Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 У першы ж дзень пасьля суботы Марыя Магдалена прыходзіць раніцаю, калі яшчэ было цёмна, да магілы і бачыць, што камень адвалены ад магілы.
2 Тады бяжыць і прыходзіць да Сымона Пятра і другога вучня, з якім сябраваў Ісус, і кажа ім: «Узялі Госпада з магілы, і ня ведаем, дзе палажылі Яго».
3 Тады выйшаў Пётар і другі вучань і прыйшлі да магілы.
4 Беглі ж абодва разам, і другі вучань бег хутчэй за Пятра, і прыйшоў першы да магілы,
5 і, нахіліўшыся, бачыць, што ляжыць прасьціна, але не ўвайшоў.
6 Тады прыходзіць Сымон Пётар, ідучы за ім, і ўваходзіць у магілу, і бачыць, што ляжыць прасьціна
7 і хустка, што была на галаве Ягонай, ня разам з прасьціною, але асобна скручаная ў адным месцы.
8 Тады ўвайшоў і другі вучань, які першы прыйшоў да магілы, і ўбачыў, і паверыў.
9 Бо яны яшчэ ня ведалі Пісаньня, што Ён мусіць уваскрэснуць з мёртвых.
10 Тады вучні ізноў адыйшлі да сябе.
11 А Марыя стаяла звонку каля магілы, плачучы. Калі ж яна плакала, нахілілася да магілы
12 і бачыць двух анёлаў у белым, што сядзелі адзін ля галавы і другі ля ног, дзе ляжала цела Ісуса.
13 І яны кажуць ёй: «Жанчына! Што ты плачаш?» Яна кажа: «Забралі Госпада майго, і ня ведаю, дзе палажылі Яго».
14 І, сказаўшы гэта, яна павярнулася назад, і бачыць, што стаіць Ісус, і яна ня ведала, што гэта Ісус.
15 Кажа ёй Ісус: «Жанчына! Што ты плачаш? Каго шукаеш?» Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: «Пане! Калі Ты вынес Яго, скажы мне, дзе Ты Яго палажыў, і я вазьму Яго».
16 Кажа ёй Ісус: «Марыя!» Яна, павярнуўшыся, кажа Яму: «Раббуні!», — што значыць Настаўнік.
17 Кажа ёй Ісус: «Не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ не ўзыйшоў да Айца Майго, а ідзі да братоў Маіх і скажы ім: “Узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і да Бога Майго і Бога вашага”».
18 Марыя Магдалена прыходзіць, абвяшчаючы вучням, што бачыла Госпада і што Ён гэта сказаў ёй.
19 А ўвечары таго першага дня пасьля суботы, калі дзьверы там, дзе зьбіраліся вучні Ягоныя, былі замкнёныя дзеля страху перад Юдэямі, прыйшоў Ісус, і стаў пасярэдзіне, і кажа ім: «Супакой вам!»
20 І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок Свой. Тады ўзрадаваліся вучні, убачыўшы Госпада.
21 Тады Ісус сказаў ім ізноў: «Супакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, і Я пасылаю вас».
22 І, сказаўшы гэта, дыхнуў і кажа ім: «Прыйміце Духа Сьвятога.
23 Каму адпусьціце грахі, таму будуць адпушчаны, на кім затрымаеце, на тым будуць затрыманыя».
24 А Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізьнюк, ня быў з імі, калі прыходзіў Ісус.
25 Іншыя вучні тады сказалі яму: «Мы бачылі Госпада». А ён сказаў ім: «Калі ня ўбачу на руках Ягоных ранаў ад цьвікоў і ня ўткну пальца майго ў раны ад цьвікоў, і не ўлажу рукі маёй у бок Ягоны, не паверу».
26 І праз восем дзён ізноў былі ў доме вучні Ягоныя, і Тамаш з імі. Прыходзіць Ісус пры замкнёных дзьвярах, і стаў пасярэдзіне, і сказаў: «Супакой вам!»
27 Потым кажа да Тамаша: «Дай сюды палец твой і паглядзі рукі Мае; дай руку тваю і ўткні ў бок Мой; і ня будзь няверным, але верным».
28 І адказаў Тамаш, і сказаў Яму: «Госпад мой і Бог мой!»
29 Кажа яму Ісус: «Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчасьлівыя тыя, якія ня бачылі і паверылі».
30 Тады шмат іншых знакаў учыні́ў Ісус перад вучнямі Сваімі, пра якія не напісана ў гэтай кнізе.
31 А гэта напісана, каб вы паверылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і каб, веручы, мелі жыцьцё ў імя Яго.

Эвангельле паводле Яна, 20 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.