1 Павал, і Сілуан, і Цімафей — царкве Тэсалонцаў у Богу Айцу і Госпадзе Ісусе Хрысьце: ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
2 Дзякуем Богу заўсёды за ўсіх вас, успамінаючы вас у малітвах нашых,
3 несупынна памятаючы пра вашыя ўчынкі веры, і працу любові, і непахіснасьць надзеі на Госпада нашага Ісуса Хрыста перад Богам і Айцом нашым,
4 ведаючы, умілаваныя Богам браты, выбраньне вашае.
5 Бо нашае Эва́нгельле не было ў вас у слове толькі, але і ў сіле, і ў Сьвятым Духу, і ў шматлікіх пацьверджаньнях, як вы самі ведаеце, якімі былі мы дзеля вас між вамі.
6 І вы сталіся пераймальнікамі нашымі і Госпада, прыняўшы слова ў вялікім прыгнёце з радасьцю Духа Сьвятога,
7 так што сталіся вы прыкладам для ўсіх, што вераць, у Македоніі і Ахаі.
8 Бо ад вас разыйшлося слова Госпадава ня толькі ў Македоніі і Ахаі, але і ва ўсякае месца дайшла вера вашая ў Бога, так што ў нас няма патрэбы штосьці гаварыць.
9 Бо яны самі расказваюць пра нас, які ўваход маем мы да вас, і як вы зьвярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служы́ць Богу жывому і праўдзіваму
10 і чакаць з неба Сына Ягонага, Якога Ён узьняў з мёртвых, Ісуса, Які выбаўляе нас ад гневу, што надыходзіць.
Першае пасланьне да Тэсалонцаў Апостала Паўла, 1 глава