi іх перад ГОСПАДАМ як дар ад сыноў Ізраіля; гэта запавет вечны.
9 Яны належацца Аарону і сынам ягоным, каб спажывалі іх у асьвечаным месцы, бо гэта рэчы сьвятыя, якія належаць яму спаміж ахвяраў агнявых для ГОСПАДА. Гэта пастанова вечная».
10 Між сынамі Ізраіля знаходзіўся сын адной Ізраільцянкі, народжаны ад Эгіпцяніна. У табары ён павадзіўся з адным Ізраільцянінам,
11 і сын Ізраільцянкі зблюзьніў супраць імя [Госпада] і пракляў Яго. Прывялі яго да Майсея. Маці яго называлася Шэляміт, дачка Дыбры, з пакаленьня Дана.
12 Аддалі яго пад варту, пакуль ня высьветліцца прысуд ад ГОСПАДА.
13 І сказаў ГОСПАД Майсею:
14 «Выведзі блюзьнерцу за табар, і ўсе, хто яго чуў, паложаць рукі свае на галаву ягоную, і ўвесь сход укамянуе яго.
15 А сынам Ізраіля скажы: “Чалавек, які зблюзьніць супраць Бога свайго, адкажа за свой грэх.
16 І хто зблюзьніць супраць імя ГОСПАДА, будзе пакараны сьмерцю. Увесь сход укамянуе яго, ці ён будзе прыхадзень, ці тутэйшы. Хто блюзьніць на імя ГОСПАДА, той будзе пакараны сьмерцю.
17 Хто ўдарыць і заб’е чалавека, будзе пакараны сьмерцю.
18 Хто заб’е жывёлу, будзе абавязаны да звароту: жывёлу за жывёлу.
19 Хто скалечыць бліжняга, будзе пакараны; як ён зрабіў, так і яму зробяць.
20 Пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб. У які спосаб ён скалечыў, такім чынам і ён будзе скалечаны.
21 Хто заб’е жывёлу, аддасьць іншую [жывёлу]; хто заб’е чалавека, будзе пакараны сьмерцю.
22 Роўны суд няхай будзе ў вас, ці прыхадзень саграшыць, ці тутэйшы. Бо Я — ГОСПАД, Бог ваш!”»
23 І загадаў Майсей сынам Ізраіля вывесьці блюзьнерцу за табар і закідаць камянямі. І сыны Ізраіля зрабілі так, як загадаў ГОСПАД Майсею.

Кніга Лявіт, 24 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.