Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Прыповесьцяў | 25 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Слава Божая — утоіць справу, а слава валадароў — дасьледаваць справу.
2 Высокасьць неба, глыбокасьць зямлі і сэрца валадароў недасьледныя.
3 Аддзялі жужаль ад срэбра, і выйдзе ў майстра начыньне.
4 Прыбяры бязбожніка ад аблічча валадара, і пасад ягоны ўмацуецца праведнасьцю.
5 Не ўзьвялічвай сябе перад абліччам валадара і на месцы вялікіх ня стой,
6 бо лепш, калі скажуць табе: “Узьніміся вышэй”, чым калі панізяць цябе перад абліччам магната, якога бачылі вочы твае.
7 Не кідайся пасьпешліва судзі́цца, бо што зробіш у канцы, калі асароміць цябе бліжні твой.
8 Вядзі спрэчку з бліжнім тваім і не выяўляй таямніцу іншага,
9 каб той, хто пачуе, не ўпікнуў цябе, і каб не зьвярнулася [супраць] цябе гаворка твая.
10 Як залатыя яблыкі са срэбнымі ўпрыгожваньнямі, так слова, сказанае дарэчы.
11 Як залатыя завушніцы і аздоба са шчырага золата, так мудрае дакараньне для ўважлівага вуха.
12 Як прахалода сьнегу ў дзень жніва, так верны пасланец для таго, хто паслаў яго, ён ажыўляе душу гаспадара свайго.
13 Як хмары і вецер без дажджу, так чалавек, які хва́ліцца падарункам фальшывым.
14 Цярплівасьцю пераканаеш начальніка, і лагодны язык ломіць костку.
15 [Як] знайшоў мёд, еш, колькі трэба табе, каб ты не пераеў і не званітаваў.
16 Стрымай нагу тваю ад дому бліжняга твайго, каб ты не надакучыў яму і каб ён не ўзьненавідзеў цябе.
17 Як мачуга, меч і вострая страла, так чалавек, які кажа фальшывае сьведчаньне супраць бліжняга свайго.
18 Як гнілы зуб і кульгавая нага, так надзея на ліхадзея ў дзень бедства.
19 Як здымаць адзеньне ў халодны дзень, як [ліць] воцат на сале́тру, так сьпяваць песьні засмучанаму сэрцу.
20 Калі ненавісьнік твой галодны, накармі яго хлебам, калі смагне, напаі яго вадою,
21 бо гэтым вугольле зьбіраеш на галаву ягоную, і ГОСПАД аднагародзіць табе.
22 Паўночны вецер прыганяе дождж, а язык абмоўніка — гнеў на тварах.
23 Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме.
24 Як халодная вада для стомленай душы, так добрыя весткі з далёкага краю.
25 Як скаламучанае жарало і зьнішчаная крыніца, так праведнік, які падае перад бязбожнікам.
26 Як нядобра есьці шмат мёду, так дамагацца сваёй славы ня ёсьць слава.
27 Як горад зруйнаваны і без муроў, так чалавек, які не валодае духам сваім.

Кніга Прыповесьцяў, 25 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.