1 І сказаў ГОСПАД Майсею:
2 «Гавары сынам Ізраіля і кажы ім: Гэтыя вось дні сьвятыя ў ГОСПАДА, у якія вы будзеце склікаць сходы сьвятыя; гэтыя вось сьвяты Мае.
3 Шэсьць дзён будзеце працаваць, а сёмы дзень — субота супачынку, сход сьвяты, ня будзеце зусім працаваць, бо гэта субота ГОСПАДА ў-ва ўсіх месцах пражываньня вашага.
4 Вось сьвяты ГОСПАДА, сходы сьвятыя, якія павінны вы сьвяткаваць у свой час.
5 У першы месяц, у чатырнаццаты дзень месяца, вечарам выпадае Пасха ГОСПАДА.
6 А ў пятнаццаты дзень таго самага месяца выпадае ўрачыстасьць Праснакоў на хвалу ГОСПАДА. Сем дзён будзеце есьці толькі праснакі.
7 У першы дзень будзе ў вас сход сьвяты; ня будзеце выконваць ніякай працы ў той дзень,
8 але сем дзён будзеце складаць ГОСПАДУ ахвяры агнявыя. У сёмы ж дзень будзе сход сьвяты, ніякай работы ў той дзень ня будзеце рабіць».
9 І сказаў ГОСПАД Майсею:
10 «Гавары сынам Ізраіля і кажы ім: Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую Я дам вам, і будзеце жаць збожжа, то прынясіце сьвятару першы сноп жніва вашага.
11 Ён патрасе сноп перад ГОСПАДАМ, каб Ён быў вам спрыяльным; у другі дзень пасьля суботы прынясе ён яго.
12 Таксама ў той дзень, у якім прынесяцё сноп, складзіцё ў ахвяру цэласпаленьня ГОСПАДУ гадавога ягня без заганы,
13 і ахвяру хлебную з двух дзясятых эфы мукі, запраўленай алеем, як ахвяру агнявую на мілы пах ГОСПАДУ, а таксама ахвяру вадкую, чвэрць гіна віна.
14 Аж да гэтага дня ня будзеце есьці ані хлеба, ані сушанага зерня, ані сырога зерня, пакуль не складзеце ахвяру Богу вашаму. Гэта пастанова вечная ўсім пакаленьням вашым у-ва ўсіх месцах пражываньня вашага.
15 Адлічыце сабе ад другога дня пасьля суботы, ад дня, у які прынесяцё снапы для патрасаньня, сем поўных тыдняў,
16 аж да дня па сёмай субоце адлічыце пяцьдзесят дзён, і тады складзіце новую ахвяру ГОСПАДУ.
17 Прынясіце з месцаў пражываньня вашага па два хлябы для патрасаньня, кожны з двух дзясятых эфы мукі квашанай, якія сьпячыце як пяршыны ГОСПАДУ.
18 Апрача хлеба складзіцё ў ахвяру сем бараноў без заганы, аднагадовых, аднаго маладога бычка і два бараны. Яны будуць ахвяраю цэласпаленьня ГОСПАДУ разам з ахвяраю хлебнаю і з ахвяраю вадкай. Будзе гэта ахвяра агнявая на мілы пах ГОСПАДУ.
19 Ахвяруйце таксама аднаго казла як ахвяру за грэх і два баранчыкі аднагадовыя як ахвяру мірную.
20 Сьвятар патрасе іх перад ГОСПАДАМ разам з хлябамі пяршынаў і разам з двума баранчыкамі; будзе гэта сьвятыняй ГОСПАДА на ўжытак сьвятара.
21 У той самы дзень склічце сход, гэта будзе для вас сход сьвяты. Ніякай работы ня будзеце рабіць у той дзень. Гэта вечная пастанова на ўсякім месцы пражываньня вашага, на ўсе пакаленьні вашыя.
22 Калі будзеце жаць на зямлі вашай, ня будзеце дажынаць да мяжы поля i ня будзеце зьбіраць да рэшты каласоў. Пакіньце іх убогім і прыбыльцам. Я — ГОСПАД, Бог ваш».
23 І сказаў ГОСПАД Майсею:
24 «Скажы сынам Ізраіля: У першы дзень сёмага месяца будзеце адпачываць, і будзе ў вас сход сьвяты пры гуку трубаў.
25 Ня будзеце рабіць аніякай работы ў той дзень, але будзеце складаць ГОСПАДУ ахвяру агнявую».
26 І сказаў ГОСПАД Майсею:
27 «Вось жа ў дзясяты дзень гэтага самага сёмага месяца будзе дзень Ачышчэньня, і будзе ў вас сход сьвяты. У той дзень будзеце посьціць і будзеце складаць ГОСПАДУ ахвяры агнявыя.
28 Ня будзеце рабіць у той дзень ніякай работы, бо гэта дзень Ачышчэньня, дзеля ачышчэньня вашага перад ГОСПАДАМ, Богам вашым.
29 Усякая душа, якая ня будзе посьціць ў той дзень, будзе вынішчана спасярод народу свайго.
30 І кожнага, хто б працаваў у той дзень, Я вынішчу спаміж народу ягонага.
31 Дык нічога ня будзеце рабіць у той дзень. Гэта вечная пастанова на ўсе пакаленьні вашыя на ўсіх месцах пражываньня вашага.
32 Гэта ўрачысты адпачынак ваш. Вы будзеце посьціць з вечара дзявятага дня месяца; з вечара да вечара дзясятага дня месяца будзеце сьвяткаваць суботу вашую».
33 І сказаў ГОСПАД Майсею:
34 «Скажы сынам Ізраэля: У пятнаццаты дзень гэтага сёмага месяца прыпадае сьвята Намётаў, сем дзён ГОСПАДАВЫХ.
35 У першы дзень — сход сьвяты; у той дзень не рабіце ніякай работы.
36 Усе сем дзён складайце ахвяры ГОСПАДУ. У восьмы дзень будзе ў вас сход сьвяты, і складзеце ахвяру ГОСПАДУ. Гэта ўрачысты сход, не рабіце ніякай работы.
37 Гэтыя вось сьвяты ГОСПАДА, у якія вы будзеце склікаць сходы сьвятыя, у якіх будзеце складаць ахвяры ГОСПАДУ: цэласпаленьні, ахвяры хлебныя, ахвяры крывавыя і ахвяры вадкія — кожную ў свой дзень,
38 апрача суботаў ГОСПАДАВЫХ і апрача дароў вашых, ды апрача ўсяго, што будзеце ахвяроўваць па шлюбаваньні або дабравольна ГОСПАДУ.
39 Дык вось, у пятнаццаты дзень сёмага месяца, калі сабярыцё ўсе плады зямлі, будзеце сьвяткаваць урачыстасьць ГОСПАДА сем дзён; у першы дзень і ў восьмы будзе адпачынак.
40 У першы дзень возьмеце сабе найпрыгажэйшыя плады дрэваў, лісты пальмавыя i галіны дрэваў густых і вербаў рачных, і будзеце весяліцца перад ГОСПАДАМ, Богам вашым, сем дзён.
41 Будзеце сьвяткаваць гэтае сьвята штогод сем дзён. Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых. У сёмы месяц будзеце сьвяткаваць гэтае сьвята.
42 Сем дзён будзеце жыць у намётах. Кожны, хто з роду Ізраіля, будзе жыць у намёце,
43 каб памяталі нашчадкі вашыя, што загадаў Я сынам Ізраіля жыць у буданах, калі вывеў іх з зямлі Эгіпецкай. Я — ГОСПАД, Бог ваш!»
44 Гэта вось загадаў Майсей сынам Ізраіля пра ўрачыстасьці ГОСПАДАВЫ.
Кніга Лявіт, 23 глава