Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Прыповесьцяў | 17 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Разумны слуга будзе панаваць над шалапу́тным сы́нам і між братоў будзе дзяліць спадчыну.
2 Літавальны гаршчок — для срэбра, і горан — для золата, а сэрцы выпрабоўвае ГОСПАД.
3 Ліхотнік зважае на вусны нягодныя, хлус слухае язык згубны.
4 Хто насьміхаецца з беднага, той зьневажае Творцу ягонага, і хто цешыцца з няшчасьця, не пазьбегне пакараньня.
5 Карона старых — сыны сыноў, і слава сыноў — бацькі́ іхнія.
6 Не пасуе бязглуздаму паважная мова, тым больш шляхетнаму вусны брахлівыя.
7 Хабар — каштоўны камень у вачах гаспадара яго, куды толькі зьвернецца ён, будзе мець посьпех.
8 Хто прыкрывае правіну, шукае любові, а хто паўтарае слова, разьдзяляе сяброў.
9 Мацней дзейнічае нагана на разумнага, чым сто ўда́раў на дурнога.
10 Ліхадзей шукае толькі непаслухмянства, таму бязьлітасны анёл будзе пасланы супраць яго.
11 [Лепш] спаткаць мядзьведзіцу, пазбаўленую дзяцей, чым дурня ў неразумнасьці ягонай.
12 Хто адплочвае злом за дабро, у таго зло не адыйдзе ад дому ягонага.
13 Пачатак звадкі — прарыў вады, перш, чым спрэчка пачнецца, пакінь [яе].
14 Той, хто апраўдвае злачынцу, і той, хто вінаваціць праведніка, — абодва агіда для ГОСПАДА.
15 Навошта грошы ў руцэ дурнога, каб набыць мудрасьці, калі няма розуму?
16 Сябра любіць у кожны час, і ў нядолі робіцца бра́там.
17 Чалавек, пазбаўлены розуму, дае руку́ і руча́ецца перад абліччам бліжняга свайго.
18 Хто любіць сваркі, любіць грэх, і хто падымае высока вароты свае, шукае загубы.
19 Крывадушнае сэрца ня знойдзе дабра, і язык здрадлівы трапіць у бяду.
20 Хто нараджае неразумнага, — на смутак сабе, і бацька бязглуздага ня будзе цешыцца.
21 Радаснае сэрца аздараўляе, [нібы] лекі, а маркотны дух су́шыць косьці.
22 Бязбожнік бярэ хабар з-за пазухі, каб скрыві́ць сьцежкі правасудзьдзя.
23 Перад абліччам разумнага — мудрасьць, а вочы дурня — на канцы зямлі.
24 Сын неразумны — згрызота для ба́цькі свайго і горыч для той, якая яго нарадзіла.
25 Таксама нядобра кара́ць праведніка і біць шляхетнага за шчырасьць.
26 Хто мае веданьне, той у словах ашчадны, і чалавек разумны мае спакойны дух.
27 Таксама неразумны, калі маўчыць, лічыцца мудрым, і калі закрывае вусны свае, разважлівым.

Кніга Прыповесьцяў, 17 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.