Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 26 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Калі ўвойдзеш у зямлю, якую дасьць табе ГОСПАД, Бог твой, на ўласнасьць, і завалодаеш ёю, і абжывешся ў ёй,
2 возьмеш пяршыны з усіх пладоў зямлі, якія зьбярэш з зямлі тваёй, якую дасьць табе ГОСПАД, Бог твой, уложыш іх у кошык і пойдзеш на тое месца, якое ГОСПАД, Бог твой, выбярэ, каб было там імя Ягонае.
3 І прыйдзеш да сьвятара, які будзе ў тыя дні, і скажаш яму: “Абвяшчаю сёньня перад ГОСПАДАМ, Богам тваім, што я ўвайшоў у тую зямлю, якую ГОСПАД запрысяг бацькам нашым, што дасьць Ён яе нам”.
4 І вось возьме сьвятар кошык з рукі тваёй і паставіць на ахвярнiк ГОСПАДА, Бога твайго,
5 а ты скажаш тады ў прысутнасьці ГОСПАДА, Бога твайго: “Бацька мой, вандроўны Арамеец, прыйшоў аж ў Эгіпет, і завандраваў туды малой грамадкай, і разросься ў вялікі народ, дужы і шматлікі.
6 І прыгняталі нас Эгіпцяне, і перасьледавалі нас, накладаючы найцяжэйшыя работы.
7 І мы клікалі да ГОСПАДА, Бога бацькоў нашых. І Ён выслухаў нас, і глянуў на ўпакарэньне нашае, і работу, і зьдзек.
8 І вывеў Ён нас рукою магутнаю і плячом узьнятым сярод вялікага страху, знакаў і цудаў.
9 І прывёў нас у гэтае месца, і даў нам зямлю, якая ацякае ў малако і мёд.
10 Вось таму прынёс я пяршыны пладоў зямлі, якую даў мне ГОСПАД”. І паложыш іх перад аблічча ГОСПАДА, Бога твайго, і паклонішся ГОСПАДУ, Богу твайму.
11 І будзеш цешыцца ў-ва ўсіх даброцьцях, якія даў ГОСПАД, Бог твой, табе і дому твайму, ты, і лявіт, і чужынец, які жыве ў цябе.
12 Калі ў трэйцім годзе, годзе дзесяціны, аддзеліш ўсе дзесяціны з усіх пладоў тваіх і аддасі іх лявіту, чужынцу, сіраце і ўдаве, каб елі і насычаліся ўдосталь у брамах тваіх,
13 тады скажаш перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго: “Узяў я з дому свайго тое, што было пасьвячона, і даў лявіту, чужынцу, сіраце і ўдаве, як Ты загадаў мне; я не парушыў загадаў Тваіх і не забыўся на волю Тваю.
14 Не спажываў я іх у дзень жалобы маёй, ня ўзяў нічога з іх, калі быў нячысты, не даваў з іх нічога памёршаму, я слухаў голас ГОСПАДА, Бога майго, і зрабіў усё, што Ты загадаў мне.
15 Дык глянь са сьвятой сядзібы Тваёй, з нябёсаў, і дабраславі народ Твой, Ізраіля, і зямлю, якую Ты даў нам, як запрысяг бацькам нашым, зямлю, якая ацякае ў малако і мёд”.
16 Сёньня загадвае табе ГОСПАД, Бог твой, каб ты спаўняў прыказаньні гэтыя, а таксама закон, і пільнаваўся гэтага ўсім сэрцам тваім ды ўсёю душою тваёй.
17 Выбраў ты сёньня ГОСПАДА, каб быў Ён табе Богам, і каб ты хадзіў шляхамі Ягонымі і трымаўся пастановаў Ягоных, прыказаньняў і закону ды быў паслухмяным волі Ягонай.
18 І ГОСПАД выбраў цябе сёньня, каб ты быў Яму народам выбраным, як Ён казаў табе, і каб ты спаўняў усе прыказаньні Ягоныя.
19 І тады Ён ўзвысіць цябе ў пашане і славе над другімі народамі, якія Ён паклікаў да жыцьця, каб ты быў для ГОСПАДА, Бога твайго, народам сьвятым, як Ён казаў табе».

Кніга Другазаконьне, 26 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.