Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 І сказаў ГОСПАД Майсею:
2 «Гэта закон адносна пракажонага ў дзень ачышчэньня ягонага: Няхай прывядуць яго да сьвятара,
3 і сьвятар выйдзе з табару, і калі (сьвятар) сьцьвердзіць, што праказа вылечаная,
4 загадае, каб за таго, які ачышчаны, узялі дзьве птушкі жывыя, чыстыя, і кедровага дрэва, і кармазыновыя ніткі, і гізоп.
5 Потым сьвятар загадае забіць адну птушку над гліняным начыньнем, напоў-неным жывою вадой.
6 Пасьля возьме другую жывую птушку разам з кавалкам дрэва кедровага, з ніткамі кармазыновымі, і гізоп, і ўмочыць іх і жывую птушку ў крыві (птушкі) забітай над жывою вадою,
7 і папырскае на ачышчанага ад праказы сем разоў, і аб’явіць яго чыстым. А жывую птушку выпусьціць у поле.
8 Ачышчаны памые адзеньне сваё, абголіць усе валасы на целе, і вымыецца ў вадзе, і будзе чысты. Пасьля ачышчаны ўвойдзе ў табар і будзе жыць сем дзён па-за намётам сваім.
9 У сёмы дзень абголіць ён усе валасы, вымые адзеньне, абголіць галаву і бараду, і бровы, абмые ўсё цела вадой і будзе чысты.
10 У восьмы дзень возьме ён двух баранчыкаў без заганы, адну гадавую авечку без заганы і тры дзясятыя часткі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, як ахвяру хлебную, і адзін лог алею.
11 Потым сьвятар, які ачышчае, паставіць чалавека ачышчанага з усім гэтым перад ГОСПАДАМ каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.
12 Пасьля сьвятар возьме аднаго баранчыка і складзе яго ў ахвяру за грэх, поруч лог алею, і прынясе ўсё гэта, патрасаючы перад Госпадам.
13 Далей заб’е гэтага баранчыка на месцы, на якім забіваюцца ахвяры за грэх і ахвяры цэласпаленьня, на месцы сьвятым, бо ахвяра аднагараджэньня, як і ахвяра за грэх, належыць сьвятару; гэта сьвятая рэч.
14 І возьме сьвятар кроў ахвяры аднагараджэньня, і памажа ёю верх вуха чалавека ачышчанага, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.
15 І возьме сьвятар з лога алею і вылье яго на сваю левую далонь.
16 І памочыць сьвятар палец правай рукі ў алеі, які на яго левай далоні, i пакрапіць пальцам, памочаным у алеі, сем разоў перад ГОСПАДАМ.
17 Рэштаю алею, што на далоні яго, сьвятар памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі, над крывёй яго ахвяры аднагараджэньня.
18 А рэшту алею на далоні яго вылье ён на галаву таго, хто ачышчаецца. Гэтак ачысьціць яго перад ГОСПАДАМ.
19 Пасьля сьвятар складзе ахвяру за грэх і ачысьціць таго, хто ачышчаецца, ад нячыстасьці яго. Пасьля складзе ахвяру цэласпаленьня,
20 і складзе гэтую ахвяру на ахвярнiку разам з ахвярай хлебнай. І так сьвятар ачысьціць таго чалавека, і будзе ён чысты.
21 Калі ж хто бедны ды жыве ў нястачы, то няхай возьме аднаго барана ў ахвяру аднагараджэньня для патрасаньня, каб быць ачышчаным, а таксама дзясятую частку эфы мукі, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную, і адзін лог алею,
22 і два туркі або двое маладых галубкоў, на што будзе здольная рука яго; адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую — на цэласпаленьне.
23 І прынясе іх на восьмы дзень ачышчэньня свайго да сьвятара да ўваходу ў Намёт Спатканьня перад ГОСПАДА.
24 Сьвятар возьме ягня за грэх і лог алею ды разам патрасе перад ГОСПАДАМ.
25 І заб’е барана ў ахвяру за грэх. Пасьля возьме сьвятар кроў ахвяры за грэх і памажа верх правага вуха ачышчанага чалавека, і вялікі палец яго правай рукі, і вялікі палец яго правай нагі.
26 Далей сьвятар налье алею на сваю левую далонь
27 і, памачыўшы ў ім палец правай рукі сваёй, пакрапіць сем разоў перад абліччам ГОСПАДА.
28 Далей сьвятар памажа алеем, які ў яго на далоні, верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі ў месцы крыві ахвяры аднагараджэньня.
29 А рэшту алею, што застаўся на левай руцэ яго, вылье сьвятар на галаву таго, хто ачышчаецца, каб перапрасіць за яго ГОСПАДА.
30 Пасьля ахвяруе аднаго турка або маладога галубка, якога прынясе рука таго, хто ачышчаецца,
31 і ахвяруе аднаго за грэх, а другога на цэласпаленьне разам з ахвярай хлебнай, і так ачысьціць яго сьвятар перад ГОСПАДАМ.
32 Такая вось ахвяра пракажонага, якому не стае [маёмасьці] ў часе ачышчэньня свайго».
33 І сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону:
34 «Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, якую Я дам вам на ўласнасьць, і калі б зьявілася праказа на дамах пасяленьня вашага,
35 няхай той, чый гэта дом, ідзе і паведаміць сьвятара: “Здаецца мне, што праказа завялася ў доме маім”.
36 Сьвятар загадае, каб прынялі ўсё з дому, пакуль ён увойдзе ў яго, каб агледзець заразу, каб не запаганіла усяго, што ў доме. І ўвойдзе сьвятар, каб агледзець дом.
37 І калі ён заўважыць на сьценах яго нібы ямінкі, цьвільлю пакрытыя, і зелянявыя, што ўеліся ў сьцяну,
38 тады выйдзе з дому да дзьвярэй і адразу зачыніць яго на сем дзён.
39 У сёмы дзень, вярнуўшыся, агледзіць дом. І калі заўважыць, што язва пашырылася,
40 загадае тыя камяні заражаныя вырваць ды выкінуць за горад на нячыстае месца.
41 Дом жа кругом унутры абскрабуць, і абскрэбкі выкінуць на месца нячыстае за горадам.
42 Пасьля возьмуць іншыя камяні і пакладуць на месца папярэдніх камянёў, ды возьмуць іншую заправу і атынкуюць дом.
43 Калі ж пляма зноў закрасавала ў доме, хоць вырвалі камяні, а дом абскрэблі і атынкавалі,
44 дык прыйдзе сьвятар і агледзіць яго. І калі сьцьвердзіць, што зараза ў доме пашырылася, значыць, гэта ліхая праказа, і дом нячысты.
45 Тады дом гэты адразу разьбяруць, а камяні, і дрэва, і ўвесь попел дому таго выкінуць за горад у нячыстае месца.
46 Калі б хто ўвайшоў у дом, калі ён зачынены, будзе ён нячысты да вечара,
47 а калі б хто спаў у ім або еў штосьці, няхай памые адзеньне сваё.
48 Калі вось сьвятар прыйдзе, і агледзіць яго, і сьцьвердзіць, што зараза не пашырылася ў гэтым доме па атынкаваньні, дык прызнае гэты дом чыстым, бо зараза была вылекавана.
49 Каб ачысьціць дом, сьвятар возьме дзьве птушкі, кавалак дрэва кедровага, ніткі кармазыновыя і гізоп.
50 І заб’е адну птушку над пасудзінай глінянай над жывою вадою.
51 Пасьля возьме кедровага дрэва, гізоп, ніткі кармазыновыя і жывую птушку, памочыць іх у крыві забітай птушкі і ў жывой вадзе, i пакрапіць сем разоў дом.
52 Такім чынам ачысьціць крывёй птушкі, і вадой жывой, і дрэвам кедровым, і ніткамі кармазыновымі, і гізопам.
53 А жывую птушку пусьціць за горадам на полі. Такім чынам ачысьціць дом, і ён будзе чыстым.
54 Гэта закон адносна ўсякай заразы, праказы і паршывасьці,
55 праказы адзеньня і дому,
56 пухліны, скулаў і белых плямаў,
57 каб навучыць, калі што чыстае, а калі нячыстае. Гэта закон адносна праказы».

Кніга Лявіт, 14 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.