Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 2 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І, павярнуўшы, накіраваліся мы праз пустыню ў бок Мора Чырвонага, як мне сказаў ГОСПАД, і шмат часу абыходзілі наўкола гару Сэір.
2 І ГОСПАД сказаў мне:
3 “Досыць вам хадзіць кругом гэтае гары, зьвярніце на поўнач.
4 Вось жа загадай народу і скажы: ‘Вы будзеце праходзіць праз пасяленьні братоў вашых, сыноў Эзава, што жывуць у Сэіры, яны баяцца вас, але і вы будзьце ўважлівыя,
5 не чапайце іх, бо Я ня дам вам зямлі іхняй ні на стапу нагі дзеля таго, што гару Сэір Я даў у валоданьне Эзаву.
6 Ежу купляйце ў іх за срэбра і ешце; таксама ваду купляйце ў іх за срэбра i піце.
7 Бо ГОСПАД, Бог твой, Які дабраславіў цябе ў кожнай справе рук тваіх, суправаджаў цябе, як ты сорак гадоў праходзіў гэтую пустыню вялікую. ГОСПАД, Бог твой, у гэтыя сорак гадоў быў з табой, і нічога табе не бракавала”.
8 І абмінулі мы братоў нашых, сыноў Эзава, якія жылі ў Сэіры, дарогай на Арабу, Элят і Эцыён-Гэбэр, і завярнулі, і пайшлі дарогай, якая вядзе ў пустыню Мааў.
9 І сказаў мне ГОСПАД: “Не варагуй супраць Мааву і не пачынай з імі вайны, Я ня дам нічога ў валоданьне табе з іх зямлі, бо Я аддаў Ар у валоданьне сынам Лёта”.
10 Першымі пасяленцамі яе былі Эмімы, народ вялікі, шматлікі і такі ж высокі, як сыны Анака.
11 Залічалі іх да Рэфаімаў, як і сыноў Анака. Але Мааўляне называюць іх Эмімамі.
12 У Сэіры жылі раней Харэі, але сыны Эзава выгналі іх і выгубілі, каб пасяліцца на іх месцы, як зрабіў Ізраіль у зямлі, якую даў яму ГОСПАД у валоданьне.
13 “Дык уставайце і перайдзіце праз рэчку Зарэд”. І перайшлі мы рэчку Зарэд.
14 Час жа, які мы ішлі з Кэдэш-Барнэа да рэчкі Зарэд, трываў трыццаць восем гадоў, аж пакуль ня згінула ў табары ўсё тое пакаленьне людзей, здатных да бою, як ім гэта запрысяг ГОСПАД.
15 Таксама рука ГОСПАДА была супраць іх, каб зьнішчыць іх.
16 Калі згінулі ўсе, здатныя да бою, і перавяліся ў табары,
17 сказаў мне ГОСПАД:
18 “Ты сёньня пяройдзеш Ар, мяжу Мааву,
19 і падойдзеш блізка да сыноў Амона. Высьцерагайся, не ваюй з імі і не пачынай бою, бо Я ня дам табе нічога з зямлі сыноў Амона, бо Я аддаў яе ў валоданьне сынам Лёта”.
20 І яна лічылася зямлёй Рэфаімаў, калісьці жылі ў ёй Рэфаімы, якіх сыны Амона завуць Замзумімамі.
21 Народ гэта вялікі, шматлікі і высокі ростам, як сыны Анака, але зьнішчыў іх ГОСПАД перад сынамi Амону, якія іх выгналі і пасяліліся на месцы іхнім.
22 Таксама зрабіў ГОСПАД сынам Эзава, што жывуць у Сэіры, вынішчаючы перад імі Харэяў, якіх яны выгналі, і самі жывуць у мясьцінах іхніх аж да гэтага часу.
23 У той спосаб і Авімаў, што жылі ў мясцовасьці аж да Газы, выгубілі Кафтарымы, якія прыйшлі з Кафтору, каб пасяліцца на месцы іхнім.
24 “Уставайце, вырушце ў дарогу, пераходзьце рэчку Арнон. Вось, Я аддаў у рукі твае Сыгона, валадара Хешбону, Амарэйца. Бяры на ўласнасьць зямлю ягоную, і пачынай вайну супраць яго.
25 Сёньня Я пачну распаўсюджваць страх і жах перад табою на народы пад усім небам, каб пачуўшы імя тваё, яны баяліся і дрыжэлі перад табою”.
26 І паслаў я паслоў з пустыні Кедэмот да Сыгона, валадара Хешбону, са словамі мірнымі:
27 “Дазволь мне прайсьці праз зямлю тваю. Я пайду гасьцінцам, проста, ня збочваючы ані направа, ані налева.
28 Жыўнасьць прадавай мне за плату, каб меў я што есьці. Таксама ваду прадавай мне за грошы, каб я меў што піць. Дазволь мне толькі прайсьці пехатою,
29 як дазволілі мне сыны Эзава, што жывуць у Сэіры, і Мааўляне, якiя жывуць у Ары, аж пакуль я дайду да Ярдану і перайду ў зямлю, якую мае даць нам ГОСПАД, Бог наш”.
30 Але валадар Хешбону Сыгон не захацеў дазволіць нам прайсьці праз зямлю ягоную, бо закамяніў яму дух ГОСПАД, Бог наш, і сэрца яго зрабіў упорыстым, каб быў ён аддадзены ў рукі твае, як гэта і сталася.
31 І ГОСПАД сказаў мне: “Вось, Я пачынаю аддаваць табе Сыгона і зямлю ягоную. Пачынай займаць яе!”
32 І выйшаў супраць нас Сыгон з усім народам сваім на вайну ў Ягац.
33 І выдаў яго нам ГОСПАД, Бог наш; і пабілі мы яго, і сыноў ягоных, і ўвесь народ ягоны.
34 У той час узялі мы ўсе гарады ягоныя і палажылі клятву на кожны горад, мужчынаў і жанчынаў і дзяцей, нікога з іх не астаўляючы ў жывых,
35 апроч жывёлы, якую пазабіралі сабе, і здабычы з гарадоў, занятых намі.
36 Ад Араэру, што на беразе рэчкі Арнон, і ад гораду ў даліне, аж да Гілеаду, не было для нас гораду недаступнага; усё аддаў нам ГОСПАД, Бог наш,
37 за выняткам зямлі сыноў Амона, да зямлі якога ты не набліжаўся, і мясцовасьцяў вакол рэчкі Ябок, гарадоў ў горах, і іншых месцаў, да якіх забараніў табе ісьці ГОСПАД, Бог наш.

Кніга Другазаконьне, 2 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.