Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 25 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Калі ўзьнікне звадка паміж людзьмі, то няхай прывядуць іх у суд і судзяць іх, і за справядлівага прызнаюць нявіннага, а вінаватага пакараюць.
2 Калі вось судзьдзя таго, хто дапусьціўся праступку, прызнае вартым пакараньня, дык паложаць таго на зямлі і ў яго прысутнасьці будуць біць, гледзячы на вялікасьць праступку.
3 Але не атрымае ён больш як сорак удараў, каб праз павелічэньне ўдараў над гэтую лічбу біцьцё не было над меру, і ня быў спаганены брат твой у вачах тваіх.
4 Не завязвай пысы валу, што малоціць.
5 Калі браты будуць жыць сумесна і адзін з іх памрэ, і ня будзе мець сына, то ня выйдзе жонка памёршага замуж за каго іншага па-за сям’ёй, але швагер ейны павінен узяць яе за жонку сабе і аднавіць патомства брата свайго.
6 І найстарэйшаму сыну, якога народзіць яна, дадуць імя памёршага брата, каб не загінула імя ягонае ў Ізраілі.
7 Калі б той мужчына не хацеў узяць братавай сваёй за жонку, пойдзе братавая ў браму гораду да старшыняў і скажа: “Швагер мой адмаўляецца аднавіць імя брата свайго ў Ізраілі, ня хоча жаніцца са мною”.
8 Старшыні гораду гэтага паклічуць яго і запытаюцца ў яго. Калі адкажа: “Не хачу яе браць за жонку”,
9 тады братавая падыйдзе да яго і на вачах старшыняў здыме яму сандал з нагі, плюне яму ў твар і скажа: “Так робяць з чалавекам, які ня хоча адбудаваць дом брата свайго”.
10 І будзе названа імя ягонае ў Ізраілі: “Дом разутага”.
11 Калі будуць біцца паміж сабою мужчыны, адзін супраць другога, а жонка аднаго з іх, хочучы вырваць мужа з рук таго, хто б’е, выцягне руку і схопіць яго за сорам ягоны,
12 адрэжаш ёй рукі, ня будзеш мець літасьці над ёй.
13 Ня мей ў мяшку тваім двух гатункаў вагаў, большых і меншых.
14 Ня будзе ў доме тваім эфы большай і меншай.
15 Вага ў цябе павінна быць справядлівая і праўдзівая; і эфа няхай будзе ў цябе справядлівая і праўдзівая, каб доўга ты жыў на зямлі, якую дасьць табе ГОСПАД, Бог твой.
16 Бо брыдзіцца ГОСПАД, Бог твой, кожным, хто так робіць, кожным, хто чыніць несправядліва.
17 Памятай, што зрабіў табе ў дарозе Амалек, калі выйшаў ты з Эгіпту.
18 Заступіў ён табе дарогу і напаў на ўсіх змучаных голадам, на ўсе апошнія шэрагі твае, калі ты быў змораны і зьняможаны, і ён не баяўся Бога.
19 Дык калі ГОСПАД, Бог твой, дасьць табе супакой ад усіх ворагаў тваіх, якія вакол цябе, у зямлі, якую дасьць табе, ты сатрэш імя Амалека пад небам. Глядзі, не забудзься.

Кніга Другазаконьне, 25 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.