Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Калі хто саграшыць тым, што чуў праклён і мог засьведчыць пра праступак, які бачыў або ведаў, i не зрабіў гэтага, і такім чынам правініўся,
2 або калі хто дакранецца чаго нячыстага, трупа зьвера нячыстага, або жывёлы, або паўзуна нячыстага, але ня будзе ведаць гэтага, што стаўся нячыстым, і гэтак правініўся,
3 або калі нехта дакранецца нейкай нячыстасьці чалавечай, якой-колечы рэчы нячыстай, дзеля якой мог занячысьціцца і спачатку не ўсьведамляў сабе гэтага, а потым даведаецца, што правініўся,
4 або калі хто прысягае, гаворачы легкадумна вуснамі на ліха або на дабро, так як бывае, што чалавек легкадумна прысягае, спачатку не ўсьведамляючы сабе гэтага, а пасьля спасьцерагае, што правініўся праз адну з гэтых рэчаў,
5 дык калі хто правініўся ў адной з гэтых рэчаў, няхай прызнаецца, што саграшыў,
6 і няхай прынясе ён ГОСПАДУ за грэх свой, якім саграшыў, у ахвяру перамольную авечку са статку або казу як ахвяру за грэх, і ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага.
7 Калі хто ня можа ахвяраваць авечку, няхай ахвяруе за грэх свой два турка або двух маладых галубоў ГОСПАДУ: аднаго ў ахвяру за грэх, а другога на цэласпаленьне.
8 Няхай прынясе іх да сьвятара, і ён першага ахвяруе за грэх і надломіць яму галаву пры карку, але яе не аддзеліць.
9 Пасьля пакропіць крывёй яго сьцяну ахвярнiку, а рэшту крыві вылье на падставу ахвярнiка. Гэта вось ахвяра за грэх.
10 Другога галуба няхай складзе ён ў ахвяру цэласпаленьня, як звычайна бывае; так ачысьціць яго сьвятар ад грэху яго, якім ён правініўся, і ён будзе яму адпушчаны.
11 Калі б хто ня мог ахвяраваць двух туркоў або двух маладых галубоў, няхай прынясе за тое, што саграшыў, дзясятую частку эфы пшанічнай мукі ў ахвяру за грэх; няхай не палівае яе алеем ды няхай не кладзе на яе кадзіла, бо гэта ахвяра за грэх.
12 І прынясе яе да сьвятара, а той возьме з гэтага поўную жменю (мукі) як памятную частку і спаліць на ахвярнiку ў ахвяру ГОСПАДУ. Гэта ахвяра за грэх.
13 Так ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, якім ён саграшыў супраць аднаго з тых прыказаньняў, і будзе яму адпушчана. Пазасталую частку возьме сьвятар як ахвяру хлебную».
14 І сказаў ГОСПАД Майсею:
15 «Калі хто спракудзіцца і саграшыць праз памылку, прысвойваючы сабе рэчы, пасьвячоныя ГОСПАДУ, няхай за віну сваю са свайго статку авечак прынясе ГОСПАДУ ягня без заганы па цане двух сыкляў срэбра паводле вагі сьвятыні як ахвяру за грэх.
16 Няхай тое, што прысвоіў, зьверне і дадасьць да таго пятую частку вартасьці, ды адасьць гэта сьвятару, а сьвятар ачысьціць яго ахвярай ягняці, і грэх будзе яму адпушчаны.
17 Калі хто саграшыць, дапускаючыся нечага супраць прыказаньняў ГОСПАДА праз няведаньне, і правініцца, дапускаючыся злачынства,
18 няхай прынясе да сьвятара ягня без заганы, узятае са статку, па сваёй ацэнцы, у ахвяру за грэх. Тады сьвятар ачысьціць яго ад праступку, якога несьвядома дапусьціўся, і будзе ён яму адпушчаны.
19 Гэта ахвяра за праступак, якім ён правініўся перад ГОСПАДАМ».

Кніга Лявіт, 5 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.