Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 27 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І загадаў Майсей разам са старшынямі Ізраіля ўсяму народу, кажучы: «Захавайце ўсякі загад, які я вам сёньня абвяшчаю.
2 Калі пяройдзеш Ярдан і ўвойдзеш у зямлю, якую дасьць табе ГОСПАД, Бог твой, пастаў вялізарныя камяні і абмаж іх вапнай,
3 каб мог напісаць на іх усе словы закону гэтага, калі пяройдзеш Ярдан, каб увайсьці ў зямлю, якую дасьць табе ГОСПАД, Бог твой, у зямлю, якая ацякае ў малако і мёд, як сказаў табе ГОСПАД, Бог бацькоў тваіх.
4 Калі пяройдзеце Ярдан, пастаўце гэтыя камяні, як я вам сёньня загадваю, на гары Эваль і абмажце іх вапнай.
5 І пабудуй там ахвярнiк ГОСПАДУ, Богу твайму, з камянёў, якіх не кранула жалеза,
6 з камянёў нячэсаных, і складзі на ім ахвяру цэласпаленьня ГОСПАДУ, Богу твайму.
7 І складзі ахвяру мірную, і еш там, і цешся перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго;
8 i напішы на камянях усе словы Закону гэтага выразна і ясна».
9 І прамовілі Майсей і сьвятары лявіты да ўсяго Ізраіля, кажучы: «Маўчы, Ізраіль, і слухай. У дзень сёньняшні стаўся ты народам ГОСПАДА, Бога твайго.
10 Будзеш слухаць голас Ягоны і выконваць загады і прыказаньні Ягоныя, якія я загадваю табе».
11 У той дзень загадаў Майсей народу, кажучы:
12 «Калі пяройдзеце Ярдан, стануць на гары Гарызім, каб дабраслаўляць народ, вось гэтыя: Сымон, Левій, Юда, Ісахар, Язэп і Бэн’ямін.
13 А на гары Эваль для праклінаньня будуць стаяць вось гэтыя: Рубэн, Гад, Асэр, Завулён, Дан і Нэфталі.
14 І пачнуць лявіты, і загамоняць гучным голасам да ўсяго Ізраіля:
15 “Пракляты чалавек, які зробіць статую або літога ідала, брыдоту перад ГОСПАДАМ, твор рук рамесьніка, і паставіць яго ў месцы схаваным!” І ўвесь народ адкажа: “Амэн”.
16 “Пракляты той, хто пагарджае бацькам сваім і маці сваёй”. І ўвесь народ адкажа: “Амэн”.
17 “Пракляты той, хто перасоўвае мяжу бліжняга свайго”. І ўвесь народ адкажа: “Амэн”.
18 “Пракляты той, хто падманвае сьляпога ў дарозе”. І ўвесь народ адкажа: “Амэн”.
19 “Пракляты той, хто крыўдзіць чужынца, сірату і ўдаву”. І ўвесь народ адкажа: “Амэн”.
20 “Пракляты той, хто лажыцца з жонкай бацькі свайго, бо ён адкрывае крысо плашча ягонага”. І ўвесь народ адкажа: “Амэн”.
21 “Пракляты той, хто лажыцца з усялякай жывёлаю”. І ўвесь народ адкажа: “Амэн”.
22 “Пракляты той, хто лажыцца з сястрой сваёй, з дочкай бацькі свайго або маці сваёй”. І ўвесь народ адкажа: “Амэн”.
23 “Пракляты той, хто лажыцца з цешчай сваёй”. І ўвесь народ адкажа: ”Амэн.”
24 “Пракляты той, хто тайна забівае бліжняга свайго”. І ўвесь народ адкажа: “Амэн.”
25 “Пракляты той, хто бярэ хабар, каб праліць кроў нявінную”. І ўвесь народ адкажа: “Амэн”
26 “Пракляты той, хто не трымаецца словаў Закону гэтага, і не спаўняе іх на дзеле”. І ўвесь народ адкажа: “Амэн.”

Кніга Другазаконьне, 27 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.