Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 21 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Калі ў зямлі, якую дасьць табе ГОСПАД, Бог твой, будзе знойдзены труп чалавека забітага, і невядомы будзе забойца,
2 то няхай выйдуць старэйшыя родам і судзьдзі твае, і адмераюць далёкасьць трупа ад гарадоў, якія навакол.
3 І старшыні гораду, які будзе найбліжэй забітага, возьмуць цялушку, якая яшчэ не працавала і не насіла ярма,
4 і цялушку гэту прывядуць старшыні да рэчкі, якая не высыхае, і на месца неаранае і неабсеянае, і зломяць ёй карак каля рэчкі.
5 І прыйдуць сьвятары, сыны Левія, якіх выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб служылі Яму і дабраслаўлялі ў імя Ягонае, і паводле слова іхняга павінна вырашацца ўсякая спрэчная справа і справа скалячэньня.
6 Усе старшыні гораду, які найбліжэй забітага, будуць мыць рукі свае над цялушкай, карак якой зламалі каля рэчкі,
7 і скажуць яны: “Нашыя рукі ня вылілі гэтае крыві і вочы нашыя ня бачылі нічога.
8 Міласьцівы будзь да народу Твайго, Ізраіля, які адкупіў Ты, ГОСПАДЗЕ, і не палічы гэтае крыві нявіннай народу Твайму, Ізраілю”. І адпушчана будзе ім гэтая кроў.
9 Такім чынам змыеш нявінную кроў спаміж сябе i зробіш тое, што ёсьць справядлівым у вачах ГОСПАДА.
10 Калі выступіш на вайну супраць ворагаў тваіх, і аддасьць іх ГОСПАД, Бог твой, у рукі твае, і возьмеш палонных,
11 і ўбачыш між палоннымі жанчыну прыгожую, і закахаешся ў яе, і захочаш ажаніцца з ёю,
12 то ўвядзеш яе ў дом свой, яна абстрыжэ галаву і абрэжа пазногці свае,
13 і скіне з сябе адзеньне паланянкі, і седзячы ў доме тваім будзе аплакваць бацьку свайго і маці сваю адзін месяц. Потым увойдзеш да яе, і будзеш яе мужам, а яна будзе жонкай тваёй.
14 Калі яна табе перастане падабацца, адпусьціш яе, куды захоча, не прадасі яе за срэбра і ня ўчыніш з ёй як з нявольніцай, бо ты ўвайшоў да яе.
15 Калі які муж будзе мець дзьве жонкі, адну любімую, а другую нелюбімую, і яны народзяць яму сыноў, любімая і нелюбімая, і першародны будзе сын нелюбімай,
16 то калі хацеў бы падзяліць спадчыну паміж сыноў сваіх, ня можа сына любімай зрабіць першародным, вывышаючы яго над сына нелюбімай,
17 але сына нелюбімай прызнае першародным і дасьць яму з усяго, што мае, падвойную частку, бо ён ёсьць пачатак сілы ягонай, і яму належыцца права першародзтва.
18 Калі хто будзе мець сына непаслухмянага і ўпорыстага, які ня слухаў бы волі бацькі сайго і маці сваёй, і хоць караны быў, але працівіўся ім,
19 няхай возьмуць яго і прывядуць да старшыняў гораду свайго і да брамы гораду,
20 і скажуць ім: “Сын наш гэты непаслухмяны і ўпорысты, ня хоча ён слухаць нашых напамінаў, пагарджае імі, аддаецца распусьце і п’янству”.
21 Тады мужчыны гораду ўкамянуюць яго да сьмерці, каб вынішчыць зло з асяродзьдзя вашага. І ўвесь Ізраіль, чуючы гэта, будзе баяцца.
22 Калі хто дапусьціцца злачынства, каранага сьмерцю, і будзе ён забіты і павешаны на дрэве,
23 дык труп ягоны ня будзе вісець на дрэве, але ў той самы дзень няхай будзе пахаваны, бо пракляты Богам кожны, хто вісіць на дрэве. Ніколі не пагань зямлю сваю, якую даў табе на ўласнасьць ГОСПАД, Бог твой.

Кніга Другазаконьне, 21 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.