Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 І сказаў ГОСПАД Майсею на гары Сынай:
2 «Аб’яві сынам Ізраіля і скажы ім: Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую Я дам вам, тады і зямля таксама павінна сьвяткаваць суботу ГОСПАДА.
3 Шэсьць гадоў будзеш засяваць поле сваё і шэсьць гадоў будзеш абразаць вінаграднік свой i зьбіраць з іх плады,
4 але ў сёмы год няхай будзе супачынак для зямлі, субота для ГОСПАДА. Ня будзеш засяваць поля свайго і падразаць вінаградніка свайго.
5 Што само вырасьце на полі, ня будзеш жаць таго, і ня будзеш зьбіраць вінаграду неабрэзанага. Бо гэта будзе год адпачынку для зямлі.
6 Што само вырасьце на зямлі, будзе вам служыць за ежу, табе, слузе твайму, служанцы тваёй, парабку твайму і пасяленцу твайму, які жыве ў цябе,
7 і жывёле тваёй, і зьвярам, якія жывуць на зямлі тваёй, увесь ураджай будзе служыць вам за ежу.
8 Палічы таксама сабе сем гадоў суботніх, значыць, сем разоў па сем гадоў так, што час сямі гадоў суботніх будзе налічваць сорак дзевяць гадоў.
9 У дзясяты дзень сёмага месяца затрубіш у трубу, у дзень Ачышчэньня, затрубіш у трубу па ўсёй зямлі.
10 І будзеце сьвяткаваць пяцідзясяты год, і аб’явіце свабоду на зямлі ўсім жыхарам ейным. Гэта будзе для вас юбілей. Кожны з вас вернецца да сваёй уласнасьці, i кожны вернецца ў сваю сям’ю.
11 Увесь гэты пяцідзясяты год будзе для вас годам юбілейным; ня будзеце сеяць, ня будзеце жаць таго, што вырасьце, і ня будзеце зьбіраць неабрэзанага вінаграду,
12 бо гэта будзе для вас юбілей, гэта будзе для вас сьвяты час. Будзеце есьці тое, што вырасьце на полі.
13 У гэты год юбілейны кожны з вас вернецца да ўласнасьці сваёй.
14 Калі што будзеш прадаваць бліжняму або купляць ад яго, ня крыўдзіце адзін аднаго.
15 Паводле ліку гадоў пасьля юбілею ты павінен купляць у бліжняга свайго, i паводле ліку гадоў ураджаю ён павінен прадаваць табе.
16 Чым больш гадоў застаецца да юбілею, тым большую цану заплаціш; а чым менш гадоў застаецца, тым меншую цану заплаціш, бо колькасьць пладоў ён прадае табе.
17 Ня крыўдзіце адзін аднаго, але бойцеся Бога свайго, бо Я — ГОСПАД, Бог ваш!
18 Спаўняйце прыказаньні Мае і законы, захоўвайце і выконвайце іх, каб маглі жыць на зямлі без ніякага страху.
19 І будзе зямля даваць плод свой, і вы будзеце сытымі, і спакойна будзеце жыць на ёй.
20 А калі запытаеце: “Што мы будзем есьці ў сёмым годзе, калі ня будзем сеяць ані зьбіраць пладоў?”
21 Я спашлю на вас дабраславенства ў шостым годзе так, што хопіць вам ураджаю на тры гады.
22 У восьмым годзе будзеце сеяць і будзеце есьці з даўнейшых пладоў аж да дзявятага году, аж да новага ўраджаю будзеце есьці даўнія плады.
23 Зямлю не належыцца прадаваць назаўсёды, бо яна — Мая, а вы — прыхадні і пасяленцы ў Мяне.
24 Таму ўся зямля, якая у вашым валоданьні, будзе прадавацца вамі пад умовай выкупу.
25 Калі зьбяднее брат твой і прадасьць частку маёмасьці сваёй, дык няхай прыйдзе блізкі сваяк ягоны і выкупіць маёмасьць, прададзеную братам.
26 Калі ж хто ня мае адкупіцеля, але сам будзе мець належныя сродкі на выкуп,
27 дык падлічыць ён гады ад часу продажу і зьверне рэшту таму, каму прадаў зямлю, і вернецца да маёмасьці сваёй.
28 Калі аднак не здабудзе належных сродкаў на выкуп, то маёмасьць застанецца ў валоданьні таго, хто купіў, аж да юбілейнага году. А ў юбілейны год зямля пяройдзе ў валоданьне ранейшага ўладальніка.
29 Калі хто прадасьць дом жылы ў горадзе, акружаным мурам, той будзе мець права выкупу аж да канца году продажу; закон выкупу будзе трываць год.
30 Калі дом ня выкупяць на працягу году, дык у такім выпадку дом у горадзе застанецца назаўсёды ўласнасьцю таго, хто купіў, і нашчадкаў яго. Ня выйдзе з рук іхніх у юбілейны год.
31 Дамы ў вёсках, якія не абведзеныя мурам, будуць лічыцца на роўні з зямлёю; дык будуць яны падлягаць выкупу, а ў юбілейным годзе выйдуць з валоданьня таго, хто купіў.
32 Што да гарадоў лявітаў, дык яны заўсёды могуць выкупіць дамы свае.
33 Калі хто купіць ад лявітаў дом у горадзе, то маёмасьць гэта выйдзе з рук ягоных у годзе юбілейным, бо дамы лявітаў лічацца маёмасьцю іхняй сярод сыноў Ізраіля.
34 Таксама палёў вакол гарадоў іхніх нельга прадаваць, дзеля таго што гэта іх вечная маёмасьць.
35 Калі брат твой зьбяднее і аслабее рука ягоная, дык падтрымай яго, каб мог жыць з табою хаця б як прыбылец або пасяленец.
36 Не бяры ад яго адсоткаў ані ліхвы. Бойся Бога твайго, каб брат твой мог жыць у цябе.
37 Не давай яму грошы на адсоткі і не вымагай ад яго ліхвы за ежу.
38 Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб даць вам зямлю Ханаан ды каб быць вашым Богам!
39 Калі брат твой з убогасьці змушаны будзе прадацца табе, не прыціскай яго работаю нявольнічай,
40 але будзеш з ім абыходзіцца як з парабкам і пасяленцам. Будзе ён табе служыць толькі да году юбілейнага,
41 а тады разам з дзецьмі сваімі вернецца ад цябе да радні сваёй, у валаоданьне бацькоў сваіх.
42 Бо яны —нявольнікі Мае, Я іх вывеў з зямлі Эгіпецкай; не павінны яны быць прадаваныя як нявольнікі.
43 Ня будзеш уціскаць іх сурова, але будзеш баяцца Бога.
44 Калі б патрэбен быў табе нявольнік або нявольніца, купляй іх у народаў, якія навокал цябе.
45 Таксама купляйце дзяцей прыхадняў, якія пасяліліся ў вас, і з сем’яў іхніх, якія жывуць у вас, і якія нарадзіліся на вашай зямлі. Яны будуць вашай уласнасьцю,
46 і як спадчыну перадавайце іх сынам вашым, і мейце іх назаўсёды як нявольнікаў. Але братоў сваіх, сыноў Ізраіля, ня крыўдзіце.
47 Калі чужынец або пасяленец твой разбагацее, а брат твой зьбяднее і запрадасца чужынцу, што пасяліўся ў вас, або каму другому з сям’і ягонай,
48 дык пасьля продажу можа ён быць выкуплены. Няхай тады нехта з братоў ягоных выкупіць яго:
49 ці дзядзька, ці сын ягоны, ці сваяк, ці хто блізкі. А нават сам сябе можа выкупіць, калі будзе ў стане.
50 І ён павінен разьлічыцца з тым, хто купіў яго, пачынаючы з таго году, калі ён прадаў сябе, да году юбілейнага, і грошы, за якія ён прадаў сябе, належыцца аддаць яму па лічбе гадоў; як найміт ён павінен быць у яго.
51 Але калі да юбілейнага году застаецца шмат гадоў, то адпаведна да лічбы іх павялічыць ён цану выкупу.
52 А калі застаецца няшмат гадоў да юбілейнага году, палічыць іх і, адпаведна ліку тых гадоў, заплаціць выкуп свой.
53 Ён будзе ў яго як найміт, з году на год. Няхай не ўціскае яго строга ў сябе.
54 Калі ж такім чынам выкупіцца ня зможа, то ў годзе юбілейным будзе вызвалены разам з дзецьмі сваімі.
55 Бо сыны Ізраіля — гэта нявольнікі Мае, якіх Я вывеў з зямлі Эгіпецкай. Я — ГОСПАД, Бог ваш!

Кніга Лявіт, 25 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.