Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Пасланне Іуды | 1 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 Іуда, раб Іісуса Хрыста́, брат Іа́кава, паклíканым, якія былí асвячо́ны Богам Айцом і захава́ны Іісусам Хрыстом:
2 міласць вам, і мір, і любоў няха́й прымно́жацца.
3 Узлю́бленыя! прыклада́ючы усё стара́нне, каб піса́ць вам пра супо́льнае спасе́нне, я палічы́ў неабхо́дным напіса́ць вам, каб заахво́ціць змага́цца за веру, раз і назаўсёды перада́дзеную святы́м.
4 Бо паўкрада́ліся некато́рыя людзі, здаўна́ прызна́чаныя на такое асуджэ́нне, бязбо́жныя, якія абаро́чваюць благада́ць Бога нашага ў наго́ду для распу́снасці і адрака́юцца ад адзíнага Уладара́ Бога і Госпада нашага Іісуса Хрыста́.
5 Я хачу нагада́ць вам, хоць вы раз і назаўсёды ве́даеце гэта, што Гасподзь, вы́зваліўшы народ з зямлí Егіпецкай, потым вы́губіў тых, якія не ве́равалі,
6 і ангелаў, якія не захава́лі свайго пе́ршаснага стану, а пакінулі сваё жытло, захоўвае ў ако́вах ве́чных, у це́мры, на суд вялікага дня.
7 Як Садом і Гамора, і навако́льныя гарады, што падо́бна ім распу́снічалі і хадзілі за іншай пло́ццю, паста́ўлены ў пры́клад, адда́дзеныя на пакара́нне агнём вечным, —
8 так будзе і з тымі, хто, аддаючы́ся мро́ям, апага́ньвае плоць, адвярга́е ўлада́рства і зневажа́е вышэ́йшыя сíлы.
9 Міхаіл Арха́нгел, калі спрача́ўся з дыявалам, гаво́рачы пра це́ла Маісея, не асме́ліўся прамо́віць знява́жлівага асуджэ́ння, а сказа́ў: "няха́й забаро́ніць табе Гасподзь".
10 Гэтыя ж зневажа́юць тое, чаго не ве́даюць; а што ад прыро́ды, як неразу́мныя жывёлы, зна́юць, тым сябе гу́бяць.
11 Гора ім, бо шля́хам Ка́інавым яны пайшлі, і паддалíся спаку́се пла́ты, як Валаа́м, і загíнулі ў супраціўле́нні, як Карэ́й.
12 Яны — спаку́са на вашых вячэ́рах любо́ві: се́дзячы з вамі за адным сталом, яны без стра́ху па́свяць саміх сябе; яны — бязво́дныя абло́кі, што но́сяцца ве́трам; во́сеньскія дрэ́вы, бяспло́дныя, дво́йчы паме́рлыя, вы́карчаваныя;
13 раз'ю́шаныя марскíя хва́лі, якія пе́няцца брыдо́тамі сваімі; зо́ркі блука́ючыя, для якіх змрок це́мры наве́к наканава́ны.
14 Пра іх праро́чыў і Яно́х, сёмы ад Адама, ка́жучы: "вось, ідзе́ Гасподзь з дзеся́ткамі тысяч святых Ангелаў Сваіх,
15 каб учынíць суд над усімі і вы́крыць усіх бязбо́жнікаў сярод іх ва ўсіх бязбо́жных спра́вах іх, учы́неных у бязбо́жнасці, і ва ўсіх жо́рсткасцях, прамо́ўленых су́праць Яго бязбо́жнымі грэ́шнікамі".
16 Яны нарака́юць і ска́рдзяцца, жывучы́ паво́дле сваіх пажа́днасцей; вусны іх прамаўля́юць пыхлíвае; яны ліслíвяць дзе́ля кары́сці.
17 Але вы, узлю́бленыя, па́мятайце прадка́занае Апосталамі Госпада нашага Іісуса Хрыста:
18 яны каза́лі вам, што ў апошні час з'я́вяцца глумлíўцы, якія бу́дуць жыць паво́дле сваіх бязбо́жных пажа́днасцей.
19 Гэта тыя, што аддзяля́юць саміх сябе ад адзíнства веры, яны душэ́ўныя, а ду́ха не ма́юць.
20 Вы ж, узлю́бленыя, грунту́ючыся на найсвяце́йшай ве́ры вашай, у Ду́ху Святы́м мо́лячыся,
21 захо́ўвайце сябе ў любо́ві Божай, чака́ючы мíласці ад Госпада нашага Іісуса Хрыста́, для жыцця́ ве́чнага.
22 І да адных будзьце мíласцівымі з разва́жлівасцю;
23 а іншых стра́хам рату́йце, выхо́пліваючы іх з агню́; да іншых жа будзьце мíласцівымі са стра́хам, пагарджа́ючы на́ват во́праткай, якая апага́нена пло́ццю.
24 А Таму, Хто можа захава́ць вас ад падзе́ння і паста́віць перад сла́ваю Сваёю беззага́ннымі ў ра́дасці,
25 адзíнаму праму́драму Богу, Спасíцелю нашаму праз Іісуса Хрыста́, Госпада нашага, слава, ве́ліч, сіла і ўла́да перад усімі вяка́мі, і цяпер, і на ўсе вякí. Амíнь.

Саборнае Пасланне святога Апостала Іуды, 1 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.