Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Тады засьпяваў Майсей і сыны Ізраіля гэты сьпеў ГОСПАДУ, і сказалі, кажучы: «Засьпяваю ГОСПАДУ, бо Ён, узьвялічваючыся, узьвялічыўся; каня і вершніка ягонага ўкінуў у мора.
2 Сіла мая і песьня — ГОСПАД, і Ён стаўся для мяне збаўленьнем. Ён — Бог мой, і я ўслаўляю Яго, [Ён —] Бог бацькі майго, і я вывышаю Яго.
3 ГОСПАД — Муж вайны, ГОСПАД — імя Ягонае.
4 Калясьніцы фараона і войска ягонае Ён укінуў у мора, і выборныя ваяры ягоныя патанулі ў моры Чырвоным.
5 Бездані пакрылі іх, яны пайшлі ў глыбіні, як камень.
6 Правіца Твая, ГОСПАДЗЕ, праславілася моцаю; правіца Твая, ГОСПАДЗЕ, скрышыла ворага.
7 I ў велічы маестату Твайго Ты зруйнаваў тых, што паўсталі супраць Цябе. Ты паслаў гнеў Твой, і ён спаліў іх, як салому.
8 I ад подыху гневу Твайго сабраліся воды, сталіся як копы струмяні, сьселіся бездані ў сэрцы мора.
9 Вораг сказаў: “Буду гнацца, даганю, падзялю здабычу; насыціцца імі душа мая, выхаплю меч мой, схопіць іх рука мая”.
10 Ты павеяў духам Тваім, і пакрыла іх мора. Яны патанулі, як волава, у водах магутных.
11 Хто, як Ты, ГОСПАДЗЕ, між багамі? Хто, як Ты, праслаўлены ў сьвятасьці, страшны ў хвале, Той, Які робіць цуды?
12 Ты выцягнуў правіцу Сваю, праглынула іх зямля.
13 Ты вёў у міласэрнасьці Тваёй народ, які Ты выбавіў, прывёў сілаю Тваёю ў жытло сьвятасьці Тваёй.
14 Пачулі народы, задрыжалі; болі ахапілі жыхароў Філістынскіх.
15 Тады спалохаліся князі Эдому, моцных Мааву ахапіла дрыжаньне, млеюць усе жыхары Ханаану.
16 Няхай ахопіць іх жах і баязьлівасьць. Ад вялікасьці рамяна Твайго замоўкнуць яны як камень, аж пакуль пройдзе народ Твой, ГОСПАДЗЕ, пакуль пройдзе народ гэты, які Ты набыў [для Сябе].
17 Ты завядзеш іх і пасадзіш іх на гары спадчыны Тваёй, на месцы, якое Ты, ГОСПАДЗЕ, ўчыніў на жытло, сьвятыню, Госпадзе, якую ўгрунтавалі рукі Твае.
18 ГОСПАД будзе валадарыць на вякі вечныя.
19 Бо ўвайшоў конь фараона з калясьніцамі ягонымі і з вершнікамі ягонымі ў мора, і абрынуў ГОСПАД на іх воды мора, а сыны Ізраіля прайшлі па сухому па сярэдзіне мора».
20 I ўзяла Мірыям, прарочыца, сястра Аарона, бубен у руку сваю, і выйшлі за ёю ўсе жанчыны з бубнамі і танцамі.
21 I адказала ім Мірыям: «Сьпявайце ГОСПАДУ, бо ўзьвялічваючыся, узьвялічыўся Ён; каня і вершніка ягонага ўкінуў у мора».
22 I павёў Майсей Ізраіль ад мора Чырвонага, і яны ўвайшлі ў пустыню Шур; і ішлі яны тры дні па пустыні, і не знайшлі вады.
23 I прыйшлі ў Мару, і не маглі піць ваду ў Мары, бо яна была горкая; таму назвалі яе Мара.
24 I наракаў народ на Майсея, кажучы: «Што будзем піць?»
25 I клікаў [Майсей] да ГОСПАДА, і паказаў яму ГОСПАД дрэва, і ён кінуў яго ў ваду, і стала салодкая вада. Там Ён даў яму пастановы і суд, і там выспрабаваў яго,
26 і сказаў: «Калі ты будзеш, слухаючы, слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і робячы, будзеш рабіць тое, што правільнае ў вачах Ягоных, і прыхіліш вуха да прыказаньняў Ягоных, і будзеш захоўваць усе пастановы Ягоныя, ніводнае з немачаў, якія Я навёў на Эгіпет, не навяду на цябе, бо Я — ГОСПАД, Лекар твой».
27 I прыйшлі яны ў Элім. Там было дванаццаць крыніцаў вады і семдзесят пальмаў; і сталі там табарам каля водаў.

Кніга Выхад, 15 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.