Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Апакаліпсіс, або Адкравенне | 1 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 Адкраве́нне Іісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказа́ць раба́м Сваім тое, што павíнна адбы́цца неўзаба́ве. І Ён явíў гэта, пасла́ўшы праз А́нгела Свайго рабу́ Свайму Іаа́ну,
2 які засве́дчыў сло́ва Божае, і све́дчанне Іісуса Хрыста, і ўсё, што ён бачыў.
3 Блажэ́нны той, хто чыта́е, і тыя, што слу́хаюць сло́вы праро́цтва гэтага і выко́нваюць напíсанае ў ім; бо час блíзкі.
4 Іаа́н — сямí Цэ́рквам, што ў Асíі: благада́ць вам і мір ад Таго, Які ёсць, і быў, і ма́е прыйсцí, і ад сямí духаў, што пе́рад прасто́лам Яго,
5 і ад Іісуса Хрыста; Ён — све́дка ве́рны, пе́ршынец з мёртвых і ўлада́р царо́ў зямны́х; Яму, Які ўзлюбíў нас, і амы́ў нас ад грахо́ў нашых крывёю Сваёю,
6 і зрабíў нас цара́мі і свяшчэ́ннікамі Богу і Айцу Свайму, сла́ва і ўла́да на ве́кі вякоў. Амíнь.
7 Вось, Ён прыхо́дзіць з абло́камі; і ўба́чыць яго кожнае во́ка і тыя, што праця́лі Яго; і запла́чуць перад Ім усе плямёны зямны́я. Так, амíнь.
8 Я — А́льфа і Аме́га, пача́так і кане́ц, ка́жа Гасподзь, Які ёсць, і быў, і ма́е прыйсцí, Уседзяржы́цель.
9 Я, Іаа́н, брат ваш і супо́льнік у го́ры, і ў ца́рстве, і ў цярплíвасці Іісуса Хрыста, быў на во́страве, які называ́ецца Па́тмас, за сло́ва Божае і за све́дчанне Іісуса Хрыста.
10 Я быў у Ду́ху ў дзень Гасподні і пачу́ў за сваёю спíнаю го́лас мо́цны, як гук трубы́, які каза́ў: Я — А́льфа і Аме́га, пе́ршы і апо́шні;
11 тое, што ба́чыш, запішы́ ў кнíгу і пашлí Цэ́рквам, якія ў Асíі: у Эфе́с, і ў Смíрну, і ў Перга́м, і ў Фіяты́ру, і ў Сарды́с, і ў Філадэ́льфію, і ў Лаадыкíю.
12 Я абярну́ўся, каб паглядзе́ць, чый голас прамаўля́ў да мяне; і, абярну́ўшыся, уба́чыў сем залаты́х свяцíльнікаў
13 і пасяро́д сямí свяцíльнікаў падо́бнага да Сы́на Чалаве́чага, апра́нутага ў пады́р і на грудзя́х апераза́нага залаты́м по́ясам:
14 галава́ Яго і валасы́ — бе́лыя, як бе́лая во́ўна, як снег; і во́чы Яго — як по́лымя во́гненнае;
15 і но́гі Яго падо́бны да ліва́нскай ме́дзі, распа́ленай у пе́чы; і го́лас Яго — як шум вод вялíкіх.
16 Ён трыма́ў у пра́вай руцэ́ Сваёй сем зо́рак, і з ву́снаў Яго выхо́дзіў двухбаковаво́стры меч; і аблíчча Яго — як со́нца, што ззя́е ў сіле сваёй.
17 І калі я ўба́чыў Яго, то ўпаў да ног Яго, як мёртвы. І Ён пакла́ў на мяне пра́вую руку́ Сваю і сказа́ў мне: не бо́йся; Я — пе́ршы і апо́шні
18 і жывы́; і быў мёртвым, і вось, жывы́ на ве́кі вякоў, амíнь; і ма́ю ключы́ ад пе́кла і сме́рці.
19 Дык вось, напішы́, што́ ты ба́чыў, і што́ ёсць, і што́ будзе пасля́ гэтага.
20 Та́йна сямí зо́рак, якія ты ба́чыў у пра́вай руцэ́ Маёй, і сямí залаты́х свяцíльнікаў вось у чым: сем зо́рак — гэта А́нгелы сямí Цэ́ркваў; а сем свяцíльнікаў, якія ты ба́чыў, — гэта сем Цэ́ркваў.

Апакаліпсіс, або Адкравенне святога Апостала Іаана Багаслова, 1 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.