Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 І сказаў ГОСПАД Майсею:
2 «Кажы сынам Ізраіля: Хто спасярод Ізраіля або спасярод прыбыльцаў, якія пасяліліся ў Ізраілі, дасьць адно са сваіх дзяцей Малоху, будзе пакараны сьмерцю; землякі ягоныя ўкамянуюць яго.
3 І Я Сам зьвярну аблічча Маё супраць яго, і выкараню яго спаміж народу яго за тое, што ён даў патомства сваё Малоху, спаганіў сьвятыню Маю i зьняважыў сьвятое імя Маё.
4 Калі землякі ягоныя закрыюць вочы свае на такога чалавека, які аддаў адно з дзяцей сваіх Малоху, ды не заб’юць яго,
5 то Я Сам зьвярну аблічча Маё супраць такога чалавека і супраць сям’і ягонай, i выкараню яго спасярод народу яго, а таксама усіх тых, якія насьлядуюць яго, якія распусьнічаюць з Малохам.
6 Таксама супраць кожнага, хто зьвернецца да тых, што выклікаюць духі памерлых, або да варажбітоў, каб распусьнічаць з імі, Я зьвярну аблічча Маё, і выкараню яго спаміж народу яго.
7 Дык асьвяціцеся і будзьце сьвятыя, бо Я — ГОСПАД, Бог ваш!
8 Захоўвайце прыказаньні Мае і выпаўняйце іх. Я — ГОСПАД, Які асьвячае вас!
9 Хто праклінае бацьку свайго і маці сваю, будзе пакараны сьмерцю; хто праклінаў бацьку або маці, той сьцягнуў сьмерць на сябе.
10 Калі хто будзе чужаложыць з чужою жонкай, будзе пакараны сьмерцю і чужаложнік, і чужаложніца.
11 Хто ляжа з жонкаю бацькі свайго, той адкрывае голасьць бацькі свайго; будуць пакараны сьмерцю абое, яны самі гэтую сьмерць сьцягнуць на сябе.
12 Хто ляжа з нявесткай, будзе разам з ёю пакараны сьмерцю. Яны дапусьціліся брыдоты, і самі гэтую сьмерць сьцягнулі на сябе.
13 Хто ляжа з мужчынам так, як з жанчынай, дапускаецца брыдоты. Абодва будуць пакараныя сьмерцю; яны самі на сябе гэтую сьмерць сьцягнулі.
14 Калі хто бярэ за жонку жанчыну і яе маці, дапускаецца распусты; ён і яна будуць спалены ў агні, каб не было распусты сярод вас.
15 Хто ляжа з жывёлай, выліваючы насеньне, будзе пакараны сьмерцю. Жывёлу таксама трэба забіць.
16 Калі жанчына наблізіцца да якой жывёлы, каб з ёй легчы, заб’еш жанчыну і жывёлу. Абое будуць пакараныя сьмерцю; самі гэтую сьмерць на сябе сьцягнулі.
17 Калі хто возьме сваю сястру, дачку бацькі свайго або мац сваёй, і будзе аглядаць яе голасьць, а яна будзе аглядаць яго голасьць, гэта сорам; няхай будуць забітыя перад народам сваім; дзеля таго, што ён адкрыў голасьць сястры сваёй, грэху дапусьціўся ён.
18 Калі хто ляжа з жанчынай у час месячніцы і адкрые голасьць яе, то ён адкрывае крыніцу крыві яе, і яна таксама адкрывае крыніцу крыві сваёй; абодва вынішчаны будуць спасярод народу свайго.
19 Не адкрывай голасьці сястры маці тваёй або сястры бацькі твайго, бо гэта было б тое самае, што адкрыць уласнае цела. Грэх свой яны панясуць самі.
20 Хто ляжа з цёткай сваёй, той адкрывае голасьць дзядзькі свайго. Самі яны панясуць грэх свой, памруць бязьдзетныя.
21 Хто бярэ жонку брата свайго, гэта паскудства. Адкрыў ён голасьць брата свайго, будуць яны бязьдзетныя.
22 Захоўвайце ўсе пастановы Мае i ўсе законы Мае і выконвайце іх, каб ня выкінула вас зямля, у якую Я ўвяду вас, каб вы там жылі.
23 Не рабіце паводле звычаяў народу, які Я выганю перад вамі. Бо ўсяго гэтага дапускаліся яны, і таму сталіся для Мяне брыдкімі.
24 Вось жа сказаў Я вам: Вы возьмеце зямлю іхнюю, Я дам яе вам на ўласнасьць, зямлю, якая ацякае малаком і мёдам. Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які аддзяліў вас ад іншых народаў.
25 Дык адрозьнівайце жывёлу чыстую ад нячыстай і птушку чыстую ад нячыстай, каб не апаганілі вы душаў вашых жывёлай, і птушкамі, ды ўсім другім, што рухаецца па зямлі, і што Я вылучыў вам як нячыстае.
26 Будзьце перада Мною сьвятымі, бо сьвяты Я, ГОСПАД, Які аддзяліў вас ад другіх народаў, каб вы былі Маімі.
27 Мужчына або жанчына, калі будуць яны выклікаць духаў памерлых або варажыць, будуць пакараныя сьмерцю. Укамянуеце іх; яны самі заслужыліся на такую сьмерць».

Кніга Лявіт, 20 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.