1. І вось імёны сыноў Ізраіля, якія прыйшлі ў Эгіпет з Якубам, увайшлі кожны з домам сваім:
2 Рубэн, Сымон, Леві і Юда,
3 Ісахар, Завулён і Бэн’ямін,
4 Дан і Нэфталі, Гад і Асэр.
5 I ўсіх душаў, якія выйшлі з паясьніцы Якуба, было семдзясят, а Язэп быў у Эгіпце.
6 I памёр Язэп, і ўсе браты ягоныя, і ўсё пакаленьне тое.
7 І сыны Ізраіля пладзіліся, і нараджаліся, і памнажаліся, і ставаліся магутнымі вельмі- вельмі, і напоўнілася імі зямля.
8 I паўстаў новы валадар у Эгіпце, які ня ведаў Язэпа.
9 I сказаў ён народу свайму: «Вось, народ сыноў Ізраіля больш шматлікі і мацнейшы за нас.
10 Давайце мудра ўчынім адносна яго, каб ён не памнажаўся; бо як здарыцца вайна, ён злучыцца з ворагамі нашымі, і будзе ваяваць з намі, і выйдзе з зямлі гэтай».
11 I паставіў над ім наглядчыкаў працаў, каб уціскалі яго цяжкімі працамі. I ён збудаваў на склады фараону гарады Пітом і Рамсэс.
12 I колькі ўціскалі яго, ён памнажаўся і пашыраўся. I яны трывожыліся з прычыны сыноў Ізраіля.
13 I зьняволілі Эгіпцяне сыноў Ізраіля, і ўціскалі,
14 і рабілі горкім жыцьцё іхняе цажкаю працаю з глінаю і цэглаю, і ўсякаю працаю ў полі, і ўсякімі працамі зьневалялі іх і ўціскалі.
15 I сказаў валадар Эгіпту павітухам гебрайскім, якіх адной імя было Шыфра, а імя другой — Пуа,
16 і сказаў: «Калі будзеце пры радзінах у Гебраек, глядзіце на радзільны ложак: калі будзе сын, дык забіце яго; а калі дачка, няхай застанецца жывая».
17 Але павітухі баяліся Бога, і не рабілі так, як загадаў ім валадар Эгіпту; і пакідалі хлопцаў жывымі.
18 I паклікаў валадар Эгіпту павітухаў, і сказаў ім: «Чаму вы робіце гэта, чаму пакідаеце хлопцаў жывымі?»
19 І сказалі павітухі фараону: «Жанчыны гебрайскія не такія, як эгіпецкія; яны здаровыя, і яны родзяць перш, чым прыйдзе да іх павітуха».
20 I спагадаў Бог павітухам; і народ памнажаўся і вельмі мацнеў.
21 I сталася, [за тое], што павітухі баяліся Бога, Ён збудаваў ім дамы.
22 I загадаў фараон усяму народу свайму, кажучы: «Кожнага сына, які народзіцца [ў Гебраяў], кідайце ў раку; а кожную дачку пакідайце жывую».
Кніга Выхад, 1 глава