Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 І сказаў ГОСПАД Майсею:
2 «Калі хто саграшыць і дапусьціцца праступку перад ГОСПАДАМ тым, што адмовіцца аддаць бліжняму тое, што яму было дадзена на захаваньне, або што яму было дадзена ў заклад, або што было ім скрадзена, або што адабрана яшчэ якім чынам (у бліжняга),
3 або калі знайшоў ён згубленую рэч і запярэчыў гэтаму, або што фальшыва сьведчыў адносна якой рэчы, праз якую чалавек можа саграшыць,
4 вось жа хто так саграшыў і мусіць аднагарадзіцца, павінен аддаць тое, што ўкраў, або тое, што адабраў, або што яму было даручана на захаваньне, або згубленае, што ён знайшоў,
5 або рэч, адносна каторай прысягаў фальшыва, і няхай ён верне поўную вартасьць той рэчы, дадаючы пры тым да яе пятую частку яе вартасьці. Павінен ён аддаць гэта ўласьніку ў той самы дзень, калі будзе складаць ахвяру аднагараджэньня.
6 А за праступак ахвяруе ён ГОСПАДУ ягня без заганы са статку, паводле ацаненьня твайго, на ахвяру аднагараджэньня, і прывядзе яго да сьвятара.
7 І ачысьціць сьвятар яго перад ГОСПАДАМ, і дараваны будзе яму праступак, якім саграшыў».
8 І сказаў ГОСПАД Майсею:
9 «Загадай Аарону і сынам ягоным, кажучы: Вось закон адносна ахвяры цэласпаленьня: Ахвяра цэласпаленьня будзе прыносіцца на вогнішчы на ахвярнiку ўсю ноч аж да раніцы, і агонь ахвярнiку будзе на ім гарэць.
10 Сьвятар адзенецца ў ільняную шату і льняную бялізну, і зьбярэ попел ахвяры цэласпаленьня, якую спаліў агонь на ахвярнiку, і высыпе каля ахвярнiку.
11 Потым здыме з сябе адзеньне сваё, а адзене на цела другое адзеньне, i вынясе попел за табар на чыстае месца.
12 Агонь жа на ахвярнiку будзе гарэць заўсёды і ня будзе гаснуць. На ім сьвятар кожную раніцу будзе паліць дровы, і будзе складаць ахвяру цэласпаленьня, і паліць на ім тлушч ахвяраў мірных.
13 Агонь будзе заўсёды гарэць на ахвярнiку, і ніколі ня згасьне.
14 Гэтакі закон адносна ахвяраў хлебных: Cыны Аарона павінны прыносіць іх перад аблічча ГОСПАДА перад ахвярнiкам.
15 Сьвятар возьме жменю мукі, палітай алеем, з усім кадзілам, пакладзеным на муку, i спаліць на ахвярнiку на мілы пах як напамін ГОСПАДУ.
16 А рэшту мукі няхай зьядуць Аарон з сынамі сваімі, хлеб прэсны няхай ядуць на сьвятым месцы, на панадворку Намёту Спатканьня.
17 Таму вось не пячыце хлябоў квашаных. Гэта частка, каторую Я даю ім з Маіх ахвяраў агнявых. Гэта ахвяра найсьвяцейшая, як і ахвяра за грэх, і ахвяра аднагараждэньня.
18 Толькі мужчыны з патомства Аарона будуць яе есьці. Гэта закон вечны для вашых пакаленьняў адносна ахвяраў цэлапальных ГОСПАДУ. Кожны, хто іх дакранецца, будзе асьвечаны».
19 І сказаў ГОСПАД Майсею:
20 «Гэта вось ахвяра Аарона і сыноў ягоных, якую павінны яны складаць ГОСПАДУ ў дзень іхняга памазаньня: Будуць яны складаць ахвяру штодзённую з дзясятай часткі эфы мукі пшанічнай: палову яе на раніцы і палову — вечарам.
21 Яна павінна быць прыгатавана з алеем на патэльні. Прынясеш яе цёплую і ахвяруеш яе, падзеленую на кавалкі, на мілы пах ГОСПАДУ.
22 Сьвятар, памазаны на месца бацькі свайго, зробіць гэта. Гэта закон вечны. Ахвяра цалкам павінна быць спалена для ГОСПАДА.
23 Кожная бо хлебная ахвяра сьвятара будзе спалена агнём, і ніхто ня будзе есьці яе».
24 І сказаў ГОСПАД Майсею:
25 «Скажы Аарону і сынам ягоным: Такі вось закон адносна ахвяры за грэх: Ахвяра за грэх павінна быць забівана перад ГОСПАДАМ на тым самым месцы, дзе забіваецца ахвяра цэласпаленьня. Гэта справа сьвятая.
26 Сьвятар, які будзе складаць ахвяру за грэх, будзе яе есьці на сьвятым месцы, на панадворку Намёту Спатканьня.
27 Кожны, хто дакранецца яе мяса, будзе асьвечаны. А калі кроўю яе будзе апырскана адзеньне, то апырсканае абмый на сьвятым месцы.
28 Калі тое мяса будзе варана ў пасудзіне глінянай, то яе трэба разьбіць, а калі пасудзіна мядзяная, то павінна быць яна добра вышаравана і выпаласкана.
29 Кожны мужчына са сьвятарскага роду будзе есьці яе, бо гэта сьвятая рэч.
30 А ўсякую ахвяру за грэх, кроў якой уносяць ў Намёт Спатканьня для ачышчэньня ў Месцы Сьвятым, ніхто няхай ня есьць, але спальваецца яна агнём.

Кніга Лявіт, 6 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.